Гэтыя летнія дні для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Часлава Антонавіча Варславана з аграгарадка Ілья пазначаны чорнай датай – 22 чэрвеня 1941 года. Як і для кожнага з нас, толькі з істотнай розніцай: ён – непасрэдны ўдзельнік той вайны. Праходзяць дзесяцігоддзі, а не сціраецца з памяці перажытае…

Калі пачалася вайна, хлопцу ішоў васямнаццаты год. За плячыма Часлава была дзесяцігодка, і будучыня ўяўлялася светлай і шматабяцаючай.
– Жылі мы ў вёсцы Малыя Бортнікі Бабруйскага раёна, а нарадзіўся я ў Прылуках на Міншчыне, – пачаў расказваць пра сябе ветэран. – Бацька мой працаваў ветэрынарным урачом і па службе пераязджаў у многія месцы. Канешне ж, з сям’ёй, а нас, дзяцей, у бацькоў было пяцёра. Дарэчы, бацька быў латышом і застаўся ў Беларусі пасля імперыялістычнай вайны. Тут ажаніўся з беларускай, пайшлі дзеці…
Часлаў, нягледзячы на юны ўзрост, яшчэ школьнікам цікавіўся ўсім тым, што адбывалася ў свеце. Вось і пра пакт аб ненападзенні, заключаны Савецкім Саюзам з Германіяй, ведаў, таму вестка пра вераломны напад фашыстаў літаральна ашаламіла. Як так? Магчыма, гэта нейкая памылка?
– Але ўжо ў першы дзень вайны па радыё прагучаў зварот да савецкага народа Вячаслава Молатава, які сказаў пра пачатак вайны і закончыў усім вядомымі словамі: «Наше дело правое, враг будет разбит, победа будет за нами!», – прыгадаў Часлаў Антонавіч. – І ўсе зразумелі, што гэта не страшны сон, а рэальнасць.
У памяць ветэрана назаўсёды ўрэзаўся той бясконцы паток бежанцаў па дарозе Бабруйск – Рагачоў: жанчыны, старыя, дзеці, павозкі, машыны… У адной «палутаркі» сарваны вобад, а вадзіцель не спыняецца, едзе, дзеручы брук металам і рассыпаючы навокал іскры… Людзі ішлі невядома куды, уцякалі ад вайны.
– Памятаю, як над гэтым натоўпам бежанцаў раптам праляцелі «юнкерсы», скінулі бомбы, – дзеліцца ўспамінамі Часлаў Антонавіч. – Крыкі, слёзы, плач… Чалавек з дваццаць, а то і болей тады так і засталіся ляжаць на дарозе…
Недзе на чацвёрты дзень вайны мой субяседнік стаў сведкам паветранага бою. На вялікай вышыні хлопец убачыў нашы бамбардзіроўшчыкі, якія ляцелі ў бок Рагачова. І тут, як зграя каршуноў, наляцелі фашысцкія самалёты, аблажылі нашых, пачаўся бой. Страшна і балюча было бачыць, як, пакідаючы пасля сябе чорны дым, падае на зямлю наш бамбардзіроўшчык, затым – другі…
– Я тады не мог хаваць сваіх слёз, болю за тых нашых лётчыкаў, якія загінулі, і нянавісці да ворагаў, – голас Часлава Антонавіча і цяпер дрыжыць. – Памятаю, быў у нас у вёсцы адзін антысаветчык, які бачыў і тое, што здарылася ў небе, і мой стан. З якой радасцю і здзекам ён кінуў мне ў твар такія словы: «Ну што, камсамолія, бачыш, як тваіх бальшавічкоў паджарваюць?» Невыносна цяжка было гэта чуць… Быў і яшчэ адзін эпізод паветранага бою, які я запомніў. Бачыў, як фашысцкімі самалётамі быў расстраляны наш. Спачатку –загаранне, затым – чорны дым і моцны ўдар аб зямлю…. Да цяперашняга часу думаю пра тых лётчыкаў, якія загінулі. Хто яны? Адкуль? Іх сем’і, напэўна ж, атрымалі сухія паведамленні: загінуў у баі, прапаў без вестак… А яны загінулі героямі, мужна змагаючыся з лютым ворагам.
З пачатку вайны і да лета 1944 года знаходзіўся Часлаў Варславан на акупаванай тэрыторыі. І ўвесь гэты час жыў жаданнем хутчэй трапіць на фронт і помсціць ворагам за ўсе тыя здзекі, якія тварылі яны на нашай зямлі. І вось нарэшце мары Часлава збыліся, ён трапіў на фронт. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы, ваяваў на Нараўскім плацдарме. Удзельнікі баёў на гэтым плацдарме ўзгадвалі, што гэта былі самыя цяжкія баі за ўвесь час вайны. Для Часлава Варславана самым цяжкім стаў дзень 20 кастрычніка 1944 года, калі ён, малады салдат, спачатку быў кантужаны, затым пры артабстрэле – засыпаны замлёй і ледзь не загінуў і ў гэты ж дзень атрымаў цяжкае раненне ў галаву. Затым было доўгае лячэнне ў ваенна-палявым шпіталі, дзе ўрачы зрабілі ўсё, што было ў іх сілах. Пасля шпіталя салдат трапіў у 44-ую асобную знішчальна-супрацьтанкавую брыгаду, у складзе якой і змагаўся з ворагам на ўсходне-прускіх пазіцыях, у раёне ракі Одэр.
– Не забуду, як наша брыгада мужна адбівала атакі звыш паўсотні нямецкіх танкаў у Памераніі, – прыгадаў ветэран. – І выстаялі, хоць, канешне ж, былі страты і ў нас. Але ж галоўнае – мы перамаглі!
Памяць 97-гадовага ветэрана захоўвае вельмі многа эпізодаў, перажытых ім у страшныя ваенныя гады, і расказваць пра іх Часлаў Антонавіч можа доўга. Слухаеш яго і міжволі адзначаеш: вось яна, сама гісторыя, з вуснаў відавочцы тых падзей. Магчымасцю чуць яе трэба даражыць і карыстацца ёю. А Часлаў Антонавіч заўсёды рады падзяліцца з іншымі сваімі ўспамінамі. Доўгія гады адпрацаваўшы ў Ільянскім аграрным каледжы, ён праводзіў, ды і зараз праводзіць, вялікую патрыятычна-выхаваўчую работу, расказваючы юным пра перажытае ў ваеннае ліхалецце. А ў святочныя дні ветэран апранае свой выхадны пінжак, на якім красуюцца медаль «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941-1945 г.г.», ордэн Айчыннай вайны II ступені, юбілейныя медалі і знакі, выходзіць на вуліцу, да людзей і зноў перажывае тыя сумна-радасныя пачуцці, якія некалі зведаў.
– Я ўдзячны, што нас, ветэранаў, памятаюць і шануюць, – адзначае Часлаў Антонавіч. – Вось і сёлета да 9 Мая мы атрымалі юбілейныя медалі, прадуктовыя наборы, віншавальныя паштоўкі. Гэта, канешне, вельмі прыемна. Значыць, удзячны нам дзеці і ўнукі за тое, што мы зрабілі.
У ліпені Чаславу Антонавічу споўніцца 98 гадоў. Узрост паважаны і ганаровы. Хоць ужо і нялёгка, але ветэран стараецца самастойна спраўляцца з хатнімі клопатамі. І ў яго гэта атрымліваецца. Вось што значыць сапраўдны салдат, баец, загартаваны многімі цяжкасцямі.
Так трымаць, паважаны Часлаў Антонавіч, і далей!
Ірына БУДЗЬКО/Часлаў Антонавіч Варславан. Фота з сямейнага альбома Часлава ВАРСЛАВАНА








