Той вясновы дзень ужо далёкага 1987-га Генадзь Каляга памятае да драбніц. У іх хаце ў вёсачцы Сасноўшчына, што ў Даўгінаўскім сельсавеце, сабраліся яго блізкія, сябры, аднакласнікі, каб правесці яго ў армію. Было так, як і звычайна бывае на такіх мерапрыемствах: будучаму салдату жадалі добрай службы; мужчыны давалі нейкія парады з уласнага вопыту; маці, гледзячы на свайго малодшага, раз-пораз выцірала слёзы. Тады яшчэ ніхто не ведаў, дзе Генадзю давядзецца служыць¸ аднак палохаючае «Афганістан» прымушала сціскацца кожнае сэрца. У той час ужо ўсе ведалі, што там ідзе вайна. Самая сапраўдная, страшная.
– Ведаў пра гэта і я, – расказвае Генадзь Іванавіч. – Служылі ж там і да мяне некаторыя хлопцы…
Навабранцаў спачатку накіравалі ў далёкі ўзбекскі горад Фергана – у вучэбную часть. Тыдні са два дабіраліся цягніком, гледзячы на незнаёмыя пейзажы за акном. Такімі нязвыклымі, чужымі здаваліся яны хлопцам… У Фергане былі недзе з паўгода, набіраліся ведаў у новай для кожнага з іх ваеннай справе. І ўжо ў час «вучэбкі» кожны з хлопцаў ведаў, што іх рыхтавалі да службы ў Афганістане.
– Памятаю, як не хацелася мне, каб пра гэта даведалася мама, – прыгадвае Генадзь Іванавіч.
– Ёй ніяк не адважваўся напісаць. А падзяліцца вырашыў з братам. Ды хіба мог схаваць ён гэта ад мамы, разам з якой жыў! Карацей, родныя ўсё даведаліся. Рэгулярна пасылаў ім пісьмы, стараючыся супакоіць, маўляў, служба ідзе, у мяне ўсё нармальна. Дарэчы, усе мае лісты мама збірала і захоўвала.
Пятнаццаць месяцаў служыў Генадзь Каляга вадзіцелем бронетранспарцёра 103-й гвардзейскай дывізіі ў Кабуле. Галоўнымі задачамі былі забеспячэнне пастаяннай сувязі, суправаджэнне розных грузаў, і гэта была сур’ёзная і адказная штодзённая работа. На сваім БТР-ы ён аб’ездзіў столькі! Канешне ж, бачыў і перажываў многае, цяжкае, аднак зараз успамінаць пра гэта не любіць. Яно і зразумела: кожны чалавек стараецца схаваць страшныя ўспаміны, якія выклікаюць боль, недзе ў самых патаемных куточках памяці. Ды і без гэтых успамінаў зразумела, што служыў Генадзь Каляга так, як і належыць салдату. Сведчаннем таму – яго ўзнагароды, сярод якіх медаль «За адвагу» і Ордэн Чырвонай Зоркі. Медалём узнагародзілі яшчэ ў Кабуле, а ордэн уручылі ўжо тут, на радзіме. Не проста так адзначаюць такімі ўзнагродамі…
З канца снежня 1979 і па сярэдзіну лютага 1989 гадоў выконвалі інтэрнацыянальны абавязак савецкія войскі ў Афганістане. Генадзь Каляга з тых, каму выпала быць сведкам і непасрэдным удзельнікам памятнага вываду нашых войскаў з той далёкай краіны. Гэта пра іх – да болю кранальныя словы з песні:
Прощайте, горы, вам видней,
Какую цену здесь платили,
Врага какого не добили,
Каких оставили друзей…
Пакінуўшы чужую горную краіну, салдаты вярнуліся на радзіму, і гэты пераход ад вайны да мірнага жыцця падаўся напачатку зусім нязвыклым, ледзь не казачным. Бо вельмі свежым і балючым было перажытае…
Некалькі месяцаў, якія заставаліся да вяртання дамоў, Генадзь даслужваў у Віцебску, і сюды, не дачакаўшыся сынавай дэмабілізацыі, як на крылах прыляцела мама. Не магла яна дачакацца вясны, хацела на ўласныя вочы ўбачыць сына жывым і здаровым. Тая сустрэча і сёння хвалюе Генадзя Іванавіча…
Дадому хлопец вярнуўся ў маі і адразу пачаў задумвацца пра будучае. Былі прапановы працаўладкавацца ў горадзе, аднак не вельмі хацелася пакідаць родныя мясціны. Неўзабаве Аляксандр Маліноўскі, які працаваў на той час у мясцовай гаспадарцы, прапанаваў Генадзю ісці вадзіцелем, і хлопец згадзіўся. Так з 1989 і па сёння працуе ён у роднай гаспадарцы. Праз некалькі гадоў тут ён стварыў сям’ю, выбраўшы спадарожніцай жыцця дзяўчыну з роднай Сасноўшчыны. Педагог па адукацыі, Аксана Анатольеўна працуе зараз выхавальнікам у дзіцячым садку. Траіх дастойных дзяцей выгадавалі, вывучылі і адправілі ў самастойнае жыццё Генадзь Іванавіч і Аксана Анатольеўна. Дочкі Вікторыя і Таццяна, сын Антон атрымалі вышэйшую адукацыю, сёння працуюць кожны ў сваёй сферы. Не так даўно ў Калягаў з’явіўся і зяць, якога яны лічаць яшчэ адным сынам.
– Вось так і жывём, – нібыта падводзячы рысу пад сваімі ўспамінамі, завяршыў Генадзь Іванавіч. – Ніколькі не шкадуем, што засталіся жыць на вёсцы. Гаспадарка калісьці нам выдзеліла дом ў Даўгінаве, які мы дабудавалі і дзе абжыліся. Тут усё знаёмае і блізкае: і мясціны, і людзі, і праца. Яе, працы, на вёсцы хапае. Я на сваім МАЗе цяпер заняты на падвозцы кармоў на кожную ферму, вясной і ўлетку – нарыхтоўкай кармоў, адвозкай на ўборачнай. Ды і дома хапае спраў, бо вяскоўцы без іх не сядзяць.
У штодзённых клопатах суровыя армейскія будні, прызнаецца Генадзь Іванавіч, успамінаюцца нячаста. Яно і зразумела, часу прайшло нямала ды і мірнае жыццё, дзякуй Богу, стала найлепшым лекарам ад перажытага. Дружная сям’я, любімая праца, звыклыя клопаты вяскоўца – вось тое, што сёння на першым плане. Але прыходзяць памятныя для кожнага мужчыны даты – 15 і 23 лютага – і наплываюць успаміны пра далёкую гарачую краіну, армейскіх сяброў, БТР, які вывозіў жывым-здаровым з самых няпростых сітуацый. Штогод Генадзь Іванавіч прыязджае на ўрачыстасць да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Вілейку, каб сустрэцца з сябрамі, якім, як і яму, пашчасціла вярнуцца дамоў жывымі, і каб ушанаваць памяць тых, хто назаўсёды застаўся маладым…
Калі мы развітваліся, Генадзь Каляга папрасіў: «Не рабіце з мяне героя, я, як і ўсе, проста выконваў свой воінскі абавязак…» Згодна, так яно і было. І ўсё ж… Адзін з былых воінаў-інтэрнацыяналістаў, надзвычайна сціплы чалавек, характарызуючы Калягу, назваў яго ёмкім словазлучэннем «правільны хлопец». Дакладней, бадай, і не скажаш, чалавек ён і сапраўды правільны ва ўсім – і ў службе, і ў працы, і ў сямейным жыцці.
Ірына БУДЗЬКО