Не працай адзінай
Звычайна дзейнасць гэтага грамадскага фарміравання – прафсаюза – людзі звязваюць з абаронай правоў працоўных, кантролем за захаваннем працоўнага заканадаўства, умовамі на вытворчасці, аховай працы і іншымі пытаннямі. Аднак ёсць яшчэ адзін не менш важны накірунак – арганізацыя культурных і аздараўленчых мерапрыемстваў. Не працай адзінай жыве чалавек, а для таго, каб плённа працаваць, трэба добра адпачыць.

– Гэта я заўсёды кажу рупліўцам сельскагаспадарчай галіны, сустракаючыся на мехдварах і фермах, – адзначыла старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Супрановіч. – Прапаноўваем аграрыям пуцёўкі ў санаторыі і прафілакторыі, удзельнічаем у спартыўных мерапрыемствах, выязджаем на экскурсіі.
Зусім нядаўна, падкрэсліла Ірына Аляксандраўна, раённым прафсаюзам работнікаў АПК была арганізавана цікавая паездка ў Хатынь і на Курган Славы. Жадаючых з’ездзіць на гэтыя мемарыяльныя комплексы, яшчэ раз узгадаць жахлівыя гады вайны, перажытае нашым народам і адчуць гонар за нашых гераічных продкаў, было нямала. Сярод экскурсантаў былі і юныя вілейчане, для якіх гэтая экскурсія стала сапраўдным адкрыццём, своеасаблівым урокам патрыятычнага выхавання.
Уражанні і планы
– Уражанні самыя шчырыя і незабыўныя, – падзялілася Ірына Супрановіч. – Усе засталіся задаволеныя паездкай, не пашкадаваў ні адзін чалавек. Наадварот, цікавіліся наступнымі мерапрыемствамі. Так што будзем працаваць, арганізоўваць нешта патрэбнае людзям і цікавае.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота прадастаўлена Ірынай СУПРАНОВІЧ







