Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

…А хворых пакінулі ў канюшні паміраць

Гэты матэрыял я напісала шаснаццаць гадоў таму. Ён быў змешчаны на старонках газеты, трапіў і ў кнігу «Памяць. Вілейскі раён». Столькі часу мінула, ужо, магчыма, няма ў жывых некаторых з тых, пра каго расказваецца ў матэрыяле. Але жыве памяць пра тыя страшныя гады.

Ліст, падпісаны старшынёй Эстонскага саюза малалетніх вязняў фашызму Ю.І.Нікіцінай, прыйшоў у Вілейку ў пачатку красавіка. Была ў ім такая просьба: выслаць запрашэнне жыхарам Эстоніі Т.Ц.Леўчанка (Івановай) і М.Ц.Іванову для таго, каб яны прыехалі ў Вілейку. Якім чынам гэтыя людзі звязаны з нашым горадам, што пакінулі тут?
Жыла на Смаленшчыне звычайная сям’я Івановых. Бацька памёр у канцы 1930-х гадоў. Маці адна падымала траіх дзяцей. У час вайны фашысты спалілі вёсачку, дзе жыла сям’я, а жыхароў вывезлі ў канцлагер, што размяшчаўся ў Слуцку.
«Лагер – вялікая будыніна з чырвонай цэглы, абнесеная калючым дротам у пяць радоў. Падыходзіць да агароджы забаранялася – адразу расстрэл. Ахоўвалі нас немцы і паліцаі. У лагеры былі ваеннапалонныя, а таксама жанчыны з дзецьмі, старыя. Многія паміралі з голаду і хвароб. Кармілі раз у дзень мучной баландой з капуснымі лісцямі і кавалачкам хлеба з апілкамі… Хворых забіралі з памяшкання, цягнучы за рукі ці ногі, кідалі паміраць на холад, трупы звальвалі ў равы каля лагера. Дзяцей адбіралі ад маці…» (З успамінаў М.Ц.Іванова.)
Жудасныя карціны лагернага існавання назаўсёды ўрэзаліся ў памяць тых, хто там пабываў. З чатырох чалавек сям’і Івановых жывымі засталіся дзеці Таня, Маша і Коля. Маці не вытрымала такога «жыцця». Ды і дзеці ўцалелі цудам…
1943 г. нас, дзяцей, немцы прывезлі на станцыю, пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў г. Вілейку. Мы ўжо паступова паміралі, ледзь рухаліся: скура, косці і вялізныя жываты. Мясцовыя жыхары нас падкармлівалі». (З успамінаў Т.Ц.Леўчанка (Івановай).
Фашысты прывезлі вязняў у Вілейку і рассартавалі іх, здаравейшых адправілі на машынах далей, а хворых пакінулі ў канюшню паміраць. I ўсё ж Івановы выжылі. Выжылі, дзякуючы мясцовым жыхарам. Таню і Машу, ледзь жывых, узяў да сябе гаспадар хутара Кульшыно. Дзяўчынкі паступова акрыялі, пачалі працаваць і прабылі тут аж да вызвалення Беларусі. Коля трапіў на хутар Мірончыкі, таксама працаваў у гаспадара, пасля быў у дзіцячым доме, уцёк адтуль, трапіў у Эстонію. Сёстры пасля вызвалення жылі ў саўгасе «Любань», а калі адшукалі брата, то пераехалі да яго ў Эстонію. Марыя памерла ад рака, Таццяна перажыла два інфаркты, Мікалай таксама хварэе. Гэта ўсё, упэўнены Івановы, напамінак вайны.
Хацелася, вельмі хацелася Таццяне Цімафееўне і Мікалаю Цімафеевічу прыехаць у Беларусь, яшчэ раз наведацца туды, дзе знайшла апошні прытулак іх мама Аляксандра Рыгораўна. Звярталіся яны ў Слуцк, адкуль, на жаль, канкрэтнага адказу не атрымалі. Не вельмі спадзеючыся на поспех, напісалі ў Вілейку. Супрацоўнікі Вілейскага гісторыка-краязнаўчага музея, усхваляваныя лёсам Івановых, узяліся за справу. «Не думалі, што маладыя людзі, не ведаўшыя вайны, будуць так дапамагаць, перажываць разам з намі» – гэтыя словы, думаецца, найвышэйшая пахвала работнікам музея.
Дзень Перамогі Таццяна Цімафееўна і Мікалай Цімафеевіч святкавалі ў Вілейцы. Яны пабывалі на вечары ўшанавання ветэранаў вайны, сустрэліся з былымі малалетнімі вязнямі Слуцкага лагера, якія зараз жывуць на Вілейшчыне з А.М.Радзюковай, М.М.Ягорынай і Т.М.Зубрыной. Вядома ж, гады змянілі іх твары, таму і пазнаць адзін аднаго было цяжка. Але засталіся агульныя ўспаміны аб тых страшных днях. I былі доўгія-доўгія гутаркі, слёзы…
(«Шлях перамогі», 1995 г. 14 чэрвеня)
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries