Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Цікавае

Зазірнула сонца і ў яе аконца
Асабістае жыццё Алены не склалася. А пачыналася ўсё так добра: выйшла замуж за хлопца, якога вельмі кахала; нарадзіла дзетак-пагодкаў; атрымалі кватэру… Здавалася б, жыві ды радуйся. Але ж так ужо ўстроена існаванне чалавека, што трэба зведаць яму ўсяго – і добрага, і дрэннага. Вось і ў жыццё Алены прыйшло непапраўнае гора – трагічна загінуў муж. Жанчыне было невыносна цяжка і маральна, і матэрыяльна. Ішлі гады, падымаліся дзеці, а светлых фарбаў у жыцці жанчыны ўсё не было. Калі здаралася з некім гаварыць пра жыццё, Алена толькі ўздыхала, маўляў, не жыву, а мучаюся, і плакала.
Нядаўна сустрэліся з Аленай у агульных знаёмых. Не бачыліся даўно, таму тэмы для размоў знаходзіліся. У думках адзначыла, што выглядае жанчына добра, а ў вачах – не звыклы сум, а жывыя агеньчыкі.
– Можа, за гэтыя гады адбыліся змены ў асабістым жыцці? – пацікавілася ў яе.
– Адбыліся, і вельмі прыемныя, – усміхнулася яна.
Я ўжо настроілася пачуць гісторыю пра новае каханне, добрага чалавека, які стаў падтрымкай сям’і, але пачула зусім іншае:
– Алёшка мой закончыў універсітэт, добра ўладкаваўся, ажаніўся. А Мішка сёлета заканчвае акадэмію, але ўжо падпрацоўвае ў вольны ад вучобы час, сябе забяспечвае і нават мне дапамагае. Так што ў мяне ўсё ў парадку, я зараз такая шчаслівая…
Канешне ж, яна заслужыла гэтага шчасця, галоўнага, як мне здаецца. для кожнай жанчыны – шчасця ў дзецях.
Мы з табой – свае…
Хто не з чужых слоў ведае пра клопаты сацыяльнага работніка, той не назаве гэту працу лёгкай. Асабліва няпроста тым, хто даглядае нямоглых вяскоўцаў. Тут толькі навядзеннем парадку ў кватэры ды дастаўкай лекаў і прадуктаў ніяк не абысціся. Прынесці вады і дроў, ускапаць ці прапалоць градку, зімою – расчысціць снег – вось тыя звыклыя вяскоўцам справы, з якімі нямоглым не справіцца. І прыходзяць на дапамогу «нянькі», як цёпла называюць сацработнікаў старэнькія людзі.
Бабуля Марыля не нарадуецца на сваю памочніцу Таню – такая працавітая, вясёлая ды спрытная. Як толькі ўсё паспявае!
Неяк «нянька» забегала да бабулі ў азначаны дзень. Распакавала сумку з прадуктамі, прынесла дроў, збегала з вёдрамі да студні, узялася за венік, каб прыбрацца у хаце.
– Не трэба, Танечка, іншым разам памыеш падлогу, – перапыніла бабуля і перайшла на шэпт: – Сын у мяне гасціць, дык адпачывае пасля ўчарашняй сустрэчы з сябрамі. Каб хаця не разбудзіць. Ты толькі ў адным дапамажы: стань на зэдлік ды паглядзі на лічыльнік, колькі там мне за свет плаціць, а то я сама нічога не бачу. Толькі ціхенька, каб хаця не разбудзіць…
– Дык, можа, ён і паглядзіць на лічыльнік, калі прачнецца? – зірнула на бабулю Таццяна.
– А не, дзетка, дзе ўжо ён будзе… Гэта ж сын. Лепей ужо мы з табой, свае…
Вось і атрымліваецца, што з чужым чалавекам – свае, а з родным сынам – чужыя. Сумна.
Не маю часу…
Дзядулю Стася я ведала толькі старым і пра маладосць яго многага не чула. Жыў і жыў дзіўнаваты пенсіянер, за плячыма якога – вайна, смерць жонкі, некалькі гадоў удаўства з малымі дзецьмі на руках, затым – жаніцьба, новыя дзеці. Карацей, нялёгкае жыццё дзеда…
Дзеці і ўнукі пасмейваліся з выхадак свайго дзядулі. Ну хіба гэта не дзівак: толькі пазычыў суседу драбіны і тут жа – той не паспеў занесці пазыку дамоў – пабег яе забіраць?
Але найбольш пацяшаліся маладыя вось над чым. Кожны дзень старога пачынаўся са скаргаў невядома каму на мноства работы. Прачнецца стары і пачынае:
– Плот паваліўся, трэба гарадзіць… У лес збірайцеся, дроў няма! Ой, не маю часу…
А сам брык на ложак – і драмаць. І так разоў з дзесяць на дзень – «не маю часу»…
Многа гадоў прайшло, як дзядулі ўжо няма. А дзеці і ўнукі пры любым падхадзячым выпадку ўзгадваюць яго «не маю часу»… Магчыма, гэта і ёсць памяць пра чалавека?
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries