Дынастыю Казімірскіх у адкрытым акцыянерным таварыстве «Алая зара» ведаюць усе. Ды і не толькі ў гэтай гаспадарцы – у раёне іх прозвішча часта называецца ў ліку перадавікоў аграрнай галіны.

Так, шмат гадоў адпрацаваў у Ерхах механізатарам Мікалай Іванавіч, галава сям’і. Не меншы працоўны стаж і ў яго жонкі, Алены Уладзіміраўны, якая шчыравала ў жывёлагадоўчай галіне. Бацькі ўжо на заслужаным адпачынку, а эстафету перадалі сыну Дзмітрыю, дастойнаму прадаўжальніку сямейнай дынастыі.
– Без малога два дзясяткі гадоў працую і ўсё на пагрузчыку, – расказаў пра свае клопаты Дзмітрый Мікалаевіч. – Кармы, збожжа, арганіку – гружу ўсё, што патрэбна ў кожны сезон. Цяпер вось заняты пагрузкай кармоў.
Вось і раніцой у нядзелю, калі мы размаўлялі з Дзмітрыем Казімірскім, ён толькі што прыйшоў з працы. А што ж, жывёлу карміць трэба не толькі ў буднія дні. Гэта я для тых, хто думае , што субота і нядзеля – гэта абавязкова выхадныя. У сельскай гаспадарцы, сябры, іншы падыход і разуменне гэтага.
З дзяцінства Дзмітрый з братам бегалі да бацькі на працу. Па магчымасці ў нечым дапамагалі, і так паступова прыходзілі любоў да тэхнікі і пэўныя веды. Пасля школы, адвучыўшыся на трактарыста, прыйшоў хлопец у гаспадарку. Прыйшоў і тут застаўся. Атрымаў ад «Алай зары» жыллё, дзе жыве і цяпер. Мае на падворку і немалую гаспадарку.
– Некалькі сезонаў быў нават з братам-памочнікам камбайнерам на жніве, – падзяліўся мой суразмоўца. – Канешне, няпростая праца ў сельскай гаспадарцы, але іншай для сябе і не ўяўляю. У горад ніколі не пераехаў бы. Там мне неяк нязвыкла, няўтульна. А тут адчуваеш сябе гаспадаром на сваёй зямлі і робіш справу, якую ведаеш і любіш. А што болей трэба?
І сапраўды, напэўна, нічога.
Ірына БУДЗЬКО/Фото прадастаўлена героем публікацыі








