Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Фарміраванне асноў нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту

Выхаванне патрыятызму ў дзяцей абазначае выхаванне любові і адданасці малой Радзіме, месцу, дзе дзіця нарадзілася, дзе знаходзіцца яго дом, што становіцца ў будучым асновай для любові і павагі да сваёй краіны. І таму адной з задач нашай установы адукацыі з’яўляецца выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.

У сістэме ведаў, якія мы прапаноўваем дзецям, вялікае месца адводзіцца ведам аб родным народзе, сваёй краіне, роднай прыродзе.

Заняткі праводзяцца на беларускай мове. Родная мова – гэта не проста сукупнасць знакаў, а магутны сродак, з дапамогай якога дзіця далучаецца да сваіх продкаў і нашчадкаў, гэта тое, што робіць яго прыналежным да бясконцага рада пакаленняў. Дзеці слухаюць чытанне твораў беларускіх пісьменнікаў, у якіх гучыць жывая мова народа. Вусная народная творчасць з’яўляецца важным сродкам для фарміравання асноў нацыянальнай самасвядомасці дашкольнікаў. Каб дапамагчы дзецям усвядоміць сябе часткай беларускага народа, мы выкарыстоўваем фальклор ва ўсіх яго праяўленнях (казкі, пацешкі, песні, лічылкі, беларускія народныя гульні).

Дзеці праяўляюць цікавасць да роднага краю ў час правядзення заняткаў, гульняў, завочных экскурсій, дзе знаёмяцца з сімваламі Беларусі, помнікамі архітэктуры, замкамі нашай краіны, пашыраюць свае веды аб жыцці беларускага народа ў розныя гістарычныя эпохі, знаёмяцца з выдатнымі мясцінамі нашай сталіцы – горада-героя Мінска.

Цікавыя і важныя для дзяцей экскурсіі па куточках нашай малой Радзімы: касцёл ў аграгарадку Сцешыцы, парк і абеліск у гонар загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны.

Важным напрамкам у азнаямленні дзяцей з роднай краінай і выхаванні асноў патрыятызму з’яўляецца прырода. Навокал нашай вёскі знаходзяцца маляўнічыя краявіды. Рака Вілія, лес, палі, на затоках каля вёскі збудаваныя хаткі баброў, дрэвы-волаты і г.д. У час экскурсій, мы развіваем уменні выхаванцаў назіраць за прыродай і самім знаходзіць прыгажосць вакол, любавацца ёю, выклікаем імкненне захоўваць яе.

Такім чынам, пры знаёмстве з роднай краінай, галоўнае заключаецца не ў тым, каб дзеці засвоілі дакладныя звесткі, а ў тым, каб выклікаць у іх дадатныя пачуцці і эмоцыі, а таксама імкненне да дзейнасці. Гэта можа быць жаданне дзіцяці намаляваць тое, аб чым ён толькі што пачуў, расказаць бацькам і сябрам аб тым, што ён даведаўся, а ў будучым наведаць усе тыя знакамітыя мясціны нашай Радзімы, аб якіх ён даведаўся ў дзіцячым садзе.

Алена Місун, выхавальнік дашкольнай адукацыі Дзяржаўнай установы адукацыі “Сцешыцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 67 queries