На дварэ – кастрычнік – багаты на прыгожыя святы: Дзень настаўніка, Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Дзень Маці. Нашы зямныя матулі ўсё жыццё клапоцяцца пра сваіх дзетак. Нічым не вымераць мацярынскую працу, нельга знайсці словы, каб расказаць пра бязмежную любоў, бяссонныя ночы матуляў. І колькі б цёплападзячных слоў ім ні гаварылі, усё роўна не зможам аддзячыць самаму галоўнаму чалавеку ў жыцці кожнага з нас – Маці.

Сваё прафесійнае свята і Дзень Маці ў кастрычніку бягучага года магла б адзначаць Людміла Сяргееўна Карыба. Але ж гэтага не здарылася. Страшная вестка, як гром з яснага неба, абляцела ўсе Лыцавічы: 12 верасня яна пайшла з зямнога жыцця. Памяць пра Людмілу Сяргееўну будзе яшчэ доўга жыць у сэрцах тых, хто яе ведаў, з ёй працаваў і сябраваў.
Жыццё не песціла Людмілу Сяргееўну. Больш выхоўвала. Выпрабоўвала на мужнасць, вынослівасць, мудрасць, бязмежную дабрыню. Нарадзілася і вырасла яна ў вёсцы Навікі, разам з сястрой Ленай ва ўсіх справах былі першымі памочнікамі бацькам. Адразу працавала ў Іжы, пасля яе жыццёвы шлях прывёў у Лыцавічы, дзе прайшло ўсё яе жыццё, нарадзіліся дзеці – сын Пеця, дачка Алёна.
Маё першае знаёмства з Людмілай Сяргееўнай адбылося ў 80-я гады, калі я прыйшла працаваць у Чурлёнскую васьмігадовую школу. Гэта была прыгожая жанчына. Яе погляд вабіў, лёгкая, ледзь улоўная, летуценная ўсмешка клікала за сабой, яна мела прыгожы меладычны голас. Перад табой быў чалавек цікавы і вясёлы, душэўны і надзейны.
Асоба Людмілы Сяргееўны, без перабольшання, вядомая не толькі на Іжаншчыне, але і ў нашым раёне. Усё жыццё адпрацавала ў школе настаўніцай, а выкладаць гісторыю, відаць, было ёй наканавана лёсам. Прага да новага і складанага рабіла Людмілу Сяргееўну Карыба, настаўніцу гісторыі, актыўнай і мабільнай ва ўсіх сферах яе дзейнасці.
Нястомны і таленавіты настаўнік, няўрымслівы творца, у яе галаве былі заўсёды веліч ідэй, якія разам са сваімі вучнямі рэалізавала як на ўроках, так і на факультатыўных занятках, класных мерапрыемствах.
Фантазія і жаданне спасцігаць новае прыводзіла настаўніцу і яе выхаванцаў да самых нечаканых творчых знаходак, для іх яна была лепшы сябар і старэйшы таварыш. Канечне, былі ў яе практыцы выпадкі, якія на ўсё жыццё навучылі настаўніцу быць цярплівай да тых, каго называлі сваевольнікамі, не хавацца ад праблем, а смела глядзець ім у вочы. Многія выпускнікі настаўніцы ўжо самі ў сталым узросце маюць свае сем’і і ўласных дзяцей, вельмі ўдзячны свайму класнаму кіраўніку і глыбока смуткуюць з нагоды таго, што так здарылася.
Людміла Сяргееўна, бясконца таленавітая ад прыроды, заваёўвала сімпатыі ўменнем дамовіцца з калегамі, з вучнямі і іх бацькамі. Яе вылучала багатая ўнутраная культура, абаянне і высокія маральныя якасці. З густам, заўсёды прыгожа апранутая, яна была прыкладам інтэлігентнага чалавека як для маладых настаўнікаў, так і для ўсяго калектыву.

Далікатная з выгляду, але моцная духам і характарам, у якім цесна перапляліся беларуская гасціннасць, прыстойнасць і надзейнасць, жыццёвая мудрасць і чуласць.
Мы любім збірацца на свята за агульным сталом, ласавацца простымі, але надзвычай смачнымі стравамі, гутарыць пра жыццё. Успамінаюцца сціплыя яе выказванні: «Наша прафесія асаблівая, бо яна дарыць пачуццё маладосці. Вучні ўвесь час зараджаюць цябе энергіяй і бадзёрасцю».
Педагог і выхавальнік, цудоўная жанчына, яна галоўнай роляй у сваім жыцці лічыла ролю маці. І выканала яе «на выдатна». Дачка Алёна працягвае педагагічную дынастыю, працуе ў Даўгінаўскай сярэдняй школе, хутка закончыць вучыцца і ўнучка Ліза.
Да апошняга дня жыцця Людміла Сяргееўна жыва цікавілася навінамі ў раёне, дзялілася з сучаснымі калегамі багатым вопытам. Для мяне яна была мудрай сяброўкай. Мне здавалася, што свет, у якім жыла Людміла Сяргееўна, надзейны, моцны, а атрымалася, што не…
Калі і сапраўды існуе жыццё на тым свеце і душа яе побач з намі лунае, хачу сказаць: «Я буду беражліва захоўваць вашы фотаздымкі і ўспамінаць жыццёвыя гісторыі. Дзякуй, Людміла Сяргееўна, за сяброўства, шчырасць, падтрымку, за тое, што доўгі час была побач».
Любоў МЯГКОВА, в. Лыцавічы







