Важнейшая веснавая сельскагаспадарчая кампанія – сяўба – на Вілейшчыне ў разгары. Гаспадаркі раёна цяпер заняты сяўбой ранніх яравых збожжавых, якіх на 2 красавіка было пасеяна 3086 гектараў, што складае 58 працэнтаў да плана.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Нарачанскія зоры» мы пабывалі напярэдадні заканчэння тут сяўбы ранніх яравых збожжавых.
– Заўтра заканчваем, – канстатавала выконваючая абавязкі галоўнага агранома гаспадаркі Вольга Каспяровіч. – Раннімі яравымі будзе засеяна 445 гектараў. Прыкладна за тыдзень управіліся. Таксама падкормлены азімыя, рапс. Закончым з раннімі яравымі – пачнём сеяць кукурузу, а там, глядзіш, і нарыхтоўка кармоў, жніво – звыклае кола важных сельскагаспадарчых кампаній. Усё як заўсёды. Выконвалі і яшчэ адну важную справу – баранавалі азімыя ад снежнай плесені. Такім чынам апрацавалі болей за тысячу гектараў, і зараз азімыя радуюць.

Сёлета, падзялілася Вольга Сяргееўна, у гаспадарцы вырашылі пасеяць лубін – багатую бялком зернебабовую культуру, якая вельмі карысная для кармлення жывёлы. Сяўба новай для гаспадаркі культуры даверана перадавому механізатару Сяргею Кезіку, які ўжо па добрай традыцыі выконвае гэту важную справу на працягу многіх гадоў. Вось і ў дзень нашага прыезду механізатар працаваў на полі непадалёк ад вёсачкі Ручыца – яго трактар з флагамі, што прыгожа развяваліся на ветры, быў бачны здалёк. А навокал рассцілалася ўжо акуратна засеянае поле. Мне нават уявілася, якім водарна-прыгожым, сонечна-жоўтым будзе яно ў час цвіцення культуры!
Усяго на некалькі хвілін прыпыніўся Сяргей Кезік, каб падзяліцца ўражаннямі ад сёлетняй сяўбы. Усё, зазначыў, ідзе ў штатным рэжыме: справа добра знаёмая, працуецца нармальна, няма праблем ні з тэхнікай, ні з пасяўным матэрыялам. А ўражанні? Самыя пазітыўныя.


Для Вольгі Каспяровіч сёлетняя пасяўная – першая адказная справа ў якасці агранома. З 2014 года працуе яна ў гаспадарцы, да гэтага была брыгадзірам. Мае Вольга Сяргееўна і вышэйшую агранамічную адукацыю, абавязкі галоўнага агранома выконвае паўгода. У юнацтве, расказала яна, марыла стаць настаўніцай, але так склалася ў жыцці, што пайшла завочна вучыцца ў вышэйшую навучальную сельскагаспадарчую ўстанову ўжо мамай дваіх маленькіх дзетак. Было нялёгка, але вучылася старанна, з усім спраўлялася і цяпер ніколькі не шкадуе, што ўсё так склалася ў яе жыцці.

– Мае блізкія – бабуля і бацькі – працавалі і працуюць тут, у гаспадарцы, – падзялілася жанчына. – Вось і я працягваю дынастыю. А сваю прафесію вельмі люблю, хоць і патрабуе яна шмат ведаў і часу. Стараюся спраўляцца. Мяне падтрымлівае муж, які ўзяў на сябе большасць клопатаў па гаспадарцы і доглядзе малодшага сына. Старэйшыя ж дзеці выбралі свае жыццёвыя шляхі: дачка заканчвае медыцынскі каледж і хутка ўжо будзе самастойна працаваць, сын вучыцца на першым курсе БНТУ.
Прыносіць задавальненне работа, камфортна адчуваеш сябе ў працоўным калектыве, ва ўсім падтрымлівае сям’я – гэта, напэўна, вельмі важна для кожнага чалавека. А яшчэ, падкрэсліла Вольга Сяргееўна, важна адчуваць і падтрымку кіраўніцтва. Так у «Нарачанскіх зорах» заўсёды было, так застаецца і цяпер, пры новым кіраўніцтве. І гэта, напэўна, вельмі важна.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота Арыны ГАБЕЦ







