Паводле аператыўных даных, у Беларусі ў студзені-кастрычніку 2010 года зарэгістравана звыш 67,8 тыс. шлюбаў, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Колькасць новых сямейных саюзаў зменшылася ў параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2009 года на 2 працэнты. За дзесяць месяцаў 2010 года на 1000 жыхароў рэспублікі шлюбаў было 8,6 (за аналагічны перыяд 2009 года гэты паказчык быў 8,7).
Паводле даных Белстата, у краіне павялічваецца колькасць разводаў. У студзені-кастрычніку 2010 года скасавана больш як 29,1 тыс. шлюбаў — на 2,6 працэнта больш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Паказчык разводаў павысіўся з 3,6 на 1000 жыхароў рэспублікі ў студзені-кастрычніку 2009 года да 3,7 у студзені-кастрычніку 2010 года.
Пагоршыліся суадносіны зарэгістраваных і скасаваных шлюбаў: за дзесяць месяцаў 2010 года на 1000 шлюбаў прыпадала 429 разводаў, за аналагічны перыяд 2009 года было 410 разводаў.
БелТА







