Несупынныя гады робяць сваю справу, набліжаючы кожнага чалавека – каго раней, а каго пазней – да гэтага паважанага статуса – пажылы. І, думаецца, будзе вельмі важна тады адчуваць, што цябе памятаюць, шануюць, клапоцяцца…
У надзвычайна важным і цёплым мерапрыемстве выпала мне паўдзельнічаць сёлета ў гэтае цудоўнае свята. Разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталіяй Радзевіч, старшынёй раённага аддзялення Чырвонага Крыжа Святланай Лях і педагогам з амаль пяцідзясяцігадовым стажам, а сёння актыўным пенсіянерам, валанцёрам Антанінай Гарчаковай мы наведаліся ў дзве ўстановы – Куранецкі дом-інтэрнат для пажылых і інвалідаў і ў Іжскую бальніцу сястрынскага догляду, дзе жывуць адмераны Усявышнім адрэзак часу старэнькія і нямоглыя людзі. Такія візіты цяпер для іх ужо з’ява звыклая, таму прыезду нашаму насельнікі гэтых устаноў былі вельмі рады. Цёплыя віншаванні, пажаданні ўсяго найлепшага, падарункі ад раённага Савета дэпутатаў і Чырвонага Крыжа (Святлана Лях расказала, што сродкі на гэта збіраліся падчас некаторых гарадскіх мерапрыемстваў, у прыватнасці, на нядаўна прайшоўшым святкаванні стагоддзя Вілейскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа), музычныя падарункі ад культработнікаў Куранецкага і Іжскага Дамоў культуры. Колькі радасці і цеплыні бачылася ў вачах людзей, якія па волі лёсу на старасці знайшлі прытулак у гэтых установах! А яшчэ – падзякі за тое, што дзяржава не пакінула іх у адзіноце, што яны абагрэтыя і накормленыя, ім ёсць на каго абаперціся. І хоць многія з іх не маюць сваіх дзяцей, але тут, ва ўстанове, што стала ім родным домам, такімі блізкімі і самымі-самымі ім сталі чужыя людзі.
Не буду расказваць , наколькі цёплая атмасфера панавала на сустрэчах – гэта трэба было бачыць. Што датычыць асабіста мяне, то ў Куранецкім інтэрнаце я сустрэла знаёмых мне людзей. Калісьці яны не вельмі рваліся, што называецца, у казённы дом. Цяпер, пажыўшы тут, не могуць нарадавацца, што сюды трапілі. А гэта, думаецца, самае галоўнае.
Кажуць, што ў грамадстве не павінна быць чужых дзяцей. Поўнасцю згодна, толькі дадам: і чужых старых – таксама. Усе яны – нашы,шчырай працай, сваім мінулым заслужылі нашай увагі і павагі.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара
У Дзень пажылых мы наведаліся ў дзве ўстановы
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов




