Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Сусветная, ды не чужая

Напярэдадні даты пачатку Першай сусветнай вайны ля ўваходнай брамы-капліцы ў гонар воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі падчас яе, на могілках па вуліцы 1 Мая з’явіліся свежыя кветкі. Іх усклалі нераўнадушныя людзі, якія дакладна ведаюць, што памяць – катэгорыя вечная.

Неабыякавасць – тая рухаючая сіла, дзякуючы якой у 2015 годзе і з’явіўся гэты сімвалічны рукатворны помнік. Напамін пакаленням сённяшнім пра падзеі, якія адбываліся ў свеце больш за стагоддзе таму і забралі мноства чалавечых жыццяў. З 1 жніўня 1914 па 11 лістапада 1918 – чатыры гады і тры месяцы – столькі доўжылася Першая сусветная, у якую было ўцягнута больш за трыццаць краін, і ў якой больш за 10 мільёнаў чалавек загінула… У 1915 годзе на Вілейшчыне разгарнуліся буйныя баявыя дзеянні, а сам горад некалькі дзён быў акупаваны. Падчас баёў за горад загінула шмат салдат і афіцэраў, якія вечны спакой салдаты знайшлі далёка ад радзімы. У Вілейцы на гарадскіх могілках і былі яны пахаваны – так з’явіліся Вілейскія брацкія могілкі, над якімі з цягам часу з’явіліся новыя пахаванні. Сродкам увекавечання памяці салдат Першай сусветнай стала будаўніцтва капліцы-помніка.
Ды няма “чужой” вайны і “чужых” салдат – упэўнены адзін з заснавальнікаў дабрачыннага культурна-гістарычнага фонда памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” Барыс Цітовіч. І гэтую думку ён зноў агучыў падчас ускладання кветак да брамы-капліцы. У памяць пра кожнага, чыё жыццё абарвалася падчас бою за Вілейку ў верасні 1915-га, трапяткімі агеньчыкамі загарэліся лампадкі.


Імёны салдат і мірных жыхароў, удзельнікаў вайны, на гранітных плітах – адбітак не толькі на камені, але і ў памяці людзей. І, нягледзячы на тое, што дынамічная рэчаіснасць дыктуе нам свае ўмовы і свой тэмп, памяць пра мінулае павінна захоўвацца пакаленнямі. Сведчанне гэтаму – учынкі неабыякавых людзей.

 


1 жніўня, у 106-ю гадавіну пачатку Першай сусветнай вайны, на брацкіх ваенных могілках ў Мінску адбылося мерапрыемства, удзел у якім прымаў пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў. Даніну памяці воінам, якія не вярнуліся з той вайны, аддалі таксама старшыня праўлення дабрачыннага культурна-гістарычнага фонда памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” Андрэй Аралін і прадстаўнікі ваенна-гістарычных клубаў. Пасля яны здзейснілі пешы і конны паход да вёскі Старынкі на Вілейшчыне, дзе усталявалі крыж на магіле Ягора Епіфанцава. Доўгі час месца пахавання “невядомага солдата” даглядалі мясцовыя жыхары, і толькі нядаўна стала вядомай яго гісторыя і імя пахаванага ўдзельніка Першай сусветнай. Больш за стагоддзе не зарастала сцежка да гэтай магілкі ў лесе, не зарасце і зараз.

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 52 queries