Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Справы жыцейскія

Пытанні, якія закранём у гэтай публікацыі, патрабуюць да сябе сур’ёзнай увагі і, безумоўна, вырашэння. Ва ўсякім разе, так мне падаецца.
Адкуль ты, ручаёк?
Віляйчанку Марыю Восіпаўну Стрэж, якая жыве па вуліцы Астроўскага, 19, у рэдакцыю прывяла праблема, што называецца, з барадой.
– Пачалося ўсё ў маі мінулага года, – расказвае Марыя Восіпаўна. – Мой участак стала затапліваць вада. Звярталася не раз у «Водаканал», там мне адказалі, што гэта грунтовыя воды, не ў мяне адной такая бяда… Прасіла дапамогі і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, але і гэтыя спецыялісты не змаглі мне дапамагчы… Адключаць ваду на нейкі час, а пасля падключаць – ручаёк як цёк, так і цячэ.
Затоплены склеп, увесь агарод, сырасць у доме – у такіх умовах жыла жанчына. А не за гарамі ж вясна. Што будзе тады? І ўвогуле, правільна задаецца пытаннем жанчына, што гэта за вада і адкуль? Хіба можна, каб вось так проста выцякалі нашы агульныя грошы?
Марыя Восіпаўна спадзяецца, што ў іх праблеме (а вада дастаўляе клопату і суседзям) разбяруцца і дапамогуць.
Пагражаюць ледзяшы
У доме №9 па вуліцы Гагарына жывуць у асноўным людзі немаладыя. Ва ўсякім разе, гэта нам паведаміла жыхарка гэтага дома Алена Уладзіміраўна Сак.
– Так атрымліваецца, што нашы паштовыя скрынкі размяшчаюцца якраз пад дахам, з якога, як вядома, пры пэўных умовах надвор’я «вырастаюць» ледзяшы, – расказвае Алена Уладзіміраўна. – Дзе гарантыя, што ў нейкі момант не здарыцца бяды?
Жанчына паведаміла, што ў свой час яны звярталіся ў жыллёва-камунальную гаспадарку з просьбай перанесці скрынкі ў пад’езд, нават атрымалі, па словах Алены Уладзіміраўны, адказ, што гэта будзе зроблена. Толькі пакуль што справа з месца не скранулася.
Каб помнілі…
Жыццё не бывае, ды і не можа быць, без праблем. Яны, маленькія і вялікія, турбуюць, падштурхваюць да нейкіх дзеянняў у пошуку выйсця…
Вось і звяртаемся да тых, хто ў кампетэнцыі дапамагчы. І калі адчуваем падтрымку, ад усяго сэрца дзякуем памочнікам і памятаем іх дабрыню доўгія гады…
Закончыць хочацца зваротам жыхара Куранца Сямёна Іосіфавіча Шуберція.
– Мінула трыццаць гадоў, як няма на свеце Яўгена Фёдаравіча Мірановіча, дырэктара колішняга саўгаса «Любань», Героя Сацыялістычнай Працы, – нагадаў Сямён Іосіфавіч. – Многа часу прайшло, а мы яго памятаем. Справамі яго добрымі ганарымся і будзем ганарыцца. Вось так трэба жыць і працаваць.
Да сказанага, думаю, каментарыяў не трэба.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries