У ліку тых аграрыяў, каго ўшаноўвалі ў лістападзе мінулага года да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, была і яна, гераіня гэтага матэрыяла, якой была аб’яўлена Падзяка старшыні райвыканкама. Сціплая працаўніца, якая не прывыкла да такой увагі, крышку ніякавата адчувала сябе ў кагорце перадавікоў. Ды і да перспектывы стаць гераіняй газетнай публікацыі яна аднеслася адразу без ахвоты, маўляў, навошта гэта трэба, працую і працую, як і ўсе людзі. Ды вось працаваць можна па-рознаму…
Лёс ніколі не песціў Алену. Яе малая радзіма – Астравеччына Гродзенскай вобласці. Тут дзяўчынка нарадзілася ў сялянскай сям’і, рана засталася сіратой, пазнала смак нялёгкай сялянскай працы. Балючыя тыя ўспаміны, таму ўзгадвае перажытае Алена Іосіфаўна не вельмі ахвотна.

Усё добрае і светлае ў жыцці жанчыны адбылося на Вілейшчыне. Сюды яна зусім маладзенькай выйшла замуж за мясцовага хлопца, разам з якім працавалі ў жывёлагадоўлі ААТ «Чурлёны». Атрымалі ад гаспадаркі дом у Лыцавічах, выгадавалі дваіх сыноў. Як і ўсе дбайныя гаспадары, мелі Грынцэвічы вялікую гаспадарку, трымалі кароў, шчыравалі на прысядзібным участку і «сотках». «Разам – на ферму, разам – дадому», – прыгадвае той час Алена Іосіфаўна. Ды няўмольны лёс распарадзіўся па-свойму: яе спадарожнік жыцця захварэў і памёр. Гэта стала яшчэ адным выпрабаваннем на жыццёвым шляху жанчыны.
– Што ж зробіш, у кожнага свой лёс, – мудра разважае яна. – Трэба жыць, працаваць, а як жа інакш?
І галоўнае слова тут – працаваць. Сваіх рагулек і маленькіх цялятак Алена Іосіфаўна любіць усёй душой. Нялёгка з імі, адказна, але ж і без іх не ўяўляе яна жыцця. Сталі прадаўжальнікамі дынастыі жывёлаводаў і сыны Уладзімір і Віктар. Хлопцы пакуль што не стварылі свае сем’і, усё ў іх уперадзе. Як і бацькі, працавітыя, дапамагаюць дома. Нават ля пліты, падзялілася жанчына, Уладзімір любіць пастаяць, прыгатаваць нешта смачненькае для сям’і. І атрымліваецца не горш, чым у маці.
Цёпла, з павагай адгукаюцца пра Алену Грынцэвіч у гаспадарцы. Добрасумленная, працавітая, адказная, прафесіянал сваёй справы – так яе характарызуюць і калегі, і кіраўніцтва.

Каля паўсотні кароў абслугоўвае жанчына. Валавы надой за студзень – верасень мінулага года склаў 102 працэнты ў параўнанні з адпаведным перыядам 2024 года, надой на карову – больш за 104 працэнты. Гэта статыстыка, якая яскрава характарызуе працу перадавой даяркі. А яшчэ яна даглядае нованароджаных цялятак, з якімі, як і з дзеткамі, столькі клопатаў! Ды клопаты гэтыя прыемныя, бо не палохаюць Алену Іосіфаўну ніякія цяжкасці ў працы, якую любіць усім сэрцам. Магла б, адзначыла, і адпачываць на ільготнай пенсіі, ды пакуль што не ўяўляе сябе без фермы, калектыву, які стаў ужо другой сям’ёй, без кароў і цялятак, да якіх прыкіпела душой. А што праца нялёгкая, разважае, дык і ці бывае яна лёгкай, калі рабіць яе па-гаспадарску, старанна, як трэба? І ў гэтым я з Аленай Іосіфаўнай поўнасцю згодна.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі








