16 лютага ўдзельнікамі злёту перадавікоў народнай гаспадаркі сталі прадстаўнікі розных галін – прамысловасці і медыцыны, сельскай гаспадаркі і адукацыі, культуры і грамадскай дзейнасці і іншых.
Заслужаныя высокія ўзнагароды атрымалі больш за сто перадавікоў. Гэта імі ганарыцца Вілейшчына, на іх раўняюцца калегі, іх штодзённая праца спрыяе развіццю раёна.
У новым фармаце
Гасцей свята ў Вілейскім Палацы культуры сустракалі выставамі-продажамі з дэгустацыямі, сваю прадукцыю прапаноўвалі рамеснікі, а таленавітыя артысты запрашалі на свята.
У новым фармаце сёлета прагучаў традыцыйны даклад старшыні райвыканкама: выступленню Анатоля Завацкага папярэднічаў відэафільм, які прадэманстраваў, як развіваецца Вілейшчына і што змянілася ў горадзе і раёне за мінулы год.
– Свята аб’ядноўвае людзей самых розных прафесій. Ад вашых прафесіяналізму і таленту, неабыякавасці, адказнасці залежыць тое, як жывём сёння мы, як будзем жыць заўтра. Падводзячы вынікі дзейнасці ў розных сферах, хачу падзякаваць усім калектывам за вашу самаадданую працу, – звярнуўся да людзей працы Анатоль Завацкі.
Адзначыў Анатоль Мікалаевіч і тыя патрабаванні, якія ставіць перад усімі беларусамі аб’яўлены ў краіне Год якасці: павышэнне якасці жыцця насельніцтва, забеспячэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі на сусветным рынку, фарміраванне ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы, пачуццё прыналежнасці да будучага сваёй краіны. Падкрэсліўшы, што кожны на сваім месцы – гэта не толькі спажывец, але і стваральнік.
Дошка гонару
На яе занесены тыя, хто гэта заслужыў сваім талентам і прафесіяналізмам, высокімі паказчыкамі ў рабоце.
Лепшая арганізацыя раёна – ААТ «Зеніт-БелОМА». Названы на свяце лепшыя ў прафесіі, перадавікам уручаны ганаровыя граматы і падзякі раённага выканаўчага камітэта, пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў вытворчасці прадукцыі жывёлаводства сярод сельскагаспадарчых арганізацый – дыпломы.
Быць першым – не толькі ганарова, але і адказна. Пра некаторых з перадавікоў мы ўжо расказалі на старонках газеты, у будучым пазнаёмім чытачоў і з іншымі, чые імёны былі названыя на раённым свяце.
З віншаваннямі на святочную сцэну выходзілі і прадстаўнікі суседніх раёнаў – Мядзельскага, Лагойскага, Маладзечанскага і Докшыцкага, жадаючы Вілейшчыне далейшага развіцця.
А скончылася свята ярка – выступленнем вядомай арт-групы «Беларусы», салістам якой гледачы не толькі апладзіравалі, але і падтанцоўвалі.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара