Шматлюдна, весела і душэўна было ў вёсцы Баранцы ў мінулую нядзелю –
у гэты дзень тут адбылося свята вёскі. Не спешчаныя нашы жыхары святамі – на сваіх падвор’ях працы заўсёды хапае. Але і адпачываць вяскоўцы таксама ўмеюць.
Каб свята адбылося, прыйшлося папрацаваць. Не адзін дзень «аргкамітэт» (свой, мясцовы – Яніна Дабрынеўская, Міхаіл Маркевіч і аўтар гэтых радкоў) працаваў над сцэнарыем, а артысты Шылавіцкага сельскага Дома культуры планавалі і рэпетыравалі канцэртныя нумары.
«Баранцы – зямля мая родная» – такі плакат з’явіўся ў вызначаны дзень на адной з вясковых пабудоў. І стаў арыенцірам не толькі для мясцовых жыхароў, але і для дачнікаў, якія зараз тут адпачываюць ад горада. Людзей сабралася шмат, а паглядзець ім было што. Выстава тканых вырабаў нагадала пра карані: у кожным ручніку, у кожнай перабіранцы – адбітак карпатлівай працы мясцовых людзей. Выступленне шылавіцкіх артыстаў стала для ўсіх прыемным падарункам. Добры настрой сваёй творчасцю дарылі гледачам вакальныя групы «Валошкі» і «Надзея», юныя артысты з вакальнай групы «Пацешкі», эстрадная студыя сольных спеваў «Жывы гук». Вядучыя Алена Калініна і Марыя Дубовік падчас свята на імправізаваную сцэну запрашалі розных людзей. Так, па традыцыі, былі адзначаны гаспадары лепшых падвор’яў – Генадзь Гарэлік і яго стрыечны брат Мікалай Гарэлік. Не засталіся паза ўвагай самыя сталыя жыхары вёскі: Аляксандр Гарэлік, Мікалай Каляда, Яніна Сыракваш, Ніна Сыракваш, Вераніка Бяроза, а таксама ўраджэнец вёскі Баранцы, што жыве ў Шылавічах, Міхаіл Маркевіч. І самыя юныя – новае пакаленне – таксама былі на свяце вёскі і радаваліся разам з усімі. Асвячэнне вады і хлеба – гэты традыцыйны пасля Сёмухі абрад правялі святары Дзмітрый Уласенка і Уладзімір Ганчарук.
Свята адбылося. Прыемна, што нашы вяскоўцы такія лёгкія на пад’ём. І нават у танцах (якое ж свята без музыкі і без іх?) старэйшае пакаленне ні ў чым не саступала маладому.
Наталля МАРОЗ, стараста вёскі Баранцы, ад імя жыхароў вёскі