Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Памяць захоўвае жудасныя часы акупацыі

Жыхару Куранца Іосіфу Іосіфавічу Трубачу 91 год. У 14 гадоў ён перажыў фашысцкую акупацыю. Пра тое, што адбылося з жыхарамі роднай вёскі падчас вайны, пра зверствы фашыстаў і пра тое, як яму ўдалося выжыць з сям’ёй, а пасля і стварыць уласную, ён распавёў карэспандэнту «ШП».

– Немцы раптам заехалі ў вёску на машынах, – успамінае Іосіф Іосіфавіч. – Мы, дзеці, глядзелі, як, ваенныя, закасаўшы рукавы, не спыняючыся, ехалі на конях, танках. Праз некалькі дзён увайшла ў вёску і астатняя частка варожых салдат. Сярод іх былі літоўцы, палякі, украінцы ў нямецкай форме, якія “парадак” наводзілі горш за немцаў.

Неўзабаве акупанты ў вёску перавезлі лесазавод з Віцебшчыны, тэхніку, людзей. Гатовую прадукцыю яны адпраўлялі ў Германію праз Вілейскую чыгуначную станцыю. Асноўнай часткай насельніцтва на той час у вёсцы, колькасцю каля трох тысяч чалавек, былі яўрэі, якіх выкарыстоўвалі ў будаўніцтве завода. Сярод іх былі жанчыны, старыя, а маладых, працаздольных вывозілі ў Германію на работы.

– У кожнага яўрэя на плячах, грудзях была прышыта жоўтая зорка. Іх называлі «юды». У каго яе не было, нягледзячы на ўзрост, расст­рэльвалі. Немцы ўмелі дакладна вызначаць яўрэяў, для гэтага ў іх былі спецыяльна навучаныя людзі, – распавядае Іосіф Іосіфавіч.

Калі запланаваны аб’ём работ на заводзе яўрэйскім насельніцтвам быў выкананы, іх адправілі ва ўласныя дамы. Прыехала аблава, старэйшаму яўрэю давялі да ведама: хто прынясе золата, таго не расстраляюць, вывезуць на працу ў Германію. Тыя, у каго не было каштоўнасцяў, былі забітыя ва ўласных дамах. У той час горка з залатых манет і вырабаў на стале ля сквера працягвала расці, фашысты праводзілі пагарджаным і насмешлівым поглядам даверлівых і напалоханых людзей. Іх надзеі не былі апраўданыя, мясцовыя бачылі, як старых, жанчын, дзяцей прывезлі ў хлеў, расстралялі і спалілі. Пазней сюды яшчэ прывозілі забітых і спальвалі. Таксама знаходзілі расстраляных у лесе. Іосіф Трубач, сведка тых бязлітасных дзеянняў, пасля вайны паказаў месца выжыўшым яўрэям, дзе былі закапаныя іх блізкія, тыя, у сваю чаргу, перапахавалі астанкі і ўсталявалі помнік у вёсцы.

У гэтай жудаснай гісторыі ўсё ж такі ёсць выжыўшыя – гэта тыя, хто паспеў пайсці ў партызаны. Вядома гісторыя трох юных яўрэек, якія працавалі ў сталярнай майстэрні. Іх у цёмны час мясцовыя вывелі ў лес, так яны засталіся жывыя.

Падчас акупацыі

У вёсцы ўвесь час дзейнічала камендатура. Куранец немагчыма было пакінуць, па перыметры стаялі бункеры з аховай, пражэктары. Усе жыхары знаходзіліся на ўліку і павінны былі прытрымлівацца жорсткай дысцыпліны. Для парадку на кожнай вуліцы быў абраны старэйшы. Вытворчасці ніякай не было. Яўрэйскія крамы былі зачыненыя, выжыць можна было толькі за кошт уласнай гаспадаркі. Акупанты стварылі зямельны аддзел – бралі падатак з жыхароў. Да прыкладу, толькі за карову трэба было аддаць кілаграм алею або 21 літр малака.

– За могілкамі чыгуначны мост ахоўвала чалавек дзесяць, у асноўным у перадпенсійным узросце. Яны прыходзілі да мясцовых за прадуктамі, у цэлым паводзілі сябе спакойна. А вось паліцаі маглі сабе дазволіць любыя зверствы, – успамінае Іосіф Іосіфавіч.
Сям’і Іосіфа Трубача ў тыя цяжкія гады ўдалося захаваць гаспадарку, саджалі бульбу, жыта, яго малолі на вадзяным млыне ў яўрэя, якога таксама расстралялі. Асноўная цяжкая праца легла на яго плечы, самому даводзілася апрацоўваць зямлю, з 14 гадоў стаяў за плугам.
Расправіўшыся з усімі яўрэямі, акупанты арганізавалі школу. Заняткі право­дзілі пажылыя выкладчыкі ў свабодных яўрэйскіх дамах.

Куранец з’яўляўся пераселеным пунктам у час вайны, сюды калонамі гналі палонных. Многія паміралі ад голаду, а тых, хто знаходзіўся блізка ад калючага дроту, расстрэльвалі. У памяць пра іх у мірныя гады быў усталяваны помнік.

Пры адступленні немцы з’ехалі раней, а паліцаі падпалілі вёску, у выніку чаго ўвесь цэнтр выгарэў. Услед за імі і сышлі мясцовыя калабарацыяністы – здраднікі ра­дзімы, якія служылі ворагу.

Пасля вайны

Іосіф Трубач, скончыўшы курсы кінамеханіка, працаваў электрыкам у Вілейцы. З 1949-га пяць гадоў мараком служыў у гвардыі Балтыйскага флоту, а вярнуўшыся, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Нінай. Усё жыццё Ніна Іванаўна адпрацавала ў мясцовай бальніцы. Сюды ж на пасаду намесніка галоўнага ўрача па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы перайшоў працаваць і Іосіф Іосіфавіч. Выйшаўшы на пенсію, 12 гадоў яшчэ працаваў электрыкам на мясцовай электрасушылцы. З часам змаглі набыць уласны дом, у якім жывуць ужо сёмы дзясятак гадоў. У іх нарадзіліся дачка і сын. Сёння яны жывуць шчасліва, а іх унукі і праўнукі ведаюць пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у перыяд акупацыі Куранца. Іх чарга завяшчаць сваім нашчадкам не забываць аб нацысцкіх злачынствах, якія адбыліся не толькі тут, на іх малой радзіме, але і ў свеце.

Вікторыя АПЯЦЁНАК/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 63 queries