Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Добрыя вынікі дэманструюць на жніве хлебаробы ААТ «Новая Любанія »

Галоўным жнівеньскім клопатам жывуць цяпер вяскоўцы. Ідзе жніво, і гэтай, бадай што, важнейшай справай заняты хлебаробы. Першыя дні апошняга летняга месяца спрыяюць уборцы вырашчанага ўраджаю, і гэта радуе. Добрае надвор’е дазваляе вяскоўцам узяць належныя тэмпы на жніве. Радуюць сёлетнія здабыткі, якія ўсяляюць аптымізм. Пры гаспадарскім падыходзе да справы будз­ем і з хлебам, і з кармамі.

Юрый Дуброўскі віншуе вадзіцеляў Андрэя Сільвановіча і Мікалая Хаткевіча

Добрых вынікаў на ўборцы дабіваюцца працаўнікі ААТ «Новая Любанія», куды мы на днях наведаліся. Разам з кіраўніком гаспадаркі Юрыем Дуброўскім, галоўным эканамістам Аленай Курэц і прафсаюзным лідарам Марыяй Міскевіч мы накіраваліся на поле непадалёк ад Савіна, каб сустрэцца з перадавікамі гаспадаркі на жніве. Па дарозе Юрый Станіслававіч па­дзяліўся красамоўнай статыстыкай. На дзень нашай сустрэчы (3 жніўня –аўт.) у «Новай Любаніі» з 2000 гектараў, занятых збожжавымі і зернебабовымі, было ўбрана болей за сорак працэнтаў. Ураджайнасць складала каля 39 цэнтнераў з гектара. Поўнасцю ўбраны рапс, якога намалацілі 650 тон. Цяпер справа за ячменем, жытам…

Перадавы экіпаж камбайнераў: Сяргей Аўгусціновіч
і Антон Сільвановіч

Прыемна было пачуць, што на рахунку лепшага камбайнавага экіпажа ў складзе Сяргея Аўгусціновіча і Антона Сільвановіча на дзень нашай сустрэчы было 339 убраных гектараў і 1025 тон намалочанага збожжа (гэта з улікам рапсу). Старанна працуе і экіпаж Дзмітрыя Селюна з памочнікам Міхаілам Сільвановічам, на рахунку якіх 235 убраных гектараў і 797 тон намалочанага збожжа. Што і казаць, дастойныя паказчыкі. Дарэчы, на дзень нашай сустрэчы ў экіпажа Аўгусціновіч – Сільвановіч было другое месца па раёне.
– Ударна працуе і наша зернесушылка, якая пакуль займае лідзіруючае становішча ў раёне, – расказала Алена Курэц. – На рахунку машыніста зернесушыльнага комплексу Андрэя Уладыкі – 1746 тон збожжа. Толькі добрыя словы можам гаварыць і пра шафёраў, занятых на адвозцы збожжа. Так, вадзіцель Андрэй Сільвановіч займае трэцюю пазіцыю па раёне, не адстае ад яго і калега Мікалай Хаткевіч . Так, за ўчарашні дзень яны перавезлі адпаведна 115 і 133 тоны збожжа.

Механізатар Павел Бабарыка цяпер заняты на прэсаванні саломы

У ліку перадавых назваў Дуброўскі і іншых працаўнікоў гаспадаркі. Гэта занятыя на прэсаванні саломы Павел Бабарыка, Мікалай Субач, Сяргей Крот, на адвозцы саломы – Канстанцін Лібер, на ворыве пад азімыя – Дзмітрый Кізік і іншыя. Кожны з іх стараецца ў гэтыя адказныя дні працаваць як мага лепш. І справа тут не толькі ў тым, што чым больш зробіш, больш і атрымаеш, але і ў характэрным сапраўдным хлебаробам усведамленні важнасці даручанай ім справы і вялікай адказнасці за яе.
На полі ля Савіна толькі што скончыўся абед, і работа ўжо кіпела. Вось да камбайна перадавога экіпажа пад’ехала машына, і ў яе кузаў «паліўся» залаты паток збожжа… Зусім ненадоўга прыпыніліся хлебаробы, каб пачуць падзячныя словы і атрымаць заслужаныя ўзнагароды ад Юрыя Дуброўскага і ад прафсаюзнага лідара Марыі Міскевіч (камплекты пасцельнай бялізны колеру залатога поля і блакітнага неба прыйшліся ўсім даспадобы), а затым хуценька заспяшаліся па машынах – жніво не чакае…
Перад ад’ездам мы вырашылі пад’ехаць на поле непадалёк ад Дзядзічаў, дзе прэ­саваў салому яшчэ адзін перадавы механізатар Павел Бабарыка. Як і ўсе ўдзельнікі жніва, малады чалавек настроены аптымістычна і на добрыя вынікі ў працы.
– Людзі працуюць з душой, а мы па добрай штогадовай традыцыі шчыра ім дзякуем, – нібыта падвяла вынік усяму, што адбылося, Марыя Міскевіч. – У нас гэта святое – цаніць сумленных і дзякаваць ім за іх нялёгкую, але такую важную справу.
Жніво ў «Новай Любаніі» падбіраецца да сваёй паловы. Калі будзе спрыяць надвор’е і ўсё будзе ладзіцца, дык за нейкіх дзён дзесяць, адзначыў Юрый Дуброўскі, уборачная будзе закончана. Няхай так і будзе. А пакуль – праца, праца, праца.


Ірына БУДЗЬКО. Фото аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 73 queries