З Алесяй Высоцкай, адной з удзельніц фотаконкурсу “Сэлфі & фота з вышыванкай”, мы размаўлялі на днях. Не прэтэндуючы на званне экспертаў, разважалі аб тым, чаму традыцыі – гэта модна, а вышыванка, як сёння кажуць, – у трэндзе.
У наш час нярэдка можна ўбачыць людзей рознага ўзросту ў вышыванцы – традыцыйнай беларускай кашулі з арнаментам. Маладыя хлопцы і дзяўчаты, бацькі з дзеткамі, людзі сталага ўзросту… На іх звяртае ўвагу Алеся Высоцкая і задае сабе пытанне: ці ведае кожны з іх дакладна, які сэнс “зашыфраваны” ў сімвалах на тканіне? Таму што ў яе асабістым гардэробе ёсць сапраўдны народны касцюм, тканіна і вышыўка на якім захоўваюць дотыкі працавітых рук яе продкаў. І тое, пра што “расказвае” на мове арнаменту яе вышыванка, яна дакладна ведае.
– Я апранаю народны вышываны касцюм асэнсавана, – сцвярджае Алеся Высоцкая. – Таму што разумею, які сімвал на ім што абазначае. Аднак гэта разуменне прыйшло да мяне не адразу…
З народнымі традыцыямі будучы дырэктар Вілейскага Палаца культуры пазнаёмілася ў дзяцінстве. Памятае, як падчас прыезду ў госці да бабулі ў Рабунь у хаце бачылі шмат вышываных вырабаў з арнаментам. Некаторыя з іх аздаблялі абразы, некаторыя – ложкі, вокны… Калі ж дапамагалі бабулі прыбіраць у хаце і пасля маглі переблытаць гэтыя рэчы месцамі, яна заўсёды рабіла заўвагу: у кожнай рэчы – свой сэнс, таму і месца – сваё, адпаведнае. Дзецям тады гэта здавалася дзіўным – ну якая розніца, які рушнік што будзе аздабляць? А бабуля цярпліва тлумачыла…
– Бліжэй з народнымі традыцыямі пазнаёмілася я пазней, падчас вучобы ў сталічным універсітэце культуры, – расказвае Алеся Высоцкая. – На першым курсе мы ставілі твор, які называўся “Калыханка”. У ім расказвалася пра шлях жанчыны ад стану цяжарнасці да моманту з’яўлення немаўлятка. Паводле сцэнарыю дзяўчаты, якія ўдзельнічалі ў пастаноўцы, павінны былі “галасіць”. На рэпетыцыях гэтага моманту мы ніяк не маглі ўвайсці ў вобраз. Аднойчы кіраўнік сказаў нам, што да выступлення застаецца шэсць месяцаў, і за гэты час мы павінны пашыць сабе касцюмы – абавязкова з вышыўкай, якая будзе несці канкрэтную інфармацыю, каб гледачу без слоў было зразумела, што на сцэне перад ім стаіць менавіта беларуская жанчына… Атрымаўшы заданне, мая суразмоўца адразу накіравалася ў вёску, да бабулі Таісы Данілаўны. На сямейны “кансіліум” запрасілі і пяць бабуліных сясцёр, якія захавалі шмат вышываных рэчаў і прынеслі іх з сабою. Іх ткалі і вышывалі яшчэ прабабуля і прапрабабуля гераіні гэтага матэрыялу. Разам абмяркоўвалі будучы касцюм, “чыталі” вышытыя сімвалы на тканіне, выбіралі тое, што найбольш будзе адпавядаць вобразу і статусу маладой дзяўчыны… Карпатлівая сумесная праца скончылася паспяхова – вобраз атрымаўся светлы, дзявочы. Ніз спадніцы аздобілі бялюткімі карункамі, а чырвоныя каралі “з гісторыяй” сталі аздабленнем для прычоскі. Таксама чырвоныя скураныя туфлікі з невялікімі абцасікамі (іх некалі насіла бабуля гераіні матэрыялу) завяршылі вобраз. Алеся Высоцкая расказала, што менавіта ў гэтым касцюме яна пасля выступала ў складзе ўніверсітэцкага калектыва “Грамніцы”. А что датычыць пастаноўкі, дзеля якой і збіраўся ўвесь каларытны вобраз, – дэбют атрымаўся.
– Адбылося настолькі моцнае пранікненне ў вобраз, – успамінае Алеся Высоцкая, – што мы самі былі пад вялікім уражаннем. Быццам спявалі не мы, а тыя дзяўчаты і жанчыны, якія жылі даўным-даўно. Лічу, што адчулі мы гэтую моцную энергетыку дзякуючы нашым касцюмам.
Што ж такое вышыванка? Напамін пра традыцыі або даніна сучаснай модзе? Алеся Высоцкая лічыць, што свае традыцыі трэба ведаць і вывучаць. І абавязкова знаёміць з імі дзяцей. Таму ніколі не адмаўляе сваёй дачушцы Насці ў жаданні прымерыць нацыянальны касцюм. І, як некалі даўно яе бабуля, расказвае, што абазначае на ім кожны “ромбік” або “завітушка”…
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота прадстаўлена Алесяй ВЫСОЦКАЙ