Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Заслужаны адпачынак сапраўднага гаспадара: Вілейшчына дзякуе Генадзю Кучко за 55 гадоў працы

Набліжаўся чарговы злёт перадавікоў – своеасаблівае падагульненне таго, як працавалі ў мінулым годзе. 2025-ты стаў яшчэ адной старонкай гісторыі Вілейшчыны. За шматлікімі лічбамі і працэнтамі – людзі. Кожны на сваім месцы – патрэбны і важны, а ўсе разам  – вялікая працоўная сям’я.

Напярэдадні традыцыйнага свята адбылася не менш значная падзея для ўсяго раёна – на заслужаны адпачынак урачыста праводзілі чалавека, імя якога залатымі літарамі ўпісана ў станаўленне і развіццё Вілейскага раёна. З чым у першую чаргу выклікае асацыяцыі асоба Генадзя Кучко, агульны стаж працы якога складае 55 год, у тым ліку ў сельскагаспадарчай галіне  – 46? Гэта прынцыповасць, дасведчанасць, мэтанакіраванасць і адказнасць, а яшчэ, лічу, найгалоўнейшая для кіраўніка і чалавека якасць – людскасць. 34 гады ў працоўным калектыве ААТ «Нарачанскія зоры»  – гэта 34 напружаныя сельскагаспадарочыя гады, што патрабавалі ад кіраўніка і падначаленых парадку і дысцыпліны, умення і стараннасці, каб дасягаць высокіх вынікаў. Гучаць сёння «…зоры» – узорная гаспадарка Вілейшчыны. Тут выпрабоўваюцца і ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі ў земляробстве і жывёлагадоўлі, тут усім сельскагаспадарчым справам зададзены дынамічны тэмп – працаваць на вынік.

…Канечне, не аднойчы Генадзю Кучко прыходзілася быць у райвыканкаме па рабочых справах, але гэты раз быў асаблівы. З адметным пачуццём і хваляваннем заходзіў 23 лютага ў залу пасяджэнняў Генадзь Мечыслававіч.

«Захаваў гаспадарку і памножыў»,  – так ахарактарызаваў шматгадовую працу Генадзя Кучко на карысць «Нарачанскіх зораў» старшыня Вілейскага райвыканкама Анатоль Завацкі, па-мужчынску моцна паціскаючы руку чалавеку-легендзе. Сёння ўзорныя палі ў гэтым куточку Вілейшчыны – прыклад для іншых, нават з Віцебшчыны едуць да нас пераймаць вопыт, адзначыў ён. Парадак пануе і на жывёлагадоўчых аб’ектах – незапланаваны госць тут ніводнай заганы не знойдзе. Калі нават тэрыторыя фермы патанае ў кветках  – гэта найлепшая характарыстыка людзям, якія тут працуюць. На выніковую працу ў «…зорах» накіраваны і тэхніка, і людзі. Так працуе гадамі адладжаны механізм, запушчаны сапраўдным гаспадаром.

Менавіта Нарач, або як называюць яе на Вілейшчыне, Нароч з націскам на другім складзе, адгукнулася на ідэю Прэзідэнта па стварэнні аграгарадкоў дзеля адраджэння сяла і набыла гэты статус адной з першых у Беларусі і самай першай на Міншчыне. Канешне, мы памятаем, не без актыўнага ўдзелу «Нарачанскіх зораў» і самога Генадзя Кучко, які ахвотна падтрымліваў і многія іншыя ініцыятывы – каб землякам жылося камфортна, каб заставалася і працавала на сяле мола­дзь, будавала тут сем’і, гаспадарыла на роднай зямлі.

Быць сапраўдным маяком для іншых не толькі на Вілейшчыне, але і ў Мінскай вобласці, ды ў рэспубліцы таксама – ганарова, аднак няпроста. Анатоль Завацкі адзначыў гэта, адрасуючы словы падзякі за шматгадовую адданую працу чалавеку, кіраўніку, грамадзяніну. Да яго далучыліся ўсе тыя, чые працоўныя і жыццёвыя шляхі-дарогі неаднойчы перасякаліся са шляхам Генадзя Мечыслававіча.

Чым мераецца жыццё чалавека? Не толькі пражытымі гадамі, але і яго справамі. Генадзю Кучко ёсць чым ганарыцца. Ды ён не з тых, хто любіць выстаўляцца напаказ. Таму пералічым яго ўзнагароды мы. За шматгадовую плённую працу ў сельскай гаспадарцы быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», Ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Вілейскага раённага выканаўчага камітэта, ордэнам Пашаны, Падзякай старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Падзякамі Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, нагрудным знакам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання «За заслугі ў сельскай гаспадарцы», двойчы – у 2004 і 2022  – прысуджалася званне «Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна», Генадзь Кучко мае ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».

Дасягнуць дастойных вынікаў у мінулым даволі напружаным сельскагаспадарчым годзе – для «Нарачанскіх зораў» гэта была чарговая працоўная перамога, адзначаная на раённым злёце перадавікоў, што адбыўся 27 лютага.

Таццяна ШАРШНЁВА/ Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 192 queries