Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Таямніцы княжацкага палаца

Мястэчка Ілья, што месціцца на аднайменнай рацэ за 37 км ад Вілейкі, мае цікавую гісторыю, адметныя гісторыка-культурныя каштоўнасці і выбітных землякоў. Яго гісторыя поўная цікавостак і загадак. Паспрабуем па архіўных дакументах ўзнавіць, як выглядала мястэчка Ілья ў перыяд 1650-х гадоў.

Рынкавая плошча ў Ільі. Фота 1914 г. radzima.org

Гісторыя Ільі шматлікія стагоддзі было напоўнена паўнавартасным жыццём – гэта быў цэнтр гандлю, вытворчасці і культуры. Назва мястэчку была дадзена ў гонар прарока Іллі, а першая ўзгадка пра яго адносіцца да 1471 года. Тады гэта быў двор, які належыў Багдану Андрэевічу Саковічу, маршалку гаспадарскаму і намесніку Браслаўскаму, старэйшаму сыну ваяводы трокскага Андрэя Саковіча. У далейшым Багдан займаў пасады полацкага намесніка, ваяводы трокскага і вялікага маршалка літоўскага. У яго ўладанні былі таксама Даўгінава і Мядзел. Маёнткам Ілья Багдан Саковіч кіраваў да самай сваёй смерці, пасля чаго ён перайшоў у 1490 годзе яго дачцэ Альжбеце і яе мужу Мікалаю Радзівілу па мянушцы «Amor Poloniae», сыну Мікалая Радзівіла Старога, унуку Радзівіла Осцікавіча, заснавальніка ўсяго роду. Ён быў актыўным прыхільнікам уніі з Польшчай, за што і атрымаў сваю мянушку.

У 1521 годзе маёнтак Ілья перайшоў у якасці пасагу іх дачцэ Сафіі Мікалаеўне Забярэзінскай (ур. Радзівіл) і яе мужу Яну Забярэзінскаму (герба Ляліва), маршалку вялікаму літоўскаму і ваяводзе трокскаму. Потым іх сыну Яну Забярэзінскаму, які, паміраючы бяздзетным у 1544 годзе, завяшчаў маёнтак Ілья сваёй сястры Ганне Янаўне Сапега (ур. Забярэзінскай) і яе мужу Фрыдрыху Сапегу. Пасля смерці мужа каля 1547 года Ганна Сапега выйшла замуж за князя Сцяпана Карыбута Збаражскага, ваяводу віцебскага і трокскага, і стала, адпаведна, княгіняй Ганнай Збаражскай. Ганна памерла ў 1556 годзе, пасля чаго Сцяпан Збаражскі валодаў маёнткам разам са сваёй другой жонкай княгіняй Анастасіяй Міхайлаўнай (ур. Мсціслаўскай-Заслаўскай).

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Ільі. Фота пачатку XX ст.

У 1564 годзе ўладальнікам маёнтка стаў сын Сцяпана Збаражскага і яго першай жонкі Ганны – Пётр Сцяпанавіч Збаражскі разам з жонкай Барбарай, дачкой кракаўскага кашталяна. Пасля смерці Пятра Збаражскага маёнткам валодае яго ўдава Барбара, а ў 1574 годзе яна выходзіць замуж за Андрэя Збароўскага, маршалка надворнага кароннага, сына Марціна Збароўскага, кашталяна кракаўскага. У 1582 годзе маёнтак Ілья па спадчыне пераходзіць роду Глебавічаў на цэлае стагоддзе.

Вось мы дайшлі да 17 стагоддзя, калі новым гаспадаром Ільі стаў Юрый-Караль Глебавіч, падскарбій літоўскі, будучы ваявода смаленскі і віленскі. Менавіта ў гэты час Ілья стала цэнтрам буйнога староства, а ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Літоўскай Акадэміі навук захаваўся інвентар маёнтка Ілья за 1650 год. Яго мы падрабязна і разглядзім, каб аднавіць у нашых уяўленнях выгляд Ільі таго часу. А прадстаўляць ёсць што, бо на гэты час тут месціўся вялікі графскі двор. Пачнём.

У сярэдзіне 17 стагоддзя мястэчка ўключала рынкавую плошчу і тры вуліцы: Дворную (ад рынку да ся­дзібы), Даўгінаўскую (дарога да мястэчка Даўгінава) і Фальваркавую (што ішла непасрэдна да фальварку). Рынак прадстаўляў сабой прамавугольную ў плане плошчу, забудаваную па перыметры. Месца рынкавай плошчы захавалася і зараз у цэнтры мястэчка. Дворная вуліца была галоўнай у мястэчку, налічвала 47 двароў (22 па адной і 25 па другім баку забудовы). Даўгінаўская вуліца мела 11 аднапляцавых участкаў у двухбаковай забудове, Фальваркавая – 10 такіх жа участкаў. Усяго ў Ільі ў 1650 годзе налічвалася 93 двары. Шчыльней быў забудаваны рынак, вуліцы ж мелі больш свабодную забудову. У мястэчку налічвалася 10 корчмаў, якія знахо­дзіліся ў арэндным утрыманні. Галоўная карчма, якая належала сядзібе, размяшчалася пасярод рынку, складалася з вялікага заезду і жылога блока з хатай і каморай. У мястэчку існавала таксама праваслаўная Ільінская царква, якая зга­рэла ў 1650 годзе, пасля чаго быў пастаўлены зруб на новую царкву.

Па апісанні архіўных дакументаў ацалела толькі старая званіца на слупах, якая мела два званы: «адзін, як цэбар, другі ў два разы меншы». Паблізу ад сядзібы знаходзіўся новы касцёл з вежай-званіцай над бабінцам, пакрыты гонтай і завершаны купалам. Каля яго – плябанія з рыбнай сажалкай. Да нашага часу дайшлі некалькі фотаздымкаў касцёла, па якіх мы можам уявіць сабе, як выглядалі гэты сакральны будынак і плошча перад ім.

Сядзіба дзялілася на панскі двор і фальварак, якія былі размешчаны ў розных частках мястэчка. На галоўным уездзе ў сядзібу па вуліцы Дворнай размяшчаліся вялікія вароты з пілаваных дошак, збітых жалезнымі цвікамі «ў тры часткі для магутнасці» (у тры пласты). Другія вароты вялі на Радашковіцкі гасцінец. Справа каля ўязной брамы знаходзіўся княжацкі палац, у процілеглай частцы двара – дом аканома, флігель чэлядзі, два свіраны, два спіхлеры, тры стайні, псарня, кухня і турма.

Палац ў 1650 годзе яшчэ дабудоўваўся. Ён быў драўляным, трохпавярховым, стаяў на каменным цокалі. Звонку яго абкладвалі цэглай у тэхніцы «прускага мура», для чаго ў сцены былі ўбітыя 95 металічных «шворняў». У цокалі знахо­дзіліся 5 скляпоў, якія мелі самастойны вонкавы ўваход з крытым ганкам. Галоўны ганак засноўваўся на каменным падмурку і меў выгляд вежы. У яго першым ярусе – вялікія ўваходныя дзверы з падворку. З сенцаў першага паверха злева па невялікай лесвіцы траплялі ў сталовую, дзе былі ўпрыгожаны накладной разьбой дзверы, тут жа мелася печ з белай кафлі «з гербамі яго міласьці маляванымі», цагляны камін. За печчу са сталовай быў уваход у жылы пакой. На другі паверх траплялі з сенцаў па «прыгожай» лесвіцы, агароджанай балюстрадай. З верхніх сенцаў быў выхад на галерэю, якая атачала з трох бакоў другі ярус вежы-ганка, які выкарыстоўваўся як невялікая зала. Правая частка паверху ўтрымлівала княжацкія апартаменты.

Тут размяшчалася сталовая, якая мела ўпрыгожаныя манахромнымі гербамі вокны, разныя дзверы, печ з белай кафлі з паліхромнай размалёўкай. Падлога была наслана з дубовых дошак, столь мела разьбяныя падугі. Са сталовай праз «ліштаваныя» дзверы траплялі ў малы пакой, што вёў у спальню княгіні, аформленую разбянымі карункамі.

На трэці паверх падымаліся па самастойнай параднай лесвіцы. Падобна папярэдняй, яна таксама была агароджана балюстрадай. Гэты паверх меў у цэлым характар мансарды. Верхні ярус вежы выкарыстоўваўся як малая зала. Над тарцовымі пахіламі даху з гонты ўзвышаліся дзве вялікія медныя «галкі» з флюгерамі ў выглядзе княжацкіх гербаў. Вежа завяршалася купалам з белай бляхі з такім жа флюгерам. Мяркуючы па апісанні, палац меў рысы стыляў рэнесансу і барока. Побач размяшчаўся дом аканома, каля якога знахо­дзіўся калодзеж з жураўлём і аптэчны агарод.

Псарня ўяўляла сабой загарадку з частаколу. Каля яе стаяў флігель, у якім жылі ткачы. Гэта быў невялікі аднапавярховы будынак пад драначным дахам з цэнтральнымі сенцамі і двума ідэнтычнымі жылымі блокамі, кожны з якіх уключаў хату і камору. Левая хата з’яўлялася адначасова і ткацкай майстэрняй, супрацьлеглая – жылым памяшканнем. У хатах вокны зашклёныя, у каморы – з «палатнянай смаляной блоні». Спіхлеры ад свірнаў адрозніваліся не толькі сваімі больш значнымі памерамі, але і функцыянальным прызначэннем: калі ў свірнах захоўвалі толькі хатнюю маёмасць, то ў спіхлерах меліся таксама засекі для збожжа. Ад спіхлераў па кірунку да палаца была высаджана алея з 13 ліп, якая стварала тую планіровачную вось, якая злучае парадную і гаспадарчую часткі двара. Ля кухні месцілася брама на Радашковіцкі гасцінец і да паляўнічага падворку, дзе месцілася вялікая сечаная з брусаў стайня, у якой з аднаго боку «можа стаяць коней на шэсць цугоў», з другога – «шмат коней можа стаць». Каля псарні, па дарозе да млынавага става, размяшчаліся бровар і рыбная сажалка, а на самім ставе – мукамольны вадзяны млын, што быў і лесапільным (тартак). Каля става размяшчаўся жылы дом млынара.

Фальварак дзяліўся на двор і гумнішча. Справа ад уязной брамы (з вуліцы Фальваркавай) знахо­дзіліся тры хлявы і жылы дом ускладненай трохкамернай планіроўкі з сенцамі ў цэнтры, святліцай і каморай злева, курной хатай, пякарняй і цялятнікам справа. У процілеглай частцы фальварачнага двара знахо­дзіліся зрубная сырніца на подклеці, у якой захоўвалі малако, лазня з печчу-каменкай унутры, студня з жураўлём. Ля брамы на гумнішча стаялі чатыры хлявы, крытыя саломай. Згодна інвентару, паблізу мястэчка існавалі тры Буды. Буда ў Каўшэвічах знаходзілася недалёка ад радашковіцкага гасцінца і была прызначана для выганкі смалы «на дворныя патрэбы» і для прасмолкі стругаў (сплаўных пласкадонных бяспарусных суднаў). Тут знаходзілася глінабітная печ пад навесам, у якой выплаўлялі смалу. Дзве Буды (старая і новая) знаходзіліся ў малевіцкай пушчы і былі прызначаныя для вырабу паташа. Старая буда размяшчалася на рацэ Студзянец. На процілеглым беразе ракі размяшчалася майстэрня бондара, дзе выраблялі бочкі для паташа і смалы.

Такім чынам, мы аднавілі выгляд мястэчка Ілья і ся­дзібы з фальваркам дзякуючы падрабязнаму інвентару 1650 года. У наступным артыкуле мы адновім больш пазнейшы княжацкі палац па архіўных дакументах аб разбурэнні маёнтка Ілья ў 1831 годзе, калі ён належыў вядомаму дзеячу лістападаўскага паўстання Станіславу Радзі­шэўскаму. Закранём і той час, калі Iлья стала належыць вялікаму падскарбію ВКЛ, кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму. За ўдзел апошняга ў паўстанні 1794 года ўсе яго маёнткі, у тым ліку і Iлья, былі канфіскаваны ў расійскую казну.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 70 queries