Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”

У мінулую суботу Вілейка на правах гаспадыні прымала чарговы рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”. Праводзіцца ён ужо ў чатырнаццаты раз і мае сваю гісторыю, багатую на імёны, вобразы і, канечне, таленты. Геаграфія выканаўцаў, якія падымаліся на сцэну – Маладзечаншчына, Мядзельшчына, Смаргоншчына, Валожыншчына, Ашмяншчына, Астравеччына і Вілейскі раён. Гонар нашага краю абаранялі сем удзельнікаў, а дакладней, удзельніц: Ірына Храмцова, Аляксандра Корсак, Ангеліна Талстыка, Кацярына Барташэвіч, Таццяна Макарэвіч, Дар’я Лубнеўская і Наталля Блізнюк.

Усяго ж сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел 38 выканаўцаў. За іх выступленнямі сачыла прафесійнае журы: Эдуард Зарыцкі, кампазітар, народны артыст Рэспублікі Беларусь; Леанід Шурман, кампазітар, аўтар-выканаўца, канцэртмайстар Беларускай дзяржаўнай філармоніі; Дзмітрый Сушко, кіраўнік творчай лабараторыі маладых выканаўцаў Міншчыны, вядучы спецыяліст па музычнаму мастацтву Дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”; Таццяна Грыгаран, намеснік дырэктара Дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”; Алег Комар, вядучы спецыяліст па вакальна-харавому жанру Дзяржаўнай установы “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”.
Узняты сцяг каля сцэны на плошчы Леніна. Прагучала прывітальнае слова Святланы Дзяругі, намесніка старшыні райвыканкама, і фестываль пачаў свой конкурсны адлік. Надвор’е не песціла ні ўдзельнікаў, ні гасцей фестывалю: неба пагражала дажджом, зусім не па-летняму падганяў хмары вецер. Але няма перашкод для творчасці – адна за адной гучалі песні прадстаўнікоў чатырох узроставых груп. У перапынках паміж выступленнямі, калі падводзіліся папярэднія вынікі, былі арганізаваныя канцэртныя праграмы “Карагод сяброў”, “Зоркі Вілейшчыны”, “Ад шчырага сэрца”. Апошнюю ўсе слухалі надзвычай уважліва і са зразумелай нецярплівасцю – вось-вось павінна была раскрыцца галоўная інтрыга фестывалю-конкурсу і названы імёны пераможцаў. Старшыня журы, Эдуард Зарыцкі, падзякаваў усім арганізатарам конкурсу за традыцыйна высокі ўзровень яго правядзення, удзельнікам – за грунтоўную падрыхтоўку і старанне, іх бацькам – за падтрымку, педагогам – за карпатлівую працу. “Шчасця ўсім вам, здароўя, а ўсім нам – новых добрых песень!”, – і гэта пажаданне было асноўным для ўсіх, хто на сцэне і па-за ёю. Дыпломы за ўдзел у чатырнаццатым рэгіянальным фестывалі-конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні знайшлі сваіх уладальнікаў. Такія дыпломы атрымалі віляйчанкі Ірына Храмцова, Ангеліна Талстыка, Дар’я Лубнеўская.
Прыз у намінацыі “Самы малодшы выканаўца” атрымала Марыя Жыхар з Мядзельшчыны. Прыз “За якасць музычнага суправаджэння” атрымала яе зямлячка, Вікторыя Фанарук. Узнагароды “За эмацыянальнае выкананне” – Вікторыя Ярмак з Астравецкага раёна, “За сцэнічную культуру” – Аліна Айвазоўская з Ашмянскага раёна, “За артыстызм” – Марк Войтка з Маладзечанскага раёна. Прыз у намінацыі “Лепшы выканаўца твораў мясцовых аўтараў” атрымаў Аляксей Замара з Ашмянскага раёна. Прыз глядацкіх сімпатый – Алеся Сяргейчык з Валожыншчыны. Прыз у намінацыі “Творчая надзея” дастаўся Аляксандры Корсак з Вілейскага раёна. Трэцяе месца ў першай узроставай групе прысуджана Кацярыне Шыманоўскай са Смаргоншчыны, другое – Арыне Кудраўцавай з Валожыншчыны, першае – Даніілу Відмічу, з Маладзечаншчыны. Трэцяе месца ў другой узроставай групе журы прысудзіла нашай Кацярыне Барташэвіч, другое – Уладзе Лінкевіч з Маладзечаншчыны, першае – Вадзіму Лукашэвічу з Ашмяншчыны. Трэцяе месца ў трэцяй узроставай катэгорыі прысуджана Марыі Лайкоўскай (Смаргонскі раён), другое – Марыне Вярэніч (Мядзельскі раён), першае – нашай Наталлі Блізнюк. Трэцяе месца ў чацвёртай узроставай катэгорыі ў Эдуарда Кулагіна са Смаргоншчыны, другое – у нашай зямлячкі Таццяны Макарэвіч, першае – у канкурсанта з Валожынскага раёна Яўгена Садоўскага. Гран-пры, галоўная ўзнагарода фестывалю, паехаў у Маладзечна – яго ўладальнікам стаў Артур Міхайлаў. Менавіта ў Маладзечне адбудзецца наступны, пятнаццаты,рэгіянальны фестываль-конкурс “Адна зямля”. Сімвал мерапрыемства – глобус – начальнік аддзела культуры Вілейскага райвыканкама Сяргей Паўлоўскі ўрачыста перадаў свайму калегу з Маладзечна Аляксандру Рамановічу. Гала-канцэрт пераможцаў фестывалю змяніла святочная дыскатэка, арганізаваная аддзелам па справах моладзі Вілейскага райвыканкама і раённым камітэтам грамадскага аб’яднання БРСМ, якая стала фінальным акордам свята.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара












Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries