Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

30–31 кастрычніка ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў XVIII конкурс работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Вілейскі раён на конкурсе прадстаўлялі чатыры навучэнцы

Вілейскі раён на конкурсе прадстаўлялі чатыры навучэнцы. У міжпрадметнай секцыі “Экалогія. Энергазахаванне ў адукацыйнай прасторы” гонар раёна абараняў Клім Севярын, вучань 8 класа Вілейскай гімназіі № 1“Логас” (кіраўнік Я. Г. Мароз). У секцыі “Фізіка і астраномія” вучань 10 класа Даўгінаўскай сярэдняй школы Дзяніс Яскевіч пазнаёміў з вынікамі калектыўнага даследавання “Атрыманне стэрэаскапічных відарысаў” (кіраўнік У. Л. Малашэвіч). На секцыі “Беларуская мова і літаратура” выступіла Валерыя Кабак, вучаніца 8 класа Вілейскай гімназіі № 2, з тэмай “Тапонімы як сродак успрымання свету і адлюстравання ўмоў жыцця людзей (на прыкладзе вёскі Порса Вілейскага раёна)” (кіраўнік В. В. Кажура). У секцыі хіміі калектыўную работу прадставіла вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 3 г. Вілейкі Святлана Валчкова. Тэма работы – “Атрыманне няньютанаўскіх вадкасцей з даступных рэактываў школьнай лабараторыі” (кіраўнік В. М. Сапронава). Нашы школьнікі вельмі грунтоўна і ўсебакова асвятлілі тэмы даследавання, яскрава прадэманстравалі вынікі сваёй працы, змаглі даць поўныя адказы на пытанні журы. У выніку работа па фізіцы была адзначана дыпломам ІІ ступені, па беларускай літаратуры, па хіміі – ІІІ ступені.
Навінкай сёлета стала анлайн-трансляцыя працы секцый «Фізіка і астраномія», «Гісторыя» і «Руская мова і літаратура». Усе зацікаўленыя праз сетку інтэрнет маглі ў рэальным часе сачыць за выступамі ўдзельнікаў і за абмеркаваннем работ. Запісы анлайн-трансляцый, захаваныя на сайце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, дапамогуць юным удзельнікам канферэнцыі ўбачыць сябе збоку і прааналізаваць свае выступленні, зрабіць карысныя вывады на будучыню.
Яшчэ адной навінкай у гэтым годзе было адкрыццё дзвюх новых секцый для навучэнцаў 5-7 класаў – «Гуманітарныя веды» і «Прыродазнаўчыя дысцыпліны». Гэта дало магчымасць навучэнцам ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі таксама паўнавартасна ўключыцца ў даследчую дзейнасць.
Праграма конкурсу прадугледжвала не толькі актыўную, напружаную працу ўдзельнікаў, але і «навуковыя» забаўкі. Удзельнікам і кіраўнікам была прадстаўлена магчымасць наведаць пляцоўку музея папулярнай навукі «Элемента», а таксама азнаёміцца з выставай кніг, перыядычных і медыя-выданняў «Вучуся быць навукоўцам» у бібліятэцы інстытута. Кожны ўдзельнік атрымаў на памяць пра конкурс невялікія, але карысныя сувеніры. Юныя даследчыкі мелі магчымасць наведаць сеанс навукова-фантастычнага фільма “Назад у будучыню – 2”. Кінафільм выбраны невыпадкова, паколькі падзеі ў ім адбываюцца 21 кастрычніка 2015 года, а здымаўся фільм у 1989-м. Прагляд дазволіў параўнаць, што спраўдзілася ў навуковых прагнозах аўтараў фільма, а што – не.
Усе ўдзельнікі конкурсу даследчых работ засталіся задаволенымі, паколькі ён дазволіў атрымаць ацэнку і парады навукоўцаў, замацаваць навыкі публічных выступленняў, набыць новых сяброў, аднадумцаў і рухацца наперад у будучыню з новымі ідэямі і планамі.
Уладзімір МАЛАШЭВІЧ, настаўнік фізікі і матэматыкі Даўгінаўскай сярэдняй школы.
Фота прадастаўлена аўтарам

Visited 8 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 229 queries