Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзень Савета ў Крывасельскім сельсавеце: парадак на зямлі, традыцыі і справы надзённыя

На парадку дня чарговага Дня Савета былі традыцыйныя пытанні: добраўпарадкаванне населеных пунктаў, функцыянаванне аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі, работа па скарачэнні незавершаных будаўніцтвам дамоў і лецішчаў, а таксама па продажы зямельных участкаў і іншыя акцэнты. Складаемых, якія сведчаць пра парадак у тым або іншым сельсавеце, шмат – і такая форма работы дазваляе на іх спыніцца дэтальна.

Касута: традыцыі і сучаснасць

Падчас падрыхтоўкі да візіту выязной групы на чале са старшынёю Вілейскага райвыканкама Анатолем Завацкім у Крывасельскім сельсавеце была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Маршрут, «гідам» на якім была старшыня сельвыканкама Алена Жук, пачаўся з вёскі Касута, дзе ў маляўнічым месцы размешчаны старажытны храм святых апосталаў Пятра і Паўла.

Вядомы ён і сваім традыцыйным фэстам з адметнымі ласункамі – цукровымі «пеўнікамі», які збярэ шматлікіх гасцей у Касуце ўжо ў гэтую нядзелю. Каля храма ўдзельнікаў выязнога мерапрыемства і сустрэў стараста вёскі Анатоль Качан, які расказаў пра яе гісторыю і сучаснасць, паўсядзённыя клопаты.

Надзённае і перспектывы Рабунскай школы

Наступнай кропкай на маршруце стала Рабунь, дзе наведалі мясцовую базавую школу. Пра тое, як арганізаваны вучэбны працэс, пазашкольная дзейнасць, пра надзённае і перспектывы расказаў дырэктар установы адукацыі Сяргей Паўлоўскі. Сёлета ў базавай школе вучылася 35 вучняў і 8 выхаванцаў наведалі клас дашкольнай адукацыі. Планы на будучы вучэбны год – 32 вучні і 7 «дашкольнікаў». Пра гісторыю школы госці даведаліся, наведаўшы яе музей, дзе захоўваюцца не толькі экспанаты, але і памяць пра тых, хто вучыў і хто вучыўся.

«Проста Марыя» – не толькі беларускі гатунак, а справа для душы

Падчас пераезду з Рабуні ў Сліпкі зрабілі прыпынак, каб пазнаёміцца з гаспадаром пладовага сада Юрыем Галавачом. Сад – грушавы.

«Культура вельмі складаная, з ёй мала хто звязваецца, а я вырашыў простых шляхоў не шукаць», – расказаў Юрый Васільевіч.

Па адукацыі ён інжынер электроннай тэхнікі, усё жыццё прысвяціў вытворчасці, а калі з’явіліся час і магчымасць, заняўся той справай, якой прасіла душа.

Галоўная пагроза маладым грушавым дрэўцам – не толькі іржаўчына і даўганосік, а таксама няпрошаныя госці і зваротныя замаразкі.

Нягледзячы на перашкоды, справа ідзе – і Юрый Галавач упэўнены, што хутка беларусы абавязкова пакаштуюць духмяную прадукцыю з яго сада.

У полі зроку – апусцелыя «домікі ў вёсцы»

Сліпкі, Асташкава, Ерхі, Жукавічы, Асавец, Балашы, Навікі, Варонічы, Катлоўцы, Грыгаркі, Рэчкі, Татараўшчына і Малькевічы – пра тое, як вядзецца работа з пустуючымі дамамі ў гэтых і іншых населеных пунктах сельсавета, падрабязна расказала Алена Жук. Алгарытм па выяўленні такіх дамоў і вызначэнне іх далейшага лёсу замацаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №116 – і рэалізуецца на практыцы.

У аграгарадку Ерхі ўдзельнікі Дня Савета наведалі аддзяленне паштовай сувязі, дзе нядаўна адкрыўся пункт выдачы тавараў папулярнага маркетплэйса, і Ерхаўскі сельскі клуб, а ў Балашах – мясцовы ФАП, які абслугоўвае больш за 150 чалавек насельніцтва.

Таксама Балашы вядомыя фермерскай гаспадаркай «Вулей» – уся сям’я Паслед працуе на зямлі. Палі квітнеючай фацэліі, вырошчваемай імі, па эстэтыцы нічым не ўступаюць лавандавым палям.

Пра што памятаюць «Рэчкаўскія пагоркі»?

Археалагічны комплекс Рэчкі знаходзіцца на тэрыторыі помніка рэспубліканскага значэння «Рэчкаўскія пагоркі». Першыя людзі з’явіліся тут больш за 2 тысячы год таму, калі на прыродных узвышэннях збудавалі два ўмацаваныя паселішчы балты. Характэрнай рысай іх матэрыяльнай культуры быў керамічны посуд са штрыхоўкай. А потым тут жыло новае насельніцтва – крывічы, якія сваіх супляменнікаў хавалі па абраду крэмацыі ў курганах. Менавіта ў такім пахаванні была знойдзена ўнікальная знаходка – у гаршку, якім было накрыта пахаванне, захавалася абвугленая каша з проса. Пра гэта ўдзельнікам выязнога мерапрыемства расказала прадстаўніца БДУ, якая зараз разам з трыццаццю студэнтамі-першакурснікамі гістфаку працуе на Вілейшчыне.

Побытавыя рэчы, рэшткі тагачаснай зброі – любая знаходка экспедыцыі дазваляе атрымаць новыя каштоўныя звесткі пра змену насельніцтва ў Беларускім Павіллі. Раскопкі працягваюцца ўжо шосты год – і ўсё новыя знойдзеныя артэфакты дазваляюць адкрываць таямніцы гісторыі.

Цэнтр сельсавета – Крывое Сяло

Тут удзельнікі Дня Савета наведалі фельчарска-акушэрскі пункт, на абслугоўванні ў якога больш за 700 чалавек, аддзяленне паштовай сувязі і мясцовы Дом культуры, вядомы даўнімі традыцыямі саломапляцення  – аб’яднанню «Крывасельская вясёлка» сёлета споўнілася 35 год. На базе клуба і адбылося традыцыйнае падвядзенне вынікаў.

Кожны Дзень Савета – гэта аналіз як станоўчых момантаў, так і недахопаў, карысны абмен вопытам і падстава для рашучых дзеянняў. Гэтым пытанням прысвячалася падвядзенне вынікаў убачанаму. Пасля даклада старшыні Крывасельскага сельвыканкама Алены Жук, выступлення старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Чабатар, Анатоль Завацкі адзначыў, што побач са станоўчым ёсць і праблемы, працаваць над якімі трэба сістэмна. Гэта – задача кожнага старшыні сельвыканкама разам з насельніцтвам.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 238 queries