Дбайная гаспадыня, шчырая працаўніца, мнагадзетная матуля і бабуля семярых унукаў, майстрыха, актывістка, аўталедзі – усё гэта пра Ірыну Бабкевіч з вёсачкі Барысаўшчына Хаценчыцкага сельсавета.

Непрадказальныя шляхідарогі, якія вядуць нас па жыцці. Ведаць у пачатку самастойнага шляху, куды прывядзе лёс, не дадзена нікому. Вось і гераіня гэтага матэрыяла, якая нарадзілася і вырасла ў Оршы, не магла і думаць, што ўсё яе далейшае жыццё будзе звязана з вёсачкай у маляўнічым куточку Вілейшчыны.

Як і многія дзяўчаты і хлопцы, Ірына ў юнацтве марыла жыць у сталіцы. Сюды, у Мінск, і прывяло яе жыццё, падараваўшы самае галоўнае – лёсавызначальную сустрэчу з будучым мужам. Валянцін прыехаў у сталіцу з вёскі Залескія, што на Вілейшчыне. Сустрэліся, пакахалі адно аднаго, пажаніліся – па такім сцэнарыі пайшло жыццё маладых.
У іх сям’і ўжо было гадавалае дзіцятка, калі Бабкевічы прынялі кардынальнае рашэнне – пераехаць жыць на малую радзіму мужа.
– Яго вельмі цягнула дамоў, – расказала Ірына Леанідаўна. – Ды і з уласным жыллём у сталіцы нам нічога не «свяціла». А мяне, хоць і гарадскую дзяўчыну, сельскі ўклад жыцця не палохаў, бо школьніцай усе канікулы праводзіла ў бабулі на вёсцы, многаму навучылася. Таму і не пужалі мяне ні клопаты з жывёлай, ні дзялкі буракоў, ні «соткі».
Спачатку маладыя жылі разам з бацькамі мужа ў Залескіх, затым мясцовая гаспадарка, дзе абое працавалі (Ірына Леанідаўна – касірам, а Валянцін Францавіч – механізатарам), пабудавала ім дом у Барысаўшчыне, дзе нарадзіліся і раслі іх пяцёра дзетак. У свой час жанчына атрымала высокую ўзнагароду – Ордэн маці. Можна толькі ўявіць, колькі клопатаў было ў мнагадзетных сяльчан, якія, акрамя асноўнай работы, мелі вялікую ўласную гаспадарку: карову (было, што трымалі і па дзве), каня, свіней, птушку. Да таго ж – агароды, «соткі», як і ва ўсіх дбайных гаспадароў.
Непрыкметна праляцелі гады. Выраслі і пайшлі ў самастойнае жыццё дзеці, стварылі свае сем’і. Зараз у Ірыны Леанідаўны ўжо ёсць сямёра ўнукаў. Трынаццаць гадоў назад пайшоў з жыцця муж, і жанчыне ў іх доме стала адзінока. «Яшчэ некалькі гадоў пасля мужа трымала дзвюх кароў, – падзялілася мая суразмоўца, – а затым прыслухалася да дзяцей, якія настойліва раілі збываць рагулек, крыху аблегчыць сабе жыццё. Цяпер у мяне толькі куры ды сабачкі».
Затое менавіта цяпер у жанчыны з’явіўся час на любімыя заняткі, да якіх яе душа цягнулася яшчэ з дзяцінства. Падлеткам яна навучылася шыць (гэтаму ў той час вучылі ў школе), тады ж палюбіла і вязаць, і гэта пераняла ад матулі.

– Летам не вельмі многа часу на маё хобі, – расказала жанчына. – А вось доўгімі зімовымі вечарамі шыю ды вяжу з вялікім задавальненнем. Раней, калі дзеці былі школьнікамі, нават касцюмчыкі для іх шыла. Ды і дарослых радавала абновамі. Зараз вельмі многа вяжу. Гэта і сурвэткі, і сумкі, і карункі, і лялькі… Цікавыя ідэі знаходжу ў інтэрнэце. Там столькі ўсяго карыснага для творчых людзей!

Ірына Бабкевіч надзвычайна цікавая, адкрытая да ўсяго новага і невядомага жанчына. І вельмі нераўнадушная. Ёй зусім не абыякава, якой будзе Барысаўшчына, якую вельмі любіць. Жыла клопатамі вяскоўцаў, калі на працягу амаль дваццаці гадоў была мясцовым дэпутатам, не застаецца ў баку ад грамадска карысных спраў і цяпер. «Ніколі не памяняла б вёску на горад, – прызнаецца яна. – Тут дыхаеш на поўныя грудзі чыстым паветрам; адчуваеш, як пахне зямля, што прачынаецца ад зімовага сну; слухаеш птушыныя спевы і разумееш, што гэта і ёсць самае важнае і галоўнае ў жыцці». І зусім не разумее Ірына Леанідаўна тых, хто лічыць жыццё вяскоўцаў сумным і аднастайным. Нераўнадушны, працавіты, захоплены і творчы сучасны чалавек заўсёды зробіць сваё жыццё цікавым і напоўненым, дзе б ён ні жыў. У гэтым яна ўпэўнена.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота з сямейнага альбома БАБКЕВІЧАЎ








