Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хоць і выпраўлена, але не памылка.

Пра змены ў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі даводзіцца чуць нямала. Асабліва занепакоены вучні старэйшых класаў, якім прадстаіць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, іх бацькі. Як усё будзе? Ці паспее дзіця засвоіць усё новае ў мове і выдатна гэта прадэманстраваць? І гэтыя хваляванні зразумелыя. Але яны, як мне падаецца, у асноўным з-за таго, што мы з вамі, паважаныя чытачы, недастаткова валодаем інфармацыяй пра новае ў заканадаўстве. Таму дапамогай у гэтай справе стане інфармацыя галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Іны ЯСКЕВІЧ:

– З 1 верасня 2010 года ўступае ў сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 года. У сувязі з гэтым усе дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, у тым ліку агульнаадукацыйныя ўстановы, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца «Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», зацверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы.
Новая рэдакцыя «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» накіравана на карэкціроўку беларускага правапісу, памяншэнне колькасці выключэнняў, падпарадкаванне большасці напісанняў агульным правілам і заканамернасцям, прызвана садзейнічаць стабілізацыі правапісных нормаў беларускай літаратурнай мовы, забяспечыць пераемнасць традыцый пісьмовай беларускай мовы, што будзе спрыяць павышэнню прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы нашай краіны.
Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь А.М.Радзьковым 17 лістапада 2009 года зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Закону на 2010-2013 гады.
Педагогі дашкольных устаноў, настаўнікі-прадметнікі, нават калі яны не выкладаюць свой прадмет па-беларуску, павінны добра арыентавацца ў дадзеным пытанні, бо маюць справу з разнастайнымі крыніцамі інфармацыі, з’яўляюцца класнымі кіраўнікамі, праводзяць работу з законнымі прадстаўнікамі вучняў.
Змены, якія адбыліся ў правілах, закранаюць змест навучання ўжо ў пачатковай школе праз вывучэнне нормаў на ўроках беларускай мовы згодна з вучэбнай праграмай.
Засваенне змен у нормах пройдзе для вучняў другой і трэцяй ступеняў навучання на ўроках у працэсе вывучэння пэўных правіл, на факультатыўных занятках, з улікам рэкамендацый педагога-псіхолага. У пераходны перыяд, працягласць якога складае 3 гады (з 1 верасня 2010 года па 31 жніўня 2013 года), пры праверцы ўсіх відаў пісьмовых работ вучняў памылкі ў напісанні слоў, якія адпавядаюць правілам арфаграфіі 1959 года, настаўнікі будуць выпраўляць, аднак пры выстаўленні адзнакі ўлічваць не будуць.
На ўроках беларускай літаратуры пры чытанні і вывучэнні мастацкіх твораў асаблівая ўвага вучняў будзе звяртацца на напісанне слоў, у якіх адбыліся змены ў правапісе з улікам увядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».
У 2010/2011 навучальным годзе ва ўсіх класах, акрамя IX-га класа, навучанне беларускай мове будзе ажыццяўляцца па вучэбных дапаможніках, падрыхтаваных у адпаведнасці з новай рэдакцыяй «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Выкарыстоўваючы вучэбна-метадычныя дапаможнікі, слоўнікі і даведнікі, якія выйшлі да 2010 года, настаўнікі будуць ажыццяўляць адбор матэрыялу для арганізацыі навучальнага працэсу ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запэўнівае, што ў пераходны перыяд пры правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове з тэставых заданняў будуць выключаны тыя пазіцыі, якія датычацца змен у правапісе.
Школьнымі бібліятэкарамі вядзецца папаўненне інтэлектуальных і інфармацыйных цэнтраў устаноў адукацыі – бібліятэк – сучаснымі дапаможнікамі, даведнікамі, слоўнікамі. Подборкі публікацый для настаўнікаў, вучняў, іх законных прадстаўнікоў па пытаннях рэалізацыі палажэнняў Закона назапашваюцца ў школьных бібліятэках.
Матэрыялы, якія тлумачаць асобныя параграфы «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008 г.), друкаваліся і працягваюць друкавацца ў педагагічным друку.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries