– Тэма адзінага дня інфармавання абавязвае гаварыць па-беларуску, – Віктар Русак, начальнік упраўлення па эканамічнай бяспецы Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, пачаў сваё выступленне перад работнікамі завода «Зеніт» менавіта на такой патрыятычнай ноце. І пра вядомых беларускіх песняроў Янку Купалу, Якуба Коласа, іх пераемніка Максіма Танка расказаў у кантэксце іх непераходзячай любові да свайго народа, прапаганды беларускасці, сцвярджэння лепшых вартасцей нацыянальнай самасвядомасці. А як начальнік упраўлення, Віктар Уладзіміравіч звярнуўся затым да праблемы, якой ён займаецца па роду свайго службовага абавязку. Яна – у сферы аховы эканамічных інтарэсаў краіны. Кампетэнтна, з веданнем глыбінных працэсаў з’яўлення і развіцця крызісных праяў, Віктар Русак прааналізаваў крытычныя моманты нашага жыцця і акрэсліў той пазітыў, які ў ім сёння ўжо выразна выяўлены.
– Складаным быў для нас мінулы год, – заўважыў Віктар Уладзіміравіч. – Здавалася, многае разбураецца. Пахіснулася стабільнасць валютнага рынку, нястрымна папаўзлі ўверх цэны. І ўжо знайшліся «добразычліўцы», якія прадказвалі краіне немінучы крах…
Крызіс, як вядома, пачынаўся не ў нас. У яго паласу трапіла па сутнасці ўся сусветная эканоміка. І мы былі сведкамі фарміравання ў нас ценевага рынку для легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам. Мы бачылі так званых інвестараў, якія хацелі ўцягнуць краіну ў махлярскія афёры. Імідж Беларусі рознымі шляхамі імкнуліся падарваць на замежных рынках, краіну абвінавачвалі ў парушэнні нормаў міжнароднага права. І ўсе гэтыя з’явы стваралі нам бачныя перашкоды ў пераадоленні крызісных з’яў. Сярод негатыўных тэндэнцый, якія панавалі летась у грамадстве і эканоміцы краіны, Віктар Русак назваў падзенне ў людзей даверу да банкаўскай сістэмы і нацыянальнай валюты, зніжэнне інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемстваў, прыпыненне дзейнасці некаторых суб’ектаў малога бізнесу з наступным вывадам сродкаў за межы краіны… Безумоўна, усяму гэтаму спадарожнічала зніжэнне ўзроўню рэальных даходаў насельніцтва. Але сёння мы маем ужо з’яву іншага парадку, паколькі свае бачныя вынікі даў прыняты ўрадам краіны комплекс антыкрызісных мер. Сабранасць, мэтанакіраваная палітыка шматвектарнага супрацоўніцтва дазволілі ад эканамічнага спаду спакваля перайсці да эканамічнага росту. Замарудзіўся працэс інфляцыі. Па выніках чатырох месяцаў мы маем станоўчае сальда знешняга гандлю. Ва ўтварэнні ўнутранага валавога прадукту 46,7 працэнта належыць вытворчасці. Вырас аб’ём прамых замежных інвестыцый. Хуткімі тэмпамі развіваюцца гандаль, дрэваапрацоўка, парк высокіх тэхналогій. Замаруджваюцца тэмпы росту імпарту, і гэта пазітыўна адбіваецца на стане фінансавай сістэмы. У краіне практычна патроіўся запас золатавалютных рэзерваў. Устойліва функцыяніруе банкаўскі сектар: актывы банкаў працягваюць расці.
– Гэта не фанфары, – падкрэсліў Віктар Русак. – Гэта сухая канстатацыя той дынамікі, якую мы маем сёлета.
Маючы намер наведаць завод, начальнік эканамічнага ўпраўлення КДБ загадзя азнаёміўся з паказчыкамі яго развіцця. І на сустрэчы выказаў задаволенасць і фінансавай, і гаспадарчай дзейнасцю прадпрыемства. Госць наведаў залу з выстаўленымі ў ёй таварнымі ўзорамі сённяшняй прадукцыі «Зеніта», праявіў цікавасць да яго новых інвестыцыйных праектаў, кааперацыі з гігантамі айчыннага машынабудавання. З сучаснымі тэндэнцыямі развіцця сённяшняга «Зеніта» Віктара Русака азнаёміў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Радчанка.
У сустрэчы ўдзельнічалі намеснікі старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга і Генадзь Касцевіч.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Начальнік эканамічнага ўпраўлення КДБ Віктар Русак наведаў «Зеніт»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ









