Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Цудатворны абраз з Пахомава, пакланіцца якому на свята прыходзіла да 3 тысяч чалавек

Некаторыя старажылы яшчэ памятаюць, што ў затопленай пры будаўніцтве Вілейскага вадасховішча вёсцы Пахомава ў мясцовай царкве знаходзіўся адзін з самых шануемых цудатворных абразоў “Бичевание Христа”. У 1960-я гады гэта царква была зачынена, а пасля 1975 года пад хвалямі “вілейскага мора” знікла і сама вёска.

Дзе ж цудатворны абраз сёння?

Цудадзейны абраз у інтэр’еры Вязынскай царквы сёння

Пра гэты абраз захаваліся ўспаміны былых жыхароў вёскі Пахомава, а таксама дакументы ў архівах Беларусі і Расіі. Яшчэ ў 2011 годзе выйшаў артыкул Тамары Ляшкевіч (Саўчыц) пра гэты абраз, затым ім зацікавіўся даследчык з Мінска Ілля Бутаў, які знайшоў у архівах дакументы, што сведчаць – абраз быў адзін з самых вядомых на Беларусі да пачатку 20 стагоддзя. Так, у кнізе за 1896 год “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага паветаў Віленскай губерні” значыцца, што “…царква ў Пахомава заснавана ў 1760 годзе ў гонар Жыватворнага Крыжа Гасподняга. У алтары царквы знаходзіцца вельмі шануемы народам абраз Збавіцеля…”.

У Нацыянальным архіве Беларусі ёсць дакументы, дзе гаворыцца, што да цудоўнага пахомаўскага абраза яшчэ ў 1950-60-я гады сыходзілася вялікая колькасць вернікаў з усёй акругі і нават Вільні. У 1958 годзе ў даведцы аб знаходжанні так званых святых месцаў і крыніц, складзенай упаўнаважаным па справах рэлігіі ў БССР Г.Сямёнавым, вось што адзначаецца пра абраз з Пахомава: “На могілках каля в.Пахомава Вілейскага раёна (Вязынскі царкоўны прыход) маецца невялікая старадаўняя царква, у якой захоўваецца вельмі шануемы абраз 18 стагоддзя. Памерам ён 190х95, намаляваны на палатне алеем. У Беларусі засталося ўсяго некалькі так званых святых месцаў, адно з якіх якраз у в.Пахомава: тут штогод 27 верасня збіралася вялікая колькасць паломнікаў. …У 1960 годзе Ракаўскую і Пахомаўскую цэрквы зачынілі, а святыя месцы цалкам ліквідавалі і, такім чынам, спынілі паломніцтва да іх…”.

На фэсце ў Пахомава. Фота з сямейнага архіва Тамары Ляшкевіч

Звернемся да гісторыя самой вёскі. Назва населенага пункта паходзіць ад імя ці прозвішча Пахом. Першыя ўзгадкі пра вёску датуюцца пачаткам 18 стагоддзя. Размяшчалася вёска прама на беразе ракі Вілія і, як было паказана ў 1896 годзе, ад гэтага сяла правы бераг ўсюды быў пяшчаны, узнёслы, парослы дрэвамі, а левы – нізкі. Мелася тут прыстань, дзе сплаўнае дрэва з навакольных рэчак дастаўлялася да яе і перавязвалася ў вялікія плыты і ўжо далей сплаўлялася да Вільні і Каралеўца. Граф Канстанцін Тышкевіч, які даследаваў Вілію ў 1856 годзе, пісаў, што ўзімку купцы звозілі сюды з усёй акругі бярвенне, а вясной наймалі людзей і вязалі плыты, якія ганялі аж у Балтыйскае мора.

На заднім плане пахомаўская царква, дзе захоўваўся абраз. Фота з сямейнага архіва Алы Гур

Вядома, што з 1736 года вёска Пахомава адносілася да парафіі Вязынского касцёла Св. Ганны. Затым, на канец 19 стагоддзя, у Пахомаве значылася ўсяго 4 двары, 39 жыхароў і прыпісная царква. У кліравай ведамасці Вязынской царквы за 1873 год пазначана, што двароў у Пахомаве 6, а прыхаджан – 55 (27 мужчын і 28 жанчын). Пра царкву сказана наступнае: «Царква ў Пахомаве пабудавана на могілках, будынкам драўляная, на каменным падмурку, трывалая, пакрыта гонтай, сцены звонку і знутры абабітыя дошкамі. Іканастас і абразы новыя, напісаныя ў 1868 годзе. Прастол адзін у імя Узвіжання Святого і Жыватворнага Крыжа Гасподняга… Богаслужэнне ў ёй здзяйсняецца ў храмавыя святы і іншыя дні па старажытным звычаі прыхаджан…”. У 1970-х гадах вёска налічвала каля 10 дамоў, царква жа была зачынена ў 1960-м годзе.

Па ўспамінах старажылаў, акрамя могілкавай царквы тут была пабудавана капліца і асобная званіца. Атрымоўваецца, у невялічкай вёсцы на 10 двароў меўся цэлы храмавы комплекс. Чаму? А справа ў тым, што акрамя галоўнай святыні – цудатворнага абраза Збавіцеля, у капліцы яшчэ захоўвалася вельмі шануемая ікона Маці Божай, якая па паданні з’явілася тут на дрэве. Але капліца ад ўдара маланкі згарэла. Па дадзеных краязнаўцы Анатоля Рогача, у канцы 19 стагоддзя ў Пахомаве была і святая крыніца, да якой вернікі хадзілі хрэсным ходам. Такім чынам, вёска Пахомава была вельмі адметнай. Акрамя святых месцаў, з Пахомава паходзяць карані вядомага авіяканструктара Паўла Сухога – тут жыў яго дзед. А таксама гэта радзіма знакамітага хірурга Леаніда Сухога і многіх іншых выбітных людзей.
Трагічны лёс напаткаў Пахомава ў вайну, калі за сувязь з партызанамі вёску і пяць яе жыхароў спалілі ў 1944 годзе на Міколу. Астатнім жыхарам тады ўдалося схавацца ў балотах, бо іх папярэдзілі партызаны. Вёска згарэла цалкам, уцалела толькі царква, бо стаяла ў адлегласці ад вёскі. А ў 1975 годзе ўсіх жыхароў перасялілі ў розныя вёскі і гарады, бо поўным ходам ішло будаўніцтва Вілейскага вадасховішча. І Пахомава перастала існаваць. А вось калі зачынілі царкву ў 1960 годзе, цудатворны абраз, па ўспамінах былых жыхароў вёскі, перавезлі ў Вязынскі храм. Потым зачынілі і той, а абраз увесь час да 1990-х захоўваўся ў Латыгальскай царкве. І толькі пасля адкрыцця Вязынскай зноў быў перададзены туды. Зараз ён размяшчаецца справа ад ўваходу ў асноўным аб’еме царквы. Некаторыя мясцовыя старажылы да сённяшняга часу называюць яго “звіжанскім”, бо асабліва маліліся і пакланяліся яму на Узвіжанне.

Было шмат версій, што абраз бясследна знік, што яго перадалі ў Суднікі, а потым вывезлі ў Амерыку. Але старажылка вёскі Яўгенія Саўчыц 1929 года нараджэння падрабязна яго апісала і адзначыла, што гэта менавіта той абраз, які зараз захоўваецца ў Вязынскай царкве.

Аб фэсце, які праходзіў у Пахомаве, засталося таксама шмат успамінаў. Аб ім распавядаюць і былыя жыхары Рыбчына, і старажылы з Рабуні, Сосенкі, Кавалей і іншых вёсак. Ладзіўся ён на Спаса і на Узвіжанне. На Спаса першую частку дня маліліся ў царкве, туды яшчэ ў сярэдзіне 20 стагоддзя з усёй акругі хросным ходам з харугвамі ішлі людзі, прыходзіла да трох тысяч чалавек. Цудатворны абраз Збавіцеля тады насілі вакол цэрквы. На фотаздымку з Латыгальскай царквы яшчэ бачны спецыяльныя ручкі, каб ікону можна было насіць на руках. Тут жа ладзіўся кірмаш, дзе на падводах прывозілі мяшкамі прадаваць яблыкі, грушы, іншую садавіну і агародніну. У другой палове дня людзі збіраліся цэлымі сем’ямі, рассцілалі посцілкі і размяшчаліся паўсюль. Цэлы дзень Пахомава гудзела, а ў вечары былі танцы.

Вось такая гісторыя цудатворнага абраза на Вілейшчыне, які стагоддзямі збіраў тысячы вернікаў, што прыходзілі да яго пакланіцца і папрасіць здароўя. Дарэчы, лічылася, што ў цудатворнага абраза прасілі збаўленне ад хвароб сэрца і вачэй. Магчымасць звяртацца да цудадзейнага абраза застаецца сёння і ў нас. Будзем шанаваць нашу спадчыну.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 64 queries