Так гаворыць пра родную Вязыншчыну сацыяльны работнік Наталля Дубовік, якая некалі, пакінуўшы бацькаўшчыну, зноў сюды вярнулася і вельмі гэтаму рада.
Роднай вёсачкі Рыбчына, дзе яна нарадзілася, ужо даўно няма на карце Вілейскага раёна – была затоплена ў пачатку 1970-х гадоў падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча. Дзіцячая памяць Наталлі захавала тыя маляўнічыя краявіды роднай вёскі, ракі, на якую яны хадзілі лавіць рыбу. І сёння, пра дзясяткі гадоў, сустракаючыся ці перазвоньваючыся з былымі аднавяскоўцамі, яны з прыгожай настальгіяй прыгадваюць родную вёсачку…
Новым месцам жыхарства бацькі Наталлі абралі Вязынь, дзе і дажылі наканаванае. Пайшлі з жыцця, прыгадвае Наталля, даволі рана, маглі б яшчэ і пажыць, і гэта несвоечасовасць заўсёды адгукаецца болем у яе сэрцы. А жыццёвая дарога Наталлі, якая адразу пасля заканчэння школы прывяла дзяўчыну ў тагачасны Ільянскі сельгастэхнікум, далей скіравалася на Уздзеншчыну. Тут пачала свой працоўны шлях у сельскай гаспадарцы, тут выйшла замуж, нарадзіла траіх дзетак. Дваццаць два гады пражыла яна ў гэтым раёне. А затым сям’ю напаткала гора – памёр муж і бацька, і менавіта гэта падштурхнула Наталлю вярнуцца на малую радзіму, у Вязынь. Тут жылі і жывуць яе блізкія, якія, ведала жанчына, заўсёды падтрымаюць і дапамогуць, і гэта стала вызначальным пры пераездзе. А праз пэўны час менавіта тут Наталля сустрэла і сваё шчасце – Мікалая, з якім яны разам ідуць па жыцці ўжо пятнаццаць гадоў. Дзіўная рэч, разважае жанчына: яны з мужам аднагодкі, раслі ў суседніх вёсках, а раней сустрэцца неяк не атрымалася, затое лёс звёў значна пазней, з’яднаў іх, напоўніўшы жыццё кожнага сэнсам.
Пераехаўшы ў Вязынь, Наталля пачала шукаць працу. Патрабаваўся тады ў школу дворнік – і жанчына ўладкавалася на гэта месца, адпрацавала каля года да таго часу, пакуль не даведалася пра вакансію сацыяльнага работніка. Ведала, што праца гэта няпростая і адказная, аднак гэта зусім не палохала, бо быць з людзьмі ёй заўсёды падабалася. Тым больш з тымі, каму вельмі-вельмі патрэбны ўвага і клопат.
– І вось з 2007 года я ў сацыяльнай службе, – расказала Наталля Аляксандраўна. – Мне падабаецца мая работа, а падапечныя, да якіх спяшаюся штодня, сталі мне ўжо нібыта роднымі. Дзесяць адзінокіх і адзінока пражываючых з навакольных вёсачак Кобузі, Ярмолічы, Рэдзькавічы абслугоўваю. Сустракаюць заўсёды як родную, непакояцца, калі недзе крышку затрымаюся. Прыбраць, прыгатаваць, прынесці дроў, вады, пачысціць снег, прынесці лякарствы ды прадукты – гэта частка той работы, якую выконваю. І ў кожнай хаце абавязкова стараюся знайсці хвілінку-другую на размовы з адзінокім чалавекам. Ведаеце, гэта, бадай што, самае галоўные, што патрэбна старэнькім людзям. А яшчэ – цёплае слоўца, ласкавы дотык рукі… Назіраю іншы раз, як дзеці ці іншыя сваякі, прыехаўшы да сваіх старэнькіх, зробяць належныя справы, прывязуць усё патрэбнае, а на тое, каб выслухаць, супакоіць, падтрымаць неяк не знаходзяць часу. Ужо не кажучы, каб прыгарнуць да сябе сваю матулю ці бабулю, пацалаваць… А гэта ж так ім трэба!
Акрамя сваёй непасрэднай работы, Наталля Аляксандраўна знаходзіць час і на грамадскую. Яна з’яўляецца дэпутатам мясцовага Савета, і нярэдка аднавяскоўцы звяртаюцца да яе з самымі рознымі пытаннямі. Іх жанчына абмяркоўвае са старшынёй сельвыканкама Ігарам Судніковічам, і прымаюцца адпаведныя рашэнні. У складзе назіральнай камісіі Наталля Аляксандраўна нярэдка бывае ў многіх сем’ях, у тым ліку і нядобранадзейных, каб убачыць, у якіх умовах жывуць людзі, даведацца, каму і ў чым патрэбна дапамагчы. Асабліва актуальна гэта ў зімовы час, калі з асаблівай нагрузкай працуюць ацяпляльныя печы (даволі часта не адрамантаваныя, як гэта патрабуецца), старая электраправодка… Ці далёка іншы раз да бяды, калі не прыняць неадкладныя меры!?
Вясковае жыццё. Яно закружыла Наталлю Аляксандраўну ў сваім кругавароце, надзяліўшы, як і кожную дбайную гаспадыню, і шматлікімі клопатамі на ўласным падворку. Агарод, цяпліца, сад, кветнікі – усяму гэтаму ў сезон яна ўдзяляе шмат увагі. Як і курам ды гусям, якіх сям’я трымае на падворку. Толькі паспявай, гаспадыня, тупай ды даглядай усё гэта! І жанчына паспявае. А каб меней губляць часу на дарогу ў суседнія вёскі да сваіх падапечных, Наталля садзіцца за руль ўласнага аўтамабіля.
– Некалі ў маладосці, памятаю, сказала сваёй маме, што абавязкова буду жыць у горадзе і ў кватэры са зручнасцямі, – усміхаючыся, прыгадвае жанчына. – А лёс распарадзіўся па-свойму, пакінуўшы мяне ў вёсцы. І, ведаеце, я ніколькі не шкадую, што так атрымалася. Тут мая радзіма, тут блізкія мне людзі, сюды з вялікім задавальненнем прыязджаюць нашы дзеці і ўнукі… На гэтай зямлі мы шчаслівыя, і гэта самае галоўнае!
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Вілейскім ТЦСАН