Улетку нашы вёскі, нават самыя аддаленыя і маланаселеныя, ажываюць – да бабуляў і дзядуляў прыязджаюць унукі, на ўвесь сезон вяскоўцамі становяцца дачнікі. І менавіта ў гэтую пару традыцыйна праходзяць святы вёсак, на якія збіраюцца не толькі мясцовыя жыхары і дачнікі, але прыязджаюць і тыя, хто нарадзіўся і вырас у той ці іншай мясцовасці. Пра адно з такіх святаў расказала на днях жыхарка вёскі Рэчкі Крывасельскага сельсавета Раіса Клімовіч.
– Да свята мы рыхтаваліся, загадзя пастараліся звязацца з тымі выхадцамі з Рэчак, хто жыве далёка, і запрасіць, – падзялілася Раіса Мікалаеўна. – І вельмі многія адгукнуліся, знайшлі час на наша агульнае свята. Прыехалі з розных гарадоў нашай краіны. І не толькі з Беларусі, але і з замежжа, што пацвярджае, наколькі важная для кожнага чалавека сувязь з малой радзімай, дзе ўбачыў свет і рос.
Трэба было бачыць, як цёпла і радасна мы віталі адзін аднаго, абдымаліся, як самыя блізкія і родныя людзі, што сустрэліся пасля доўгіх гадоў разлукі. Былі шчырыя, часам са слязьмі на вачах, успаміны пра мінулае, важныя падзеі і нашых аднавяскоўцаў.

Мерапрыемства праходзіла на пляцоўцы, што побач з мясцовым магазінам. Было ўрачыста, хвалююча і весела. Старшыня Крывасельскага сельсавета Алена Жук адзначыла, што вельмі важна шанаваць сваю малую радзіму, рабіць усё для таго, каб наша вёсачка жыла і прыгажэла.
А святочную атмасферу на мерапрыемстве стваралі цудоўныя жанчыны, прафесіяналы сваёй справы Марына Юркевіч, загадчыца Ерхаўскага сельскага клуба, і бібліятэкар Людвіноўскай бібліятэкі Жанна Андрыеўская. Гэта дзякуючы ім, таленавітым і нераўнадушным, сустрэча прайшла, што называецца, на адным дыханні.
Прыемна, што тут, на свяце, без ніякіх рэпетыцый стварыўся шматгалосы хор, песні ў выкананні якога разносіліся далёка па наваколлі. Весяліліся і спявалі Рэчкі!
Раіса Мікалаеўна цёпла расказвала і пра важныя моманты свята: віншаванні юбіляраў, тых, хто адзначыў залатое вяселле, старэйшых жыхароў – мясцовых і ўсіх, для каго вёска стала роднай пазней, хто праслаўляе гэтыя мясціны.
Тым, хто правёў мерапрыемства і стаў яго актыўным удзельнікам, жанчына выказала самыя шчырыя словы падзякі ад імя мясцовых жыхароў.
«Вёсачка мая, мая чараўніца…» – гэта і пра Рэчкі, зазначыла Раіса Мікалаеўна. І песня пра родную вёску льецца і будзе ліцца звонка! Дзеля таго яе жыхары робяць усё.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота прадастаўлена Жаннай АНДРЫЕЎСКАЙ







