Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Фотаконкурс “Сэлфі & фота з вышыванкай” крочыць па Вілейшчыне

Традыцыйны касцюм, пасля мовы, – важная этнічная прыкмета народа. У матэрыяльнай культуры беларусаў вышыванка мае асаблівы сэнс.

Фотаконкурс “Сэлфі & фота з вышыванкай”, ініцыяваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, крочыць па Вілейшчыне. Першыя ўдзельнікі ўжо вызначыліся з сюжэтам фотаздымкаў і даслалі іх арганізатарам конкурсу. У астатніх яшчэ ёсць час, каб выбраць катэгорыю (“Сэлфі-фота” або “Традыцыйнае фота”) і намінацыю для ўдзелу: “Фота малыша ў вышыванцы”, “Фота закаханых у вышыванцы”, “Мая сям’я ў вышыванцы”, “Моладзь у вышыванцы”, “Вышыванка ў іншых краінах”.

Дарэчы, фотаздымкі “паспаборнічаюць” і ў анлайн-намінацыі. Нагадаю, што больш падрабязна з умовамі конкурсу можна пазнаёміцца на нашым сайце peramoga45@tut.by і на сайце арганізатара. А пакуль жадаючыя вызначаюцца, мы цікавімся ў аўтараў ужо дасланых работ гісторыяй стварэння конкурснага фота.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота прадстаўлена Анастасіяй ЧАРНЯЎСКАЙ

Кацярына БАНДАРЭНКА:

– Я – патрыётка сваёй радзімы. Даўно марыла прыняць разам з дачкой удзел у фотасесіі, абавязкова – з нацыянальным каларытам. Для мяне гэта было вельмі важна – і мара збылася. У гэтым нам з Дар’яй дапамог прафесійны фатограф. На здымку я апранута ў той самы вядомы “вілейскі строй”, сапраўдны, з фондаў музея сярэдняй школы №5, дзе я працую. У Дар’і – касцюм з выступленняў у мастацкай самадзейнасці. А месцам для фатаграфавання стала маляўнічае Заброддзе.

Кацярына КУРАК:

– Я працую педагогам-арганізатарам у гімназіі №2, а адукацыю маю музычную. Цымбалы – народны інструмент, які крочыць разам са мной па жыцці. Пра конкурс расказалі мне калегі, якія і прапанавалі паўдзельнічаць у ім. Дзе знайсці вышыванку – такой праблемы асабіста ў мяне не было, бо выступаю, канечне ж, у народным касцюме. Для сыночкаў-двайнятак Цімура і Мікіты касцюмы пазычылі ў пачатковай школе №6. Ідэю падтрымаў мой муж. Так атрымалася наша фота ў намінацыю “Мая сям’я ў вышыванцы”.

Крысціна КАЎРЫГА:

– Народны касцюм для мяне – гэта не толькі адзін са сцэнічных вобразаў (працуючы ў Палацы культуры, іх Крысціне Каўрыга прыходзіцца прымяраць шмат – аўт). Вышыванка – гэта нашы традыцыі і культура, лепшымі здабыткамі якой у песні і танцы мы дзелімся са сцэны з гледачамі.

Дар’я АРЛОВІЧ:

– Фотаздымак – з майго асабістага архіва. Як напамін пра той час, калі была работнікам культуры. Не раз выступала ў народным касцюме, узоры і арнамент на якім маюць асаблівы сэнс. Мару набыць сабе вышыванку, якую змагу насіць у паўсядзённым жыцці!

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 158 queries