Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сем хвілін да фабрыкі і тры дзясяткі гадоў у прафесіі : жыццёвы шлях Наталіі Максіменка

Дарога да фабрыкі: якой яна была ў Наталіі Максіменка, перадавой працаўніцы Вілейскай мэблевай фабрыкі філіяла закрытага акцыянернага таварыства «Маладзечнамэбля», раскажам ніжэй.

Шлях у прафесію

Шлях у будучую прафесію пачаў вызначацца для яе яшчэ з дзяцінства. Тады, вядома ж, падсвядома. Матуля Наталіі, Леаніда Аляксандраўна Путро, тры дзясяткі гадоў адпрацавала аддзелачніцай на мэблевай фабрыцы. «Здаралася, у дзяцінстве бегала да мамы на працу, – прыгадала Наталія Пятроўна. – Бачыла, якой важнай работай заняты тут людзі, адчувала атмасферу, што панавала на вытворчасці…» Аднак вучыцца дзяўчына вырашыла на повара і з гэтай мэтай абрала навучальную ўстанову ў Баранавічах.

Чарнобыль

Наталля заканчвала вучобу, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Нябачная чалавечаму воку небяспека распаўзлася па навакольных тэрыторыях, забруджваючы іх. «А я на той час толькі адвучылася і на практыцы была ў 60-кіламетровай зоне, – прыгадала мінулае Наталія Пятроўна. – Пазней давялося працаваць і ў 30-кіламетровай». Там, у Нароўлі, дзяўчына сустрэла сваё каханне, выйшла замуж, нарадзіла двух сыночкаў – Сяргея і Дзяніса. Праз пэўны час маладая сям’я ўжо ў сумнай якасці перасяленцаў была вымушана пераехаць на Вілейшчыну, да родных Наталіі. У Вілейцы маладым прадаставілі кватэру і, здавалася б, можна было жыць, радавацца кожнаму дню, гадаваць дзетак… Аднак лёс падрыхтаваў маладой жанчыне новыя выпрабаванні: зусім маладым памёр муж; затым моцна захварэў (і гэта было вынікам жыцця на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі) і ў 18-гадовым узросце пайшоў з жыцця малодшы сын; а хутка не стала і яе бацькі.

«Не ведаю, як толькі вытрымала ўсё», – кажа цяпер Наталія Пятроўна. Вытрымала і знайшла сілы жыць, бо ведала, што яна патрэбна сваім блізкім – сыну і матулі. Яны ды праца дапамагалі крышку забыцца, давалі сілы.

Па слядах маці

Працоўны стаж Наталіі Максіменка на мэблевай фабрыцы пачаўся ўжо ў далёкім верасні 1994 года. Тады, пераехаўшы на малую радзіму, яна і пайшла на прадпрыемства, пра якое ведала не з чыіхсьці слоў і якому столькі гадоў сумленнай працы аддала яе матуля. «Спачатку шыла “рубашкі”, – узгадала пачатак працы на фабрыцы мая суразмоўца і, убачыўшы маё здзіўленне, з усмешкай удакладніла: – Не, не швачкай працавала, маю на ўвазе “адзенне” для мэблі – “рубашкі” тыя былі з дубовага шпону. Пазней давялося папрацаваць на шліфоўцы, затым – на новым станку». Дзень за днём, год за годам ляцеў час, жанчына шліфавала не толькі мэблю, але і сваё майстэрства, станавілася прафесіяналам.

Сур’ёзная, адказная, сумленная, яна хутка стала сваёй у калектыве фабрыкі, а гэты калектыў стаў для яе нечым накшталт другой сям’і. Цяпер, зазначае Наталія Пятроўна, на мэблевай яна добра ведае не толькі вытворчасць, але і кожнага чалавека.

Сумленная працаўніца не раз узнагароджвалася граматамі і падзякамі – так адзначаліся яе працоўныя дасягненні, прафесіяналізм, вялікі ўклад у станаўленне прадпрыемства, якому яна аддала больш за тры дзясяткі гадоў, заслужыла ганаровае званне – ветэран працы.

Сем хвілін да фабрыкі

Прыкладна сем хвілін патрабуецца Наталіі Максіменка, каб дайсці ад свайго дома да фабрыкі. Зручна, кажа, што зусім побач два галоўныя ў яе жыцці месцы. Ды і за гэтыя сем хвілін, кіруючыся штораніцы да прахадной, паспявае жанчына абдумаць і спланаваць свой рабочы дзень, а яшчэ – у думках «наведацца» да сына, што жыве з сям’ёй у сталіцы. Яны, блізкія людзі, – самае дарагое ў яе жыцці. Радуецца матуля поспехам працавітага сына, цешыцца, якімі кемлівымі і добрымі растуць яе любімыя ўнукі, і жыццё працягваецца.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 192 queries