Здарова, таварышы.
Доўга чакалі
Мы вас і чакала ўся
наша зямля.
Не раз мы выходзілі
ў сінія далі,
Не раз углядаліся ў сонечны
шлях..!
Вядомы верш Максіма Танка, прысвечаны ўз’яднанню Заходняй Беларусі з БССР, называецца «Здарова, таварышы!». Паэт напісаў яго ў першы дзень гэтай падзеі – 17 верасня 1939 года. Радасць ад вызвалення Заходняй Беларусі, сустрэча доўгачаканага адзінства беларускага народа, заклік да супольнага будаўніцтва новага жыцця, пачуццё брацтва і перамогі справядлівасці – такі настрой панаваў у значнай часткі працоўнага і беларускамоўнага сялянства, якія сустрэлі паход Чырвонай Арміі з надзеяй на пазбаўленне ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.
17 верасня 1939 года па распараджэнні савецкага ўрада войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу і ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі.
Чырвонаармейцаў віталі як сваіх вызваліцеляў. У многіх гарадах і вёсках пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў будаваліся так званыя брамы, падобныя на арку, якія ўпрыгожваліся кветкамі, партрэтамі Леніна і Сталіна. Так было і ў Вілейцы, па ўспамінах старажылаў, на перакрыжаванні сённяшніх вуліц Шубіна, Савецкай, Стаханаўскай. А сёння адна з цэнтральных вуліц раённага цэнтра носіць назву 17-га Верасня.
Я не выпадкова пачала артыкул радкамі верша Максіма Танка. Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) – народны паэт Беларусі, акадэмік, Герой Сацыялістычнай Працы, грамадскі дзеяч, нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў в. Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён). Пра яго можна шмат распавядаць, бо гэта была і сапраўды шматгранная асоба, але я спынюся на тых момантах жыцця і творчасці Максіма Танка, якія звязаны з нашай Вілейшчынай, а менавіта з падзеямі пасля верасня 1939 года, сведкам якіх ён быў і занатаваў у сваіх дзённіках.

Прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь Максім Танк сустрэў у бацькоў у вёсцы Пількаўшчына.
Фрагменты дзённікаў паэта, якія Максім Танк пісаў да 1939 года і якія, як кажуць, цудам уцалелі, амаль праз трыццаць год былі выдадзены асобнай кнігай «Лісткі каляндара» – першая празаічная кніга вядомага беларускага паэта.
Гартаю старонкі кнігі і з якім вялікім задавальненнем чытаю тыя запісы, якія датычацца Вілейкі, і як бы разам з паэтам у думках пераношуся ў мінулае свайго горада, уяўляю тыя месцы, дзе бываў паэт, людзей з якімі працаваў, сустракаўся, сябраваў…
Менавіта з незабыўных вераснёўскіх дзён пачынаецца новы перыяд у жыцці і творчасці Максіма Танка. У кастрычніку 1939 года ён зноў вяртаецца ў Вілейку:
«25/X. Праз шмат год зноў апынуўся ў старой і знаёмай мне Вілейцы. Зараз цяжка пазнаць гэты былы захалусны павятовы гарадок, слаўны сваім высачэзным касцёлам і пабудаванай яшчэ пры цары турмой. Калі глядзіш на гэты горад з боку лугу, яго разнаколерныя аднапавярховыя домікі, платы здаюцца бялізнай, развешанай на даўжэзнай вяроўцы, нацягнутай над перапоўненым зеленаватай вадой карытам Віліі…
Ішоў я старымі, знаёмымі вуліцамі, якія амаль зусім не змяніліся, асталіся такімі ж, якімі былі 15-10 год таму назад. Толькі дзе-нідзе над былымі крамамі віселі новыя шыльды: «Абутковы магазін», «Хлеб», «Кнігі і школьныя прылады.»
28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Самыя дастойныя прадстаўлялі Вілейшчыну на сходзе, сярод іх: вілейчанін Антон Сямёнавіч Малевіч, Ганна Аляксеўна Новік з в. Варонічы, Фёдар Мікалаевіч Камінскі з в. Забар’е, Мікалай Іосіфавіч Грынцэвіч з в. Савіна, Пётр Міронавіч Шушкевіч.
Дэлегаты з’езда аднагалосна прынялі па дакладу С. В. Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, а таксама аднадушна выказаліся і за ўваходжанне ў БССР.

12 лістапада 1939 года Нечарговая 3-я сесія Вярхоўнага БССР пастанавіла: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і аб’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве.»
У выніку аб’яднання тэрыторыя БССР на той час павялічылася са 125,6 тыс. кв. км да 225,6 тыс., насельніцтва рэспублікі – з 5 млн. 562 тыс. чалавек да 10 млн. 239 тыс. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана пяць абласцей: Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая.
Вілейка – ціхі правінцыяльны гарадок па ўказу Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 снежня 1939 года становіцца абласным цэнтрам. У горадзе пачынаюцца сацыялістычныя пераўтварэнні. Перш за ўсё нацыяналізуюцца друкарні (іх было дзве), аптэкі, уладанні прамысловікоў і гандлёўцаў, гасцініцы з такімі гучнымі назвамі «Асторыя», «Бельгія», «Англія», «Еўропа» і іншыя.

Ліквідуецца панскае землеўладанне. Беззямельныя і малазямельныя сяляне атрымліваюць надзелы, якія раней належылі панам, асаднікам і кулакам. Ствараюцца першыя калгасы і саўгасы. З усходу пачынаюць паступаць трактары, машыны, тэхнічнае абсталяванне.
У Вілейцы наладжваюць вытворчасць два лесапільныя заводы: «Беларусь» і «Перамога» (цяпер ААТ «Буддэталі»). Магутнасць завода «Беларусь» – 20 000 куб. метраў лесу ў год. Пры заводзе быў млын, магутнасць якога – 2,5 тоны мукі ў суткі. Млын перапрацоўваў жыта для горада і навакольных вёсак. На заводзе «Беларусь» у 1940 годзе працавала 50 рабочых. Завод планавалася пераабсталяваць пад выраб буддэталей для будаўніцтва горада. Магутнасць лесапільнага завода «Перамога» ў 1940 годзе складала 20 000 кубаметраў лесу ў год. Пры заводзе таксама быў млын, магутнасць якога – 4 тоны мукі ў суткі. На заводзе працавалі 45 рабочых.
У Вілейцы арганізоўваецца аўтакалона, якая мае некалькі дзесяткаў аўтамашын. Наладжана пасажырская сувязь з адной трэцяй раёнаў вобласці. У Куранецкі і Ільянскія раёны аўтамашыны ходзяць двойчы ў дзень – раніцай і вечарам. Адкрыта пасажырская сувязь з Мінскам.
З устанаўленнем савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі пачынаецца сапраўды культурная рэвалюцыя. У 1940 годзе на асвету, ахову здароўя, культуру выдзяляюцца асігнаванні. У Вілейцы пачынае працаваць беларуская школа, Дом піянераў, дзіцячая тэхнічная станцыя.
Горад Вілейка, як абласны цэнтр, становіцца своеасаблівым паказчыкам таго, як ідзе будаўніцтва новага жыцця. 4 сакавіка 1940 года ў прысутнасці прадстаўнікоў партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацый адкрываецца новы кінатэатр, разлічаны на 150 месцаў і абсталяваны новай гукавой апаратурай. З 5 сакавіка ён адчынены для наведвальнікаў, дэманструецца мастацкі фільм «Наезднік з Кабарды». Вілейская бальніца бясплатна (а тады гэта была здзіўляючая навіна) лечыць людзей. У 1940 годзе на ахову здароўя было зрасходавана ў вымярэнні таго часу 23 рублі 50 капеек на аднаго чалавека.
З лістапада 1939 года пачала выходзіць абласная газета «Вілейская праўда», яна мела двайную нумарацыю як працяг сваёй папярэдніцы «Віленскай праўды». Рэдакцыя размяшчалася ў доме №7 па вул. Георгіеўскай (цяпер – Вадап’янава, будынак Дома культуры), друкарня побач – у доме №13. Газета вяла палітычную і агітацыйную работу сярод насельніцтва, змяшчала матэрыялы пра грамадскае і культурнае жыццё ў горадзе і павеце. Так, 2 снежня 1939 года было надрукавана рашэнне Часовага ўпраўлення павета аб перайменаванні вуліц у Вілейцы. Больш за 30 гарадскіх вуліц памянялі назвы: 11 лістапада – 17 Верасня, Рачкевіча – Молакава, 3 Мая – Кастрычніцкая, Арлоўскага – Дзяржынскага, плошча Георгіеўская – пл. Свабоды, гарадскому парку прысвоілі імя Чкалава.
З 17 лютага 1940 года газета змяніла назву на «Сялянская газета» і пачала выходзіць з новай нумерацыяй. У рэдакцыі газеты працавала 30 чалавек, 15 з іх – тэхнічныя работнікі. У штаце рэдакцыі склаўся даволі прафесійны, творчы калектыў, вядомыя ўжо на той час паэты: Максім Танк, Алесь Дубровіч, Мікалай Вішнеўскі. Як успамінаў Максім Танк, рэдакцыю абласной газеты наведваў і вядомы мастак Язэп Драздовіч і, нібыта, некаторы час працаваў у штаце рэдакцыі.
Час ішоў, адзіная Беларусь мацнела ў складзе СССР, а зараз займае дастойнае месца ў свеце як суверэнная дзяржава. Дата 17 верасня 1939 года –адна з самых неадназначных у найноўшай гісторыі Беларусі. І з вышыні сённяшніх дзён гістарычная падзея ўз’яднання беларускіх зямель у 1939 годзе бачыцца як лёсавызначальная.
Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея/ Фота прадастаўлена аўтарам







