Гэтую гісторыю, якая адбылася напярэдадні Новага года, расказала адна мая добрая знаёмая. Яна – пра тое, што цуды ў нашым жыцці сапраўды здараюцца.
Бабуля маёй знаёмай жыла яшчэ ў вёсцы, а яны з мамай – у райцэнтры. Моладзь з’язджала з вёскі, заставаліся, пераважна, толькі бабулі і дзядулі. Ды і тых паступова забіралі да сябе дзеці. Таму лепшай сяброўкай бабулі Насці стала кошка, якой далі імя Крушына – звычайная беспародная рыска (так на вёсцы звычайна называюць трохколерных кошак). З’явілася яна ля дома, што стаяў наводшыбе, быццам ніадкуль: проста прыйшла, ці, як кажуць, «прыбілася». І адразу прыняла бабулю за сваю, не дзічылася, усюды хадзіла «хвастом» за ёю. Адбылося ж гэта якраз напярэдадні Каляд.
…Да Новага года заставаліся лічаныя дні. Прыехалі дзеці. Нарэшце яны ўгаварылі бабулю перабрацца да іх —«Чаго ты адна будзеш тут, на хутары? А ў нас і цяплей, і весялей!» Паспешліва сабраўшы маміны рэчы, загрузілі іх у машыну, паехалі – няма часу, чакаюць навагоднія клопаты. Стары дом, дзе раней кіпела жыццё, апусцеў, у садзе паміж чорных на фоне снегу яблынь гуляе вецер, быццам маўклівы вартаўнік – замок на дзвярах. У гэтай віхуры падзей і родныя,і сама бабуля забыліся неяк пра Крушыну. Падчас іх ад’езду не трапілася яна нікому на вочы, відаць, гуляла, як і ўсе кашачыя, сама па сабе.
…Некалькі дзён перад Новым годам у гарадскіх клопатах-справах праляцелі хутка, і вось прыйшла пара садзіцца за стол, каб павіншаваць родных пад святочны бой курантаў і сказаць году мінуламу «да пабачэння». Як раптам у аконную шыбу нібы нехта пастукаў. Пачулася лёгкае драпанне. Потым яшчэ і яшчэ… Калі глянулі – вачам не паверылі, бо гэта была яна – Крушына. Новы год сям’я сустрэла разам. Пад покрывам таямніцы засталося, якім чынам кошка знайшла сваю гаспадыню і колькі часу заняла яе дарога. Ці варта казаць, што гэты Новы год сям’я запомніла надоўга, а кошка Крушына і зараз пільна сочыць, каб у доме панавалі пазітыў і ўтульная атмасфера.
Таццяна ШАРШНЁВА
Пра кошку Крушыну і каляднае цуда
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


