Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Насустрач новым намалотам

У ААТ «Даўгінава», дзе мы на днях пабывалі, зерневымі і зернебабовымі занята, бадай, найбольшая з усіх раённых гаспадарак плошча – 3282 гектары.

А гэта азначае, што ў гэтую жніўную пару фронт работ тут найбольшы. Як працуецца тутэйшым хлебаробам, мы ў дзень сустрэчы пачулі ад іх і ўбачылі на свае вочы.
Так атрымалася, што ў дзень сустрэчы (17 жніўня) кіраўніка гаспадаркі Рамана Крысевіча на месцы не было – ён займаўся неадкладнымі справамі. Таму размову вялі з яго намеснікам Аляксандрам Бяганскім.

– Сёння мы павіншуем у полі наш перадавы экіпаж камбайнераў у складзе Пятра Седага і Дзмітрыя Сімака, – расказаў ён. – За тысячу тон збожжа намалацілі яны, і гэта без уліку рапсу, якога на рахунку гэтых працаўнікоў больш за семсот тон. Павіншуем і вадзіцеля-тысячніка Пятра Сяліцкага. Дарэчы, у нас сёлета ўжо ёсць вадзіцелі-тысячнікі, якіх мы ўшаноўвалі на мінулым тыдні. Гэта Алег Седы і Генадзь Каляга. Цяпер вось да іх дадаюцца і новыя перадавікі. Ім уручаем падзячныя лісты за подпісам кіраўніка гаспадаркі, грашовыя прэміі, кветкі. Заслугоўваюць людзі такой ацэнкі іх працы.

Па дарозе на поле, што непадалёк ад Мільчы, гутарылі з Аляксандрам Бяганскім пра няпростую, але такую важную для ўсіх нас працу аграрыяў, пра жыццё на вёсцы.

– Прызнацца, зусім не шкадую, што жыву тут і працую, – сказаў Аляксандр Бяганскі. – Я мясцовы, заканчваў Даўгінаўскую школу, пасля чаго паступіў вучыцца ў індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Тады, у маладосці, хацелася жыць і працаваць у горадзе, таму пасля вучобы некалькі гадоў і быў гараджанінам. Пасля тэхнікума, так склалася, працаваў на будоўлі, на вытворчасці мэблі, а завочна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце на эканаміста. Ішоў час, а ніякіх перспектыў з жыллём у горадзе не было. Так лёс прывёў мяне зноў на радзіму. Здаецца, нядаўна было, а ўжо з дзесяць гадоў тут. Ёсць у мяне сям’я, падрастае чатырохгадовы сын. І дом нам прадаставіла гаспадарка. Цяпер нават і не думаю пра горад… Тут усё знаёмае, роднае, блізкае.

Пад’ехалі да пшанічнага поля, на якім працуюць камбайны. Тут жа і галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Акушэвіч. Вопытны спецыяліст, ён памятае ўборачныя кампаніі многіх гадоў. Ці задаволены вынікамі сёлетняй?

– Канешне ж, імкнуцца да лепшага трэба заўсёды, – адзначыў галоўны аграном. – Сёння маем ураджайнасць прыкладна 25 цэнтнераў з гектара. Вядома ж, хочацца і вышэйшых вынікаў, але ж калі прыгадаем мінулы год, дык гэта лічба радуе.

Дзевяць камбайнавых экіпажаў са сваёй гаспадаркі і памочнікі з іншых працуюць цяпер у «Даўгінаве». На дзень нашай размовы было ўбрана каля васьмідзесяці працэнтаў збожжавых. Пры спрыяльным надвор’і, падзяліўся Аляксандр Акушэвіч, за дні чатыры ўсё на палях будзе зжата, застанецца толькі своечасова спарадкаваць збожжа.

А вось і камбайнеры-лідары. Яны прыпынілі камбайн, на хвіліну выйшлі з машыны. Па ўсмешках на іх тварах было відаць, што настрой у мужчын добры, а гэта азначае, што справы ў іх ладзяцца. Галоўны камбайнер Пётр Седы знаёмы і нам, журналістам, і чытачам раёнкі, бо практычна на кожным жніве ён у ліку лідараў. Сёлетняя ўборачная для Пятра Вячаслававіча васямнаццатая па ліку і, нягледзячы на гэты даволі салідны стаж, гэтакая ж хвалюючая для механізатара і надзвычайна адказная.

Некалькі хвілін на словы віншаванняў, падарункі і фотаздымак – і вось ужо волат-камбайн зноў паплыў па пшанічным полі. Насустрач новым намалотам, насустрач хлебу…

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries