Адзінота. Яна вельмі часта падсцерагае людзей у старасці. Так здараецца, што часам вельмі занятым сваімі справамі дзецям і ўнукам не хапае часу, каб наведацца да сваіх старэнькіх, а тым бабулям і дзядулям, каму ў жыцці не пашчасціла пазнаць бацькоўства, і ўвогуле наканавана быць адзінокімі. Як бы там ні было, а сталым людзям вельмі патрэбны, проста неабходны ўвага і клопат тых, хто побач. І асабліва гэта датычыць маленечкіх вёсачак, нешматлікім насельнікам якіх нярэдка не стае звычайных чалавечых зносін.
«Родны мой, любы куточак» – так назвалі сваю сумесную праграму куранецкія культработнікі, якія разам з загадчыцай рэчкаўскага клуба Таццянай Яхімовіч наведаліся ў маленькія вёсачкі сельсавета Гарадзілавічы і Жукавічы. Разам з культработнікамі ў вёскі выязджаў і старшыня сельсавета Віктар Уліцкі – і дзякуючы гэтаму мерапрыемства было не толькі забаўляльным, а і дзелавым, сур’ёзным. У многіх вяскоўцаў знайшліся пытанні да старшыні.
Канцэртныя праграмы ладзіліся проста ў хатах, куды збіраліся нешматлікія насельнікі гэтых вёсак. Гучалі песні, віншаванні кожнаму з людзей (Таццяна Яхімовіч вельмі добра ведае мясцовых пенсіянераў). Трэба было бачыць, як радаваліся яны і вясёлай песні, і цёпламу слову ў свой адрас! Нацыянальныя касцюмы прыезджых артыстаў, добрыя сцэнарыі мерапрыемства, майстэрства выканаўцаў – усё гэта сведчыла, што да сустрэчы з вяскоўцамі культработнікі рыхтаваліся з усёй адказнасцю, жадаючы, каб мерапрыемства стала незабываемым. Так яно ў выніку і атрымалася…
Доўга не хацелі ўдзячныя гледачы адпускаць артыстаў. І гучалі ў вёсках вясёлыя песні, разносіліся словы віншаванняў і падзякі. А на развітанне спрытнейшыя з вяскоўцаў не ўтрымаліся і, нібыта скінуўшы дзесяткі гадоў, пусціліся ў скокі. І гэта яшчэ раз пацвердзіла, што сапраўды было свята. Вясёлае, сямейнае.
Ірына БУДЗЬКО



