Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Жыхарку вёскі Фалькі павіншавалі з векавым юбілеем

Напрыканцы мінулага года мы пісалі пра цудоўную жанчыну, старажылку Вілейшчыны, яе лёс і жыццёвыя пуцявіны даўжынёй у векавы адрэзак часу. Тады бабе Жэні заставалася чатыры месяцы да яе стогадовага юбілею. І вось ёй ужо 100 гадоў і два месяцы.

Бачыць Яўгенію Аляк­сандраўну ў добрым здароўі, жыццярадасную і ўжо адсвяткаваўшую сваё стагоддзе ў пачатку красавіка, было вельмі прыемна. А нагодай да чарговай сустрэчы была не толькі яе асаблівая дата, а і ўручэнне новага пашпарту жыхарцы Фалек.

Для віншавання і ўручэння абноўленага грамадзянскага дакумента Яўгенію Аляксандраўну наведалі намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама і старшыня раённай арганізаціі саюза жанчын Святлана Дзяруга, часова выконваючая абавязкі начальніка аддзялення па грамадзянству і міграцыі Вілейскага РАУС Надзея Томкавіч і старшыня Вязынскага сельвыканкама Ігар Судніковіч.

Прыемна, што баба Жэня нас сустрэла ў акружэнні родных, якія з вялікім колопатам даглядаюць сваю матулю, бабулю і прабабулю. Толькі на адно скар­дзілася Яўгенія Аляксандраўна, што за гэтай «эпідэміяй» у дзень стогадовага юбілею яе ўнукі і праўнукі былі вымушаны віншаваць яе пад акном у Маладзечне, дзе знаходзілася на той час юбілярша. Яўгенія Аляксандраўна багатая бабуля: у яе 9 унукаў, 17 праўнукаў і ўжо ёсць нават прапраўнукі. Вайскоўцы, эканамісты, юрысты, якімі толькі справамі не займаюцца яе ўнукі і праўнукі. І кожнага яна памятае паімённа, кожнаму знаходзіць добрыя словы і парады… «Я ж іх нават пачаставаць не змагла. Як так? Што гэта за трасца? Але я ж і не баюся, колькі гэтых выпрабаванняў было ў маім жыцці… – кажа бабуля.

– Нічога, галоўнае, што яны вас усе любяць і шчыра жадаюць яшчэ доўгіх гадоў, – у адказ супакойвае юбіляршу намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга. – Далёка не кожнаму Бог дае такі доўгі век, а гэта за вашу працавітасць і добрае сэрца. Таму радуйцеся і жывіце яшчэ доўга. Вы ба­дзёрая, выглядаеце зусім маладой – хай так будзе і надалей.


І сапраўды, Яўгенія Аляксандраўна ўсё сваё жыццё шчыра працавала, дапамагала блізкім і сваякам, бо пасля вайны яе родная сястра адна з дзецьмі засталася без мужа, і дапамога ёй была ва ўсім. Таксама сям’я Гулецкіх дапамагала родным, суседзям, дзецям. Яўгенія Аляксандраўна разам з мужам пражыла душа ў душу пяць­дзясят гадоў, заўжды трымалі вялікую гаспадарку, са­джалі шмат агародніны, шчыра працавалі ў мясцовым калгасе.

Праўда, ужо трыццаць год, як няма яе спадарожніка жыцця, але вакол усё нагадвае пра яго працавітыя рукі: адбудаваная ўтульная хата, мэбля, гаспадарчыя рэчы. Працавалі яны, як кажуць, заўжды шчыра. Ды і зараз баба Жэня не сядзіць без справы: то бульбы начысціць, то на салату нарэжа гародніны, а пару гадоў за зіму вязала па дваццаць пар шкарпэтак і рукавіц – для ўсіх родных. А самае галоўнае, калі юбіляршы ўручылі новы пашпарт, і яна, адзеўшы акуляры, упэўнена распісалася і яшчэ нават прыгадала, што можа і па-польску распісацца, калі трэба. Цікавіцца бабуля і сённяшнім жыццём краіны, добра памятае кожнага школьнага настаўніка сваіх дзяцей, вершы, якія вучыла сама ў школе.

– Ці трэба ён мне, гэты пашпарт? Гэта ўжо можа трэці такі, а былі і такія асабістыя кніжачкі, калі ў Латвію на заробкі ездзіла, і пры Польшчы дакументы былі, – кажа Яўгенія Аляксандраўна, але з цікавасцю разглядае свой фотаздымак на новым дакуменце.
Жадаем Яўгеніі Аляк­сандраўне моцнага здароўя, пры такім добрым настроі, разам з роднымі і блізкімі, сустракаць яшчэ не адзін дзень народзінаў. Ужо і не скажаш: «сто лят», але, значыць, пажадаем бабулі не менш за сто пяцьдзясят гадоў.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 72 queries