Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сустрэча праз 50 гадоў: выпускнікі Карпавіцкай школы сабраліся разам, каб ажывіць мінулае

Аднакласнікам

Нам лёс адсыпаў поўнай жменяй
З сваёй багатае сяўні
Дабра даволі, бед – не меней.
На шляху – ямы, карані.
Яно здаралася, што ногі
Збівалі ўшчэнт мы, да крыві,
Аднак не збочвалі з дарогі,
Праз боль і слёзы – а ішлі.
Якім чаканым і салодкім
Хвілінны быў для нас прывал.
Шкада, ён быў заўжды кароткім,
Бо зноў чакаў нас перавал.
І мы без стогну лезлі ўгору
(Нас гартавалі камяні).
Шлях пакараецца напорным! –
Адзіны быў нам напамін.
І мы свае вяршыні бралі –
Не ганарыліся сабой,
Ад лёсу ласкі не чакалі,
Гатовы заўтра зноў на бой.
На бой са здрадай і маною,
Якія так бракуюць жыць,
Каб Чалавек быў век сабою,
Каб раўнадушных зварушыць.
А ў Чалавеку чалавечнасць
Каб буйным цветам расквяціць…
І хто нам скажа, запярэчыць,
Што па-другому трэба жыць?!

Гэта – пра нас, выпускнікоў Карпавіцкай сярэдняй школы 1975–1976 навучальнага года. Роўна 50 гадоў мінула з таго часу, калі 33 вучні 10 класа (22 хлопцы і 11 дзяўчат) атрымалі атэстаты, станцавалі развітальны школьны вальс, сустрэлі світанне – і, пераступіўшы школьны парог, выйшлі ў самастойнае жыццё.

50 гадоў, а здаецца – зусім нядаўна. Няма ўжо нашай школы, не чуваць званкоў на ўрок ці на перапынак, не чуваць дзіцячых галасоў і бегатні. Але памяць вярнула тыя дні, калі былыя выпускнікі, а сёння ўжо бабулі і дзядулі, зноў сабраліся разам, каб ажывіць мінулае, каб вярнуцца ў юнацтва і сагрэцца душою ля цяпельца ўспамінаў.

І вось яны, нашы настаўнікі, праходзяць перад намі: дырэктар школы Ніна Кірылаўна Юшко, першая настаўніца Марыя Іванаўна Анціпенка, класны кіраўнік Марыя Іванаўна Бачко, настаўнікі Аляксандра Мікалаеўна ЛатушкінаРэгіна Уладзіміраўна ЧаеўскаяНадзея Рыгораўна ДоўнарВера Іванаўна РавякаВалянцін Рыгоравіч Анціпенка і многія іншыя, дзякуючы каму мы не баяліся цяжкасцей і смела глядзелі ў будучыню. Хаця многіх з іх ужо няма, аднак нізкі паклон ім за чалавечнасць, дабрыню, спагаду і паразуменне.

І пацяклі ўспаміны:
– А памятаеце, як Юра Уласаў і Саша Жук спявалі і танцалі на школьных вечарах…
– А памятаеце, як ехалі на футбол у Вілейку…
– А памятаеце, як збеглі з урока (было і такое!)…
– А памятаеце, як нялёгка даваліся вершы на памяць…

І ў кожнага было свае «А памятаеце…». Але гэта ўжо ў мінулым.

А што ж сёння? Тут хтосьці пажартаваў: «Пенсія!» Так, пенсія. Але ж і да яе было багатае і цікавае жыццё, любімыя прафесіі. Кім толькі ні сталі нашы выпускнікі?! Тут і бухгалтары, і вадзіцелі, і работнікі культуры, і працаўнікі сельскай гаспадаркі, і геадэзісты, і настаўнікі. Ды хіба ўсіх успомніш?! Але галоўнае – усе яны засталіся людзьмі, адданымі сваёй справе і верныя свайму слову.

Як хораша было назіраць за былымі аднакласнікамі, для якіх словы «дружба», «сяброўства», «дапамога», «падтрымка» і сёння не проста гукі, а штосьці намнога большае і даражэйшае. Каб было інакш – то ці прыехалі б яны на сустрэчу і з Расіі, і з Літвы? Не гаворачы пра розныя куточкі Беларусі…

Якімі апладысментамі, якімі шчырымі словамі сустракалі нашых Аляксандра і Тамару Жук! Яшчэ са школьнай парты пачалося іх сяброўства. Сустрэча выпускнікоў супала з 46-годдзем іх сямейнага жыцця.

Па-добраму здзівіў усіх і Валерый Серка, які спакойна, але з такой гордасцю падзяліўся: «А ў мяне 15 унукаў!»

Хіба ж гэта не шчасце?! Дзеля такога варта жыць!

Віктар КАЖУРА/ Фота прадстаўлена Вольгай Пінчук

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 236 queries