У гэтыя дні літаральна кожны зварот у рэдакцыю нейкім чынам датычыцца прыгожых зімовых святаў. Яны ўсіх нас аб’ядноўваюць, робяць дабрэйшымі і прыгажэйшымі.
З Ільі ў рэдакцыю прыйшоў ліст, пад якім падпісалася некалькі мясцовых жыхароў, якія жывуць на вуліцах Краснаармейская, Лугавая, Маладзёжная, Савецкая. «Мы хочам праз газету павіншаваць з Новым годам і Калядамі нашага кіраўніка кацельні Леаніда Антонавіча Соніча, – гаворыцца ў лісце. – Гэта граматны чалавек, пра такіх кажуць, што ён на сваім месцы. Разам са сваёй брыгадай Леанід Антонавіч заўсёды прыходзіць на дапамогу, калі ўзнікаюць нейкія праблемы. Дзякуем за гэта і віншуем.».
А з Лукаўца нам патэлефанавала Вера Лявонцьеўна Мордас. Яна таксама з віншаваннямі. «Жыву адна, мне ўжо за восемдзесят, –расказала жанчына, – таму для мяне суседзі сталі нібыта раднёй. І словам добрым дапамогуць, і ў канкрэтнай справе не адмовяць. Гэта, у першую чаргу, чулыя жанчыны Алена Паўлаўна і Таццяна Антонаўна Пуцэйкі. А яшчэ мне хочацца падзякаваць нашаму фельчару Таццяне Лявонцьеўне Косцік. Усяго найлепшага гэтым спагадлівым людзям у новым 2010 годзе!».
Цёплы ліст з віншаваннямі прыйшоў у рэдакцыю ад старшыні Вілейскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Людмілы Святоха. «Каторы год запар Вілейскі цэнтр пазашкольнай работы праводзіць навагодні ранішнік для хлопчыкаў і дзяўчынак нашай арганізацыі, – напісана ў пісьме. – Вось і сёлета ў апошнюю нядзелю снежня ў цэнтры адбылося такое свята-казка. У зале, дзе стаяла прыгажуня-ёлка, было вельмі ўтульна. Гучала музыка, з нашымі дзецьмі вадзілі карагоды казачныя героі. Былі цікавыя гульні, загадкі, жарты. А паўнюткі мяшок Дзеда Мароза стварыў дзецям яшчэ лепшы настрой. Падарункі, якія яны атрымалі, былі сабраны з дапамогай Вілейскага райгаза (дырэктар А.М.Маркевіч), ДУ «ВТЦСАН» (Сляпцова Л.М), касцёла Узвышэння Святога Крыжа (ксёндз Аляксандр Барыла), магазіна «Мечта» Вілейскага РУПС (загадчыца Ляліхава А.А.), раённага аддзялення Дзіцячага фонду (Гіро М.М.), таварыства Чырвонага Крыжа (Сцепуценка А.Г.).
Вялікі дзякуй дырэктару цэнтра пазашкольнай работы Ж.Р.Скуратовіч, культарганізатару С.С.Рыжэвічу і ўсяму калектыву гэтай установы. Шчыры дзякуй за падарункі, за ўсмешкі на тварах нашых дзяцей». А закончыла Людміла Святоха цёплымі віншаваннямі ўсіх з Новым годам, Калядамі і пажаданнямі ўсяго самага лепшага ў жыцці.
Ірына БУДЗЬКО
Падары радасць бліжняму
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







