Імя Валянціны Зінкевіч, брыгадзіра малочна-таварнай фермы «Забалацце» сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Юнік-АГРА» ААТ «Мінскі малочны завод №1», у раёне, што называецца, на слыху – у ліку перадавікоў сельскагаспадарчай галіны яна за час працы на ферме была не раз.
– У гаспадарцы працую ўжо пятнаццаць гадоў, – расказала пра сябе Валянціна Станіславаўна, – і гадоў шэсць – на гэтай ферме.
Як часта бывае, будучую прафесію ў свой час дзяўчына выбрала невыпадкова – маці шмат гадоў працавала на ферме. Вось і дачка, магчыма, падсвядома пайшла па яе слядах. Аднак не памылілася, як паказала жыццё. Сёння на ферме, дзе працуе жанчына, каля тысячы трохсот галоў жывёлы, за якую калектыў адказны.
– Стараемся, каб усюды і ва ўсім у нас быў парадак, – зазначае брыгадзір. – Агульнымі намаганнямі робім справу, бо ўсе зацікаўлены ў яе канчатковым выніку. Вялікую дапамогу адчуваем ад нашых кампетэнтных спецыялістаў – галоўнага заатэхніка Раісы Лазовік і галоўнага ветурача Інэсы Ікановіч. У любой сітуацыі, з любым пытаннем звяртаемся да іх і заўсёды атрымліваем канкрэтную дапамогу і слушныя рэкамендацыі. Камфортна працаваць побач з такімі людзьмі.

Валянціна Станіславаўна прызнаецца, што калегі па працы для яе – нібыта другая сям’я, дзе ўсе ў адной звязцы, падтрымліваюць адно аднаго, могуць у любы час падставіць плячо таму, каму трэба дапамога. А гэта вельмі важна.
У выхадныя і на святы да матулі наведваюцца дзеці і ўнукі, якія жывуць у сталіцы. Такія дні, калі збіраюцца ўсе разам, так радуюць жанчыну! Блізкія людзі дзеляцца навінамі, прыгадваюць мінулае, нешта плануюць на будучыню, і душэўным размовам, здаецца, не будзе канца.
– Здараецца, езджу да дзяцей у Мінск і я, – падзялілася Валянціна Станіславаўна. – Толькі не магу доўга быць у вялікім горадзе – вельмі шумна там, мнагалюдна, не хапае таго, што ёсць тут, у вёсцы, – цішыні, магчымасці пабыць на прыродзе… Калі шчыра, ніколі не прамяняла б сваю вёску на горад.
І зноў міжволі прыгадалася народнае пра «дзе нарадзіўся…» Вось і Валянціна Зінкевіч – адна з тых людзей (якіх вельмі паважаю!), што прыгадзіліся на роднай бацькоўскай зямлі.
Ірына БУДЗЬКО








