Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сам выжыў, а штосьці памерла…

З часам многае з таго, што было ў жыцці, бачыцца зусім па-іншаму. Нярэдка ловіш сябе на думцы, што сёння ў той сітуацыі, якая некалі адбылася, паступіў бы зусім іначай. Вось і я часам вельмі шкадую, што мала ведаю пра мінулае сваіх родных, якім выпала ваяваць. А распытваць даўно няма ў каго…

Аднаму з маіх родных дзядзькоў не пашчасціла вярнуцца з той страшнай вайны (ён загінуў пад Кенігсбергам, так і не ўбачыўшы маленькага сына, які нарадзіўся ўжо без бацькі). У вёску прыйшло паведамленне, што дзядзька Аляксандр прапаў без вестак, і гэта крыху грэла сэрцы яго блізкіх (не напісана ж, што загінуў), давала хоць невялічкую надзею: а раптам жывы… А пасля быў яшчэ адзін ліст – ад франтавога сябра, які напісаў пра гераічную і пакутную (яго фашысты спалілі жывым разам з іншымі параненымі) смерць дзядзькі. Партрэт сваяка, якога я не ведала, і сёння вісіць у хаце маіх бацькоў.
Па-іншаму, але таксама трагічна, склаўся лёс і другога дзядзькі, Рыгора. Ён таксама зусім маладым пайшоў на фронт, але, так склалася, у адным з баёў трапіў у палон. З гісторыі ведаем і пра вядомы Загад № 227 (памятаеце: ні кроку назад!), і пра тое, што тых, хто трапіў у лапы ворага жывым, лічылі здраднікамі, і трэба было доўга даказваць адпаведным службам, што гэта не так. Усё гэта было і ў жыцці дзядзькі Рыгора. Ужо пасля таго, як ён вярнуўся з Германіі на радзіму. А напамінкам пра гады палону было яго падарванае здароўе і ранняя смерць.
Дзіцячая памяць яшчэ захавала яго аблічча: высокі худы чалавек, які нават улетку цёпла апранаўся і ўвесь час кашляў. Мне, малому дзіцяці, ён здаваўся старым дзядулем, хоць на той час яму было крышку за пяцьдзясят. Што мы, малышня, маглі спытаць у яго пра вайну? Ды і не ўяўлялі на той час пра яе нічога. Гэта цяпер ведаю з маміных расказаў, колькі выпала вынесці маладому хлопцу ў палоне. Ды і пазней, калі яго ўзялі працаваць да багатага нямецкага баўэра, было не лепш. Пастаянна галодны, у лёгкай вопратцы нават зімою, ён ужо і не спадзяваўся, што выжыве. Дачакаўся вызвалення, як на крылах ляцеў на радзіму, дзе яго чакалі… сур’ёзныя праверкі-допыты. І пасля, расказвалі сваякі, дзядзька Рыгор не любіў прыгадваць вайну – вельмі многае яна адняла ў жыцці… Яны пайшлі на фронт маладымі, здаровымі, упэўненымі ў хуткай перамозе. Гэта пра такіх напісаў паэт-франтавік Мікалай Маёраў:
Мы были высоки, русоволосы,
Вы в книгах прочитаете как миф
О людях, что ушли не долюбив,
Не докурив последней папиросы.
Каму ж пашчасціла выжыць і прайсці праз палон, той вярнуўся зусім іншым чалавекам, які ўжо, як ні стараўся, не мог быць ранейшым – маладым, упэўненым, здаровым. Такім пакалечаным вайной да апошніх дзён заставаўся і мой дзядзька Рыгор. Ён перажыў тую вайну, але здавалася, што нешта ў ім у тым палоне памерла…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries