Кола неадкладных сельскагаспадарчых спраў бясконцае: веснавая сяўба, нарыхтоўка кармоў, догляд пасеваў, жніво, сяўба азімых… Да белых мух заняты аграрыі важнымі для ўсіх нас справамі. Ды і зімой не сядзяць – вунь колькі клопатаў у жывёлаводаў ды механізатараў, якія абслугоўваюць фермы! У іх, гаспадароў на бацькоўскай зямлі, спраў хапае заўсёды.
У прадчуванні жніва
У гэтыя ліпеньскія дні аграрыі раёна ў прадчуванні важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі – жніва. Вось-вось масава разгорнецца яно, аб’яднаўшы ўсіх датычных да нараджэння Хлеба агульнай мэтай: у тэрмін убраць вырашчаны ўраджай, спарадкаваць яго і надзейна захаваць. Так было, ёсць і заўсёды будзе – і гэта святое.
Прафесіяналы, якія не сыходзяць
Нядаўна давялося гутарыць з галоўным інжынерам РСУП «Першы Беларускі» Генадзем Жыгалавым пра самы галоўны скарб любой арганізацыі – людзей, якія аддалі працы на зямлі многа гадоў і цяпер, нягледзячы на пенсійны ўзрост, не адмаўляюць у дапамозе. На такіх працавітых ды адданых працы ўсё і трымаецца, зазначыў Генадзь Уладзіміравіч і назваў два прозвішчы, якія чытачам нашай газеты, напэўна, добра знаёмыя, – Барыс Яўгель і Васлаў Вайцяшонак.


Абодвух аб’ядноўвае тое, што яны сталі прадаўжальнікамі працавітых дынастый – усё сваё жыццё аддалі гаспадарцы, дзе ў свой час працавалі іх бацькі.
Нястомныя працаўнікі
– Барыс Іванавіч на трактары заняты звычайна на ўсіх работах: на нарыхтоўцы кармоў, вывазцы арганікі, адвозцы саломы і сена, – расказаў Генадзь Жыгалаў. – А Васлаў Васлававіч на бартавым «МАЗе» перавозіць самыя розныя грузы. Абодва маюць багаты вопыт працы на жніве. Адным словам, прафесіяналы.
Мне прыгадаліся моманты ўборачнай, калі з героямі гэтай публікацыі – прадаўжальнікамі хлебаробскіх дынастый – сустракаліся на палях. Нялёгкая, адказная, як кажуць, да сёмага поту, але такая родная, да болю знаёмая, дзесяцігоддзямі адшліфаваная іх праца. І ёй ветэраны, ужо нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, верныя і цяпер.
Сплаў маладосці і вопыту
Прыемна было пачуць падзячныя словы пра ветэранаў ад маладога кіраўніка. Значыць, цэняць маладыя сваіх старэйшых калег, вучацца ў іх і працуюць у цеснай звязцы. А сплаў маладосці і вопыту – рэч трывалая, неразрыўная.
Жніво пачынаецца
У раёне стартавала ўборачная. Аграрыі прыступілі і прыступаюць да гэтай надзвычайна важнай кампаніі. Вяскоўцы і гараджане, юныя і вопытныя – усе яны ўступяць, вобразна кажучы, у бой за ўраджай. І ў гэтай паважанай кагорце абавязкова будуць ветэраны, прафесіяналы сваёй справы, якія ў такі адказны час проста не могуць быць у баку ад важнай справы. Магчыма, будуць у іх ліку і героі гэтага матэрыяла, бо жніво для іх – не проста слова.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота з архіва рэдакцыі і прадастаўлена Генадзем ЖЫГАЛАВЫМ







