Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

13 ліпеня ў раёне прайшоў Дзень дэпутата

13 ліпеня ў раёне прайшоў Дзень дэпутата, тэма якога датычыць літаральна кожнага чалавека – становішча могільнікаў у горадзе і ў вёсках. У кожнага з нас ёсць магілкі, дзе пахаваны дарагія нам людзі. У якім стане месцы спачыну блізкіх? На гэтае пытанне кожны павінен сумленна адказаць і зрабіць усё для таго, каб не было сорамна…
У гэты дзень прадстаўнічая дэлегацыя з горада (а ў яе складзе былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўнагадовых райвыканкама Любоў Міцкевіч, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычнымі асобамі райвыканкама Алена Шкаева і аўтар гэтых радкоў) узяла курс на Альковіцкі сельсавет. Акрамя асноўнай тэмы Дня дэпутата, кожны з вышэйназваных супрацоўнікаў меў тут свае пытанні, якія патрабуюць вырашэння.
Вось гэта вуліца, вось гэты дом…
Гэты дом у Мацькаўцах па вуліцы Лугавой Наталлі Радзевіч вядомы даўно. У свой час яго жыхары скардзіліся на тое, што моцна працякае дах дома і затаплівае кватэры.
– Мяне цікавіць, ці наведзены тут парадак цяпер, – аргументавала сваё рашэнне наведацца на вуліцу Лугавую Наталля Аляксандраўна.
Дах двухпавярховага дома ўбачылі яшчэ здалёк. Няўзброеным вокам відаць, што ніякага рамонту тут так і не было. Нярадасную карціну ўбачылі і падышоўшы да буданіны – нейкае запусценне, адчуванне, што у гэтых кватэрах ніхто не жыве… Хоць не, з пад’езда выбегла дзіцятка, затым выйшла маладая жанчына, а на дварэ тупаў пенсіянер – па ўсім відаць, мясцовы жыхар.
– Як цякло, так і цячэ, – махнуў мужчына рукой на наша пытанне пра дах. – Паглядзіце самі…
У доме два пад’езды, у першым жывуць толькі дзве сям’і.
– Я былая цялятніца мясцовай гаспадаркі, – падзялілася Валянціна Кібалка, гаспадыня адной з кватэр. – Цяпер ужо не працую, а муж – трактарыст. І сын таксама працаваў у гаспадарцы, цяпер вось у армію будзем праводзіць. Дык нават людзей сорамна сабраць у такі страшны дом…
Сваімі сіламі дзве гэтыя сям’і пастараліся навесці парадак у пад’ездзе: пазамазвалі дзіркі, пабялілі столь, збіраюцца фарбаваць сцены… А вось адрамантаваць дах ім, канешне ж, не пад сілу. Вось і цячэ вада каторы год у кватэры…
У другім пад’ездзе карціна яшчэ больш страшная: амаль усе кватэры ўжо без гаспадароў (і дзе яны знайшлі прытулак!), дзверы ў адну і ўвогуле расчынены. Тут, відаць па ўсім, заходзяць усе, каму пажадаецца. Раскіданыя рэчы, смецце, а ў адным пакоі ўжо, прабачце, прыбіральня…
Не ведаю, ці бывае ў гэтым доме, які знаходзіцца на балансе мясцовай гаспадаркі, хоць хто-небудзь з кіраўнікоў. І ці задумваліся яны калі над мэтазгоднасцю існаванне такога жылля. Думаецца, час наведацца сюды кампетэнтным і адказным людзям, ацаніць, што называецца, абстаноўку і прыняць правільнае рашэнне. Думаю, людзі, якія жывуць у гэтых «харомах», сваёй колішняй працай у гаспадарцы заслужылі ўвагі да сябе.
Вазьміся за розум, Лена!
Маладая жанчына з дзяўчынкай на руках упарта паўтарала:
– Не буду піць, закадзіруюся, можаце правяраць мяне кожны дзень…
Да Алены Жалняровіч намеснік старшыні камісіі па справах непаўнагадовых райвыканкама Любоў Міцкевіч разам са старшынёй Альковіцкага сельсавета Юрыем Сухім і мясцовым участковым Вадзімам Язінскім наведаліся з мэтай яшчэ раз паспрабаваць заклікаць яе да чалавечых, мацярынскіх пачуццяў. Жанчына п’янствуе, пакідае сваю маленькую дачку (шчасце, што ў гэтым жа доме жывуць бацькі гора-маці, якія і даглядаюць дзіця).У хаце ж маладзіцы – беспарадак, халадзільнік практычна пусты, а на стале – бутэлькі з-пад гарэлкі. Над уваходнымі дзвярыма ў кватэру звілі гняздо ластаўкі – ім тут спакойна, наўрад ці прайшлася тут калі гаспадыня з венікам… Не да таго ёй.
Са сваёй кватэры выйшла маці Алены. Відаць па ўсім, не зусім цвярозая.
– Учора ў мяне быў юбілей, – растлумачыла нам, – дык адзначалі… А ўнучку мы даглядаем, не хвалюйцеся…
Чарговыя ўшчуванні, просьбы, тэрміны на выпраўленне… І абяцанкі Алены, што яна абавязкова закадзіруецца. Так хочацца пачутае ўбачыць…
Не патрывожым памяць светлую
На тэрыторыі сельсавета размяшчаецца дзевяць могільнікаў, якія, як расказаў Юрый Сухі, добраўпарадкоўваюцца і падтрымліваюцца ў належным парадку.
– Не ўсё можна зрабіць адразу, – падзяліўся Юрый Іосіфавіч, – не на ўсё хапае сродкаў. Хоць і план па зборы падаткаў намі за першае паўгоддзе выкананы, і жыхары вёсак уносяць свой фінансавы ўклад у добраўпарадкаванне могільнікаў, і раённы Савет дэпутатаў дапамагае, сродкаў хапае не на ўсё.
Мы пабывалі на могільніках у вёсках Хадасы, Ракшыцы, Юнцавічы. Абнесеныя сеткай, акуратна абкошаныя, яны выглядаюць, трэба сказаць, дастойна і сур’ёзных заўваг тут не было. А вось на месцах спачынку ў Зацемені і Забалацці спраў яшчэ вельмі многа: тут і агароджы трэба ставіць, і фарбаваць іх, і абкошваць тэрыторыі, і дрэвы аварыйныя выразаць…
– У Забалацці на сельскім сходзе вяскоўцы прынялі рашэнне сабраць сродкі на афарбоўку агароджы, – расказаў Юрый Сухі. – Так што пераважная большасць людзей разумее важнасць гэтай справы і стараецца па магчымасці дапамагаць. Тут вельмі важныя неабыякавасць мясцовых дэпутатаў, вясковых старастаў, якія павінны праводзіць прафілактычную работу сярод насельніцтва. Ды і наша ўзаемаразуменне з мясцовай гаспадаркай філіялам «Юнік-агра» таксама трэба адзначыць – дапамагаем адно аднаму чым можам.
Куды дзенем смецце?
Пытанне, на якое можна адказаць па-рознаму. Адны людзі вырашаюць праблему па-старому: сабранае смецце выносяць недзе далей, да стыхійнай звалкі; другія паступаюць па-сучаснаму – у азначаны дзень, калі за смеццем прыязджае машына,выстаўляюць непатрэбшчыну на вуліцу, дзе сабранае забіраюць камунальнікі. Праўда, для таго, каб смецце вывозілася цэнтралізавана, чалавек павінен заключыць адпаведны дагавор.
У Альковіцкім сельсавеце далёка не ўсе згадзіліся на такую паслугу камунальнікаў. Чамусьці жыхары маленечкіх населеных пунктаў заключылі дагаворы практычна ўсе, а вось большых…
– Возьмем, да прыкладу, Забалацце, – зазірае ў свае спісы Юрый Сухі. – Больш за сотню двароў у населеным пункце, а толькі недзе трэцяя частка згадзілася на цэнтралізаваны вываз смецця. Здзіўляе, што ніяк не могуць людзі зразумець, што гэта выгадна, у першую чаргу, ім.
А можа, прычынай усяму аплата, якая складае крышку больш за тысячу рублёў у месяц на чалавека? Хоць у такое, прызнацца, верыцца з цяжкасцю.
Вось так і жыве гэты рэгіён Вілейшчыны. Як і ўсюды, многа тут станоўчага, дастойнага пахвалы; але ж хапае і таго, над чым працаваць і працаваць, шукаць выйсце з любой сітуацыі, а не апраўданне чыёйсьці бяздзейнасці. Мне падалося, што тут настроены на сур’ёзную работу, узяўшы ў спадарожнікі неабыякавасць.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара

Фото

Фото
Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 191 queries