Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Мы жывём там, дзе продкі жылі…»

Адным з дажджлівых ранкаў напрыканцы жніўня шлях мой ляжаў у Ілью. Была ў мяне і канкрэтная мэта: наведаць музей «Спадчына», што адкрыўся ў 2005 годзе пры Ільянскім аграрным каледжы. Пакуль машына мякка пераадольвала ўзгоркі, а вока адвольна вылоўлівала адценні фарбаў у перадвосеньскім пейзажы, думалася, што нашы краявіды, магчыма, камусьці і пададуцца шэрымі і нецікавымі, ды яны – як бабуліна перабіранка, і ў агульным някідкім фоне не меней яркіх фарбаў і адценняў, чым у экзатычных даляглядах далёкіх краін. Такім чынам я настройвалася на знаёмства з музеем…

SSA52515Тым часам мы на месцы. Музей «Спадчына» размешчаны на першым паверсе інтэрната, у якім жывуць навучэнцы аграрнага каледжа. Насустрач выходзіць стваральніца музея і яго бяззменны экскурсавод, чалавек, для якога музей – частка жыцця і справа душы, – Галіна Маханёк.
Экспазіцыя пачынаецца са стэнда «З глыбінь стагоддзяў». Тут змешчана інфармацыя пра гісторыю назвы вёскі, пра яе ўзнікненне.
– Спачатку было дзве хаткі, якія паступова абрасталі домікамі-куранькамі, – распавядае Галіна Іванаўна і працягвае, – канечне ж, гэтаму спрыяла размяшчэнне мястэчка на перасячэнні буйных шляхоў. Пазней з`явіліся пітныя ўстановы, так званыя шынкі. Люду большала, мястэчка пашыралася…
У музеі я заўважыла рэчы з дамашняга абіходу, лапці, вопратку – пэўна, якраз з тых старадаўніх часоў, бо лапці былі ашчадна ўкладзены ў цэлафанавы пакет.
Далей Галіна Іванаўна правяла мяне па ўсіх раздзелах музея, трапна адзначаючы самае асноўнае, каб ахапіць усю назбіраную за доўгія гады інфармацыю і адначасова не стаміць слухача. Я даведалася і пра помнікі гісторыі, размешчаныя на тэрыторыі колішняга Ільянскага сельсавета, і пра памятныя даты ў жыцці вёскі, звязаныя з сусветнай гісторыяй, пра былы шклозавод, пра чатыры панскія сядзібы, пра помнікі архітэктуры, пра партызанскае падполле і яго герояў, пра колішні тэхнікум, а цяпер каледж, пра яго кіраўнікоў і навучэнцаў, што дадалі нешта сваё ў развіццё роднай установы адукацыі…
Улоўліваючы новую для сябе інфармацыю і знаёмячыся з экспанатамі, тым не менш, адзначыла, што Галіна Іванаўна – якраз той нераўнадушны чалавек, якіх цяпер няшмат. Захаванне гісторыі – вельмі важная справа, і ні ў якім разе нельга ставіць на адну дошку музей і, напрыклад, інтэрнэт. Раю ўсім: калі хочаце дакрануцца душой да гісторыі – ідзіце ў музей. У мяне склалася менавіта такое ўражанне пасля наведвання «Спадчыны».
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries