На Вілейшчыне распачаўся трэці раённы літаратурна-музычны фестываль “Светлае Слова”.
Адкрыццё фестывалю адбылося 11 верасня ў Вілейскім Палацы культуры. Першым мерапрыемствам стала літаратурная выстава, прысвечаная жыццю і творчай дзейнасці Андрэя Макаёнка. Экскурсію па ёй правялі супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Паліна Саўген і Святлана Кажамяка. Прыемна, што “Трыбунал”, кажучы пра пастаноўку п’ес Макаёнка, Паліна Мікалаеўна прыгадала спектакль вілейскага народнага тэатра, які ў гэтым годзе прэзентаваў. Дарэчы, пазнаеміцца з выставай яшчэ можна ў цэнтры эстэтычнага выхавання.
Экскурсія ішла ў некалькі заходаў, таму мы мелі магчымасць пагаварыць пра фестываль з яго адданымі прыхільнікамі. Сярод іх Іна Лазар, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік.
Яна зазначыла, што фестывальны конкурс мастацкага чытання на гэты раз значна пашырыўся. Ужо паступілі 42 заяўкі на ўдзел. З імі можна пазнаёміцца на ютуб-канале бібліятэкі.
– Згодна с палажэннем конкурса, удзел у медыяпраектах бібліятэкі “Отвлекись на CLASSку” і “Почитай STARших” з’яўляецца заяўкай на конкурс. Мяне ўразіў крэатыў некаторых удзельнікаў. Напрыклад, адна дзяўчына з Лыцавіч чытала Ясеніна. Яна такая малайчына – стварыла цэльны вобраз “гулякі” пачатку мінулага стагоддзя. Хтосьці даслаў “літаратурныя хвілінкі”, якія яны ладзяць у школе. Дарэчы, большасць дзяцей прэзентавалі выкананне вершаў іменна беларускіх аўтараў, – распавяла Іна Лазар.
З фае дзея перамясцілася на галоўную сцэну Палаца, з якой вядучыя праграммы адкрыцця настаўнік беларускай мовы гімназіі №2, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Кажура і намеснік дырэктара Вілейскага Палаца культуры Аляксандра Лапацкая афіцыйна абвясцілі пачатак фестывалю.
Першы урок мастацкага чытання дала актрыса, заснавальнік народнага дзіцячага тэатру “Ялінка”, сузаснавальнік мемарыяльнага комплексу памяці Першай сусветнай вайны ў Заброддзі Валянціна Цітовіч. Яна пранікнёна і ўзрушальна прачытала верш протаіерэя Аляксандра Логвінава “Церковно-славянская вязь”, адзначыўшы такім чынам першакрыніцу нашага слова.
Тэатральная майстэрня Наталлі Башавай прадэманстравала спектакль “Еўфрасіння – ра-
дасць”, аб асветніцы і праваслаўнай ахоўніцы Беларусі Еўфрасінні Полацкай.
Тут жа на свяце адзначылі дыпломам фестывалю “За адданасць беларускаму слову” пераможцу мінулага конкурса, вучаніцу СШ №5 Ксенію Квяткевіч.
На сцэну падняўся дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, каб прывітаць удзельнікаў і гасцей фестывалю. Ен падараваў творчаму кіраўніку фестывалю, дырэктару цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяне Захарыч трохтомнік Максіма Багдановіча, да выдання якога спрычыніліся і супрацоўнікі музея, выказаў надзею, што раённае свята слова пашырыць сваю геаграфію да межаў рэспублікі. На што начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандар Пуцэйка, які таксама вітаў фестываль, зазначыў:
Так, няхай ён стане рэспубліканскім, але ж праходзіць у нашым горадзе. Я ўпэўнены, што так яно і будзе. Чаму? Адказ ведае кожны з нас – бо на Вілейшчыне жывуць адданыя, натхнёныя людзі, якія вераць у Светлае Слова”.
Іна Фралова, намеснік старшыні Мінскага аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, а таксама Ірына Карнаухава, старшыня народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, узнагародзілі спецыяльнымі дыпломамі фестывалю Валерыя Чачуліна і Ірыну Сідарэвіч. Такім чынам быў адзначаны ўнёсак узорных духавога аркестра і ансамбля мажарэтак дзіцячай школы мастацтваў, якія шмат год працуюць на папулярызацыю мастацтва ў нашым раёне.
Ірына ТРУБАЧ/Фота аўтара