Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Маёнтак Мільча

Мы працягваем серыю артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны», у якой распавядаем пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, што напаткаў лёс забыцця: яны былі страчаны з часам ці сышлі ў нябыт, спалены падчас войнаў ці былі разбураны.

Драўляная капліца з паклонным крыжам і рэшткі старажытнай капліцы
Драўляная капліца з паклонным крыжам і рэшткі старажытнай капліцы

Адзін з самых загадкавых маёнткаў Вілейскага раёна – Мільча. Знаходзіўся ён у адлегласці ад сучаснай вёскі Мільча і да нашага часу дайшлі толькі некаторыя вусныя расповеды старажылаў, ды некалькі пісьмовых узгадак пра яго. Пакуль ні падрабязнага апісання, ні фотаздымкаў ці замалёвак гэтага маёнтка сучаснымі гісторыкамі і краязнаўцамі не было знойдзена. Аднак да нашага часу захаваліся некаторыя дадзеныя пра ўладальнікаў і арандатараў маёнтку, легенда пра стварэнне Мільчы, а таксама двух’ярусная жырандоля з мільчанскага палаца, што захоўваецца ў прыватнай калекцыі. А цяпер усё па парадку.

Руіны вінакурні былога маёнтка Мільча. Фота Аляксандра ДЗЕХЦЯРОНКА
Руіны вінакурні былога маёнтка Мільча. Фота Аляксандра ДЗЕХЦЯРОНКА

Сяло Мільча ў гістарычных крыніцах вядома з 15 стагоддзя, калі гэтыя землі сталі належаць Яну Манівідавічу сыну Войцаха Манівіда. Каля 1440 года Ян (Івашка) Манівідавіч атрымаў дадатковыя землі сучаснага Докшыцкага, Лагойскага і Вілейскага раёна. Менавіта на даўгінаўскіх землях Вілейскага раёна, што перайшлі Манівідавічу, у гэты час узніклі сёлы Мільча і Вардамічы. Да 1522 года Мільча – ўладанне Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, ваяводы віленскага, канцлера Вялікага княства Літоўскага. На той час тут пражывала 34 жыхары. У 1581 годзе быў заснаваны паўнапраўны маёнтак Мільча з 14 службамі (хатамі тых, хто працаваў у маёнтку). У 1600 годзе Мільча становіцца мястэчкам, якое складалі рыначная плошча, дзве вуліцы – Полацкая і Віленская, а таксама завулак; мелася тут царква, карчма; 53 двары з 254 мужчынскімі душамі. У аднайменным сяле быў 71 двор. У 1643 годзе Мільча належала Яну Рудаміну-Дусяцкаму, кашталяну новагародскаму, які быў ваяром, хвацка біўся, а таксама нядрэнна валодаў пяром. Ён быў удзельнікам многіх бітваў і апісаў у вершаванай форме Хацінскую бітву з туркамі. 3 1752 года маёнтак належыць Антонію Тадэвушу і Францішцы з роду Жабаў, Крываблоцкіх, стражнікаў ашмянскіх, якія перадалі маёнтак у заставу віленскім бернардзінкам кляштара Святога Міхаіла: двор, фальварак, мястэчка і ўсе вёскі. У 1765 годзе маёнтак набылі ва ўласнасць Іосіф і Антаніна з роду Белазораў, а мястэчка Мільча разам з вв. Слабада, Сіўцы, Карпееўцы, Хоцень, Саланое і Чысць належала роду Агінскіх.

Царква нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Мільчы.  Фота 1902 года
Царква нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Мільчы. Фота 1902 года

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Мільча адыходзіць да тэрыторыі Расійскай імперыі. У 1800 годзе ўласнікам маёнтка быў ротмістр Міхал Тышкевіч. Сяло Мільча налічвала 32 двары і 239 сялян, тут мелася ўніяцкая драўляная царква ў імя прарока Іллі. Двор Мільча складаўся з 9 чалавек з чыншавай шляхты, тут меўся вадзяны млын з двума коламі. У 1839 годзе на сродкі графа Міхала Тышкевіча была пабудавана новая драўляная царква. У 1857 годзе арандатарам маёнтка Мільча стаў пан Ардынец, вядомы як ахвотнік да збірання мясцовых паданняў. У 1865 годзе ў Мільчы адкрыта народнае вучылішча, а ў 1866 годзе на казённыя горошы пабудавана мураваная царква і асвечана ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. У часы барацьбы з рэлігіяй, у 1960-я гады, яна была зачынена і набажэнствы аднавіліся тут толькі ў 1993 годзе. Царква дзейнічае і зараз.

Маёнтак Мільча ў 19 стагоддзі з’яўляўся ўласнасцю графа Міхала Тышкевіча і тэрытарыяльна адносіўся да Барысаўскага павета, але ўжо каля самай мяжы з Вілейскім паветам, на правым беразе Віліі. Мільча славутая ў гісторыі краю тым, што тут спыняўся кароль Стэфан Баторый. Дагэтуль захаваліся сляды грэбляў з накіданых ім дубовых плахаў, якія служылі для перапраўлення войскаў праз багну і дрыгву; дагэтуль можна бачыць земляныя ўмацаванні, дзе размяшчаліся вайскоўцы і гарматы.

Легендарны кароль Стэфан Баторый у вайне супраць Масквы ў 1579 годзе ў сваіх паходах вёў войскі да абарончага замку ў Чашніках адкуль развіваў далейшыя ваенныя дзеянні. Кароль выбраў дарогу на Чашнікі, праз невядомую частку краіны, прасоўваючыся праз якую павінен быў раз-пораз будаваць масты, насыпаць плаціны, прабірацца праз дзікія і густыя лясы. Пры пераходзе з Даўгінава ў Чашнікі на яго шляху апынуўся маёнтак Мільча. Тут кароль з усёй світай спыніўся на некалькі дзён. Успаміны аб знаходжанні караля ў Мільчы, пра паходжанне назвы гэтага месца захаваліся ў народных паданнях.

Граф Канстанцін Тышкевіч у сваёй манаграфіі «Вілія і яе берагі» адзначае, што сустракаўся з арандатарам маёнтка Мільча панам Ардынцом падчас свайго падарожжа па Віліі. Пан Ардынец быў ахвотнік да збірання гістарычных паданняў, распавядаў графу Тышкевічу, што ў яго доўга захоўвалася перададзеная яму ксяндзом-прэлатам Трацэўскім надрукаваная ў той час кніжачка, з якой ён пераказаў мне забытыя звесткі, што датычыліся Мільчы.

Паводле апавядання пана Ардынца, так апісвае гэтую гісторыю нібыта непасрэдны сведка: «Кароль (Стэфан Баторый) рухаўся з войскам у паход на Полацк з Вільні ў Чашнікі праз Даўгінаў. У Даўгінаве, даведаўшыся ад схопленага «языка», што пасланыя супраць караля маскоўскія сілы канцэнтраваліся ў наваколлі Мінску, ён абраў даверанага афіцэра Хмялеўскага і з дадзеным яму войскам паслаў яго на Мінск для стрымлівання непрыяцельскіх сіл; сам жа з Даўгінава вырашыў прабівацца напрасткі да Чашнікаў зусім незнаёмым яму краем. Сённяшняя Мільча была першым месцам, куды кароль з войскам прыйшоў з Даўгінава. Сутыкнуўшыся там з непраходнымі балотамі і тарфянікамі, у глыбінях якіх тапіліся як жывёла, так і людзі, і маючы пры гэтым за спінаю варожыя войскі, якія пагражалі яму нападам, ён патрабаваў тэрмінова вымасціць цераз багну зручную і бяспечную дарогу. З гэтай мэтаю ён загадаў сагнаць тысячы людзей і коней, і каб іх сілаю грэбля была выкладзена драўлянымі пашчапанымі плахамі, а зверх пасыпана прывезеным у мяхах пяском, і каб усё гэта было зроблена на працягу адной ночы. Тагачасны памешчык Мільчы, прозвішча якога не захавалася ў згаданым спісе, пачуўшы гэты загад, пачаў пераконваць караля, што выканаць падобнае абсалютна немагчыма. Кароль, страціўшы цярпенне, распалены гневам і ў злосці сказаў шляхцічу па-польску: «Мільч, хлопак!

(Маўчы, хлопец!) А то я табе вушы палашом адрэжу». Тады перапалоханы шляхціч пакорна адказаў каралю: «Найяснейшы Пане! Ад гэтага дня і я сам, і ўсе мае спадчыннікі назаўсёды захаваюць у памяці прамоўленыя табою словы!» І з той хвіліны маёнтак свой ён назваў Мільчай, і назва гэтая захоўваецца па сённяшні дзень. Гэта паданне можна было б прызнаць праўдзівым, калі б не дакладна вядомы факт, што Стэфан Баторый не ведаў добра польскай мовы, а пісаў і гаварыў на лацінскай. Венгр паводле паходжання, ён быў пакліканы на каралеўства ў паважным узросце, таму не хацеў і не прымушаў сябе грунтоўна вывучаць чужую для яго мову.

На тэрыторыі Мільчанскай парафіі з канца 18 стагоддзя дзейнічала капліца ў в. Чысці пад тытулам Сарака Пакутнікаў, куды святар быў абавязаны прыязджаць як мінімум сем разоў штогод для набажэнстваў. Пры Мільчанскай царкве дзейнічаў шпіталь, у якім на ахвяраванні набожных парафіянаў утрымлівалася некалькі жабракоў”.

За адзін кіламетр ад сённяшняй вёскі Мільча стаіць драўляная каплічка, і старажылы паселішча кажуць, што старажытная Мільча была менавіта тут, але надарылася чума, і ўсіх жыхароў выкасіла. Цяперашняя каплічка ўзведзена ў 20 стагоддзі, побач з ёю – каменны слуп, рэшткі старой капліцы. Першапачаткова царква знаходзілася ў цэнтры мястэчка на рыначнай плошчы. Паводле інвентара 1643 года акрамя даволі вялікага зямельнага надзелу ў тры з паловай валокі царква мела ўласную карчму. Былі ў мільчанскіх святароў і тры ўласныя прыгонныя дымы. Апрача іншых выгод святары Мільчанскай царквы мелі свабодны доступ да рэчак Вяллі і Лонвы, дзе яны маглі лавіць рыбу на ўласныя патрэбы ў неабмежаванай колькасці. У дадатак яны мелі тры пляцы ў мястэчку. У 1701 годзе быў узведзены новы драўляны будынак царквы, які прастаяў амаль 120 гадоў. У 1820-х гадах ён яшчэ дзейнічаў, але відавочцы апісвалі царкву як «гатовую проста паваліцца».

Напамінам аб былым маёнтку Мільча зараз служыць толькі крушня камянёў, што засталася ад былога бровара, пабудаванага пры пану Адынцу.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 60 queries