Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Совет долголетия от 97-летней Марфы Осиповны Близнюк

Парада ад 97-гадовай Марфы Восіпаўны Блізнюк з Тарасавіч:
каб пражыць доўга,трэба мець светлую душу, чыстае сумленне
і добрае сэрца.

Чай з ліпы, мяты, чабару. З харчавання – прадукты ўласнай вытворчасці. Ніколі не баялася працы. Жыве з адкрытым сэрцам, любіць людзей і шмат часу знахо­дзіць для малітвы. У вёсцы Тарасавічы на Вілейшчыне жыве 97-гадовая Марфа Восіпаўна. Завіталі да яе і даведаліся, у чым сакрэт даўгалецця і як захаваць маладосць.

Марфа нарадзілася ў 1925 го­дзе, у час вайны ёй было шаснаццаць гадоў. Яна і зараз памятае кожны страшны дзень таго часу. Успамінае моманты вайны – і плача. Немцы, партызаны, кулі над галавой. Але Марфе наканавана было жыць. У сям’і было чацвёра сясцёр, наша гераіня перажыла ўсіх, хаця і не самая малодшая. Шмат было кавалераў і сваты прыходзілі, але замуж яна так і не выйшла. Усё сваё жыццё прысвяціла клопату пра родных і блізкіх. Дзяцінства і юнацтва правяла ў роднай вёсцы, працавала ў мясцовым калгасе. У 1963 годзе пасля смерці бацькі пераехала ў Оршу да сярэдняй сястры. Там адпрацавала дваццаць гадоў на заводзе. Яе асаблівай рысай зяўляецца тое, што яна вельмі спакойны чалавек. Нішто не можа яе пахіснуць. Імкнецца ва ўсім бачыць толькі добрае.

– Праца на заводзе была цяжэйшая, чым у калгасе, – узгадвае бабуля. – Працаваць прыходзілася ў тры змены. Але мы тады былі маладыя, не думалі пра сябе. Хадзіць на танцы не было часу. У выхадныя заўжды ішла ў царкву, малілася аб здароўі родных. Цяжкія былі часы, баялася дазволіць сабе іншы раз цукерку. Якое было харчаванне? Еш так, каб заставацца галодным. Паляўнічы заўсёды злёгку галодны, – працягвае яна.– Менш думайце аб тым, што вам нехта нешта павінен. Ты жывы – ужо добра, — падкрэслівае Марфа Восіпаўна. – Гэта ў мяне з часоў вайны. Мы заўсёды адчувалі ўдзяч­насць за кожны пражыты дзень. Майце зносіны, ідзіце на сустрэчу, будзьце прасцей, з дабром стаўцеся да лю­дзей, не збірайце злосць, не зай­здросціце, ідзіце сваім шляхам.

Адпрацаваўшы на заводзе да пенсіі, яна вярнулася ў родную вёску. На сваёй зямлі займалася гаспадаркай, шмат працавала ў полі. Яе захапленне на працягу жыцця – царкоўны хор, дзе яна спявае. Сэрца і душа заўсёды чыстыя і адкрытыя для зносін. Вельмі любіць і чакае, калі да яе прыязджаюць унукі і дзеці. Заўсёды сустракае ўсіх з накрытым сталом. На жаль, ужо не засталося ў сяле яе ніводнай сяброўкі. Са слоў Марфы Восіпаўны, у яе сям’і па лініі маці ўсе дажывалі да 100 год. Маці яе пражыла 99 гадоў. Марфа расказвае, што за ўсё сваё жыццё ніколі не прымала моцныя лекі. Асабліва і не хварэла, не ляжала ў бальніцы. Шмат працавала, не дазваляла сабе ленавацца. Усё жыццё п’е толькі травяныя чаі, якія збірае сама ўлетку, на Івана-Купала асвячае зёлкі ў царкве.
– За апошні год вельмі палюбіла каву, – усміхаецца бабуля. – Вось вып’ю кубачак і зноў адчуваю сябе бадзёра.

– Я стараюся трымацца далей ад непрыемных людзей, мясцін і рэчаў. Я заўсёды выглядаю задаволенай і ўдзячна свету за тое, што маю, напэўна, гэта і есць мой сакрэт, – працягвая Марфа Восіпаўна.

Парада ад бабулі Марфы:
Каб пражыць доўга, трэба мець светлую душу, чыстае сумленне і добрае сэрца. Як жа ты зможаш жыць, калі сумленне грызе кожны дзень, ці сэрца з душою кідаецца? Трэба жыць, каб несці людзям цеплыню і радасць.

… У апавяданні І. А. Ганчарова «Абломаў» апісана вёска, у якой жывуць доўгажыхары, усе яны цураюцца скандалаў, перажыванняў, жывуць мерна і спакойна і паміраюць без пакут. Так, можа, і на самой справе – трэба прыслухацца да парады бабы Марфы …

Юлія ЖУК/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 70 queries