Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З назіранняў

У нашым грамадстве любая чарга – гэта тая лакмусавая паперка і сітуацыя, якая ў кароткі прамежак часу выяўляе рысы характару зусім незнаёмага чалавека. Заўважалі? І па адзіным учынку незнаёмца можна скласці пэўнае ўяўленне пра яго характар і асобу. Станоўчае ці адмоўнае – як калі, залежыць не ад нас. Успомнілася адно назіранне з гэтага шэрагу.
У бальнічным калідоры поўна людзей. Чарга – за бальнічнымі лістамі. Хтосьці адкрывае бальнічны, а хтосьці ўжо выздаравеў і засталося толькі забраць яго.
Цярпліва чакаюць людзі сталага ўзросту, мамы з дзеткамі, што хутка зноў пойдуць у свае садкі. Відавочна, малыя стаміліся, але не турбуюць бацькоў капрызамі, трываюць. Вось і цяпер падышлі бліжэй мама з хлопчыкам – іх чарга. Неўзабаве да іх падбеглі чарнявы падлетак з дзяўчынай такога ж узросту. Скорагаворкай ён выпаліў:
– Я тут чаргу займаў, а пакуль бегаў, яна прайшла, дык я зараз зайду, – больш сцвярджаючы, чым пытаючыся, звярнуўся ён да жанчыны. Хлапец бліжэй прашчаміўся да дзвярэй кабінета, жанчына з хлопчыкам моўчкі адышлі ўбок.
– Дык ты, мабыць, надта далёка бегаеш? – з доляй іроніі спытала іншая жанчына з чаргі, таксама з дзіцем. – Бо і ў панядзелак казаў тое самае.
– Ды не, я займаў чаргу, – даказвў той з раптам пачырванелымі вушамі. – Во, хто хочаце ў чарзе пацвердзіць, – рука паказвае на людзей у калідоры.
Ды чамусьці ніхто нават не кіўнуў галавою ў знак згоды. Можа, таму, што ў першы раз бачылі гэтага «бягуна»?
Той жа спрытна шмыгнуў у кабінет, а праз некалькі хвілін выскачыў, тут жа ўручыў сваёй спадарожніцы ў мехавай шапцы бальнічны ліст:
– Табе яшчэ да загадчыка паліклінікі трэба, пайшлі.
Спрытна «абагнаўшы» старых і малых, парачка рэціравалася. Каб, пэўна, і ў іншым месцы, «прапусціўшы» чаргу, усюды паспець.
Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries