Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мне хацелі памяняць дамафон… Як вiляйчанка с махлярамі размаўляла

Ну і што тут дзіўнага, падумае нехта. І сапраўды, нічога, справа жыцейская. Ды ёсць два нюансы: таго дамафона ў нас ніколі і не было, а «майстры», што абяцалі яго памяняць, аж з Яраслаўскай вобласці.

Званок на мабільны, які мне паступіў на днях, адразу падаўся падазроным – на экране высвечвалася назва расійскай «фірмы». Малады чалавек на другім канцы провада жвава, як па-пісанаму (а дакладней, завучана, бо за дзень трэба абзваніць вунь колькі «кліентаў»), зарапартаваў: «У вас будут менять домофоны, поэтому вам нужно…» Не ведаю, што мне патрабавалася зрабіць, бо я перабіла «майстра»: «Дзе ў нас?».

«По адресу вашего фактического проживания», – тут жа пратарабаніў чалавек на тым канцы провада.

«Назавіце канкрэтны адрас, у мяне іх два», – удакладніла я. Голас суразмоўцы стаў настойліва-незадаволеным: «Я же сказал: по месту фактического проживания!».

«Назавіце канкрэтна!» – патрабавала я.

Карацей, не дамовіліся. Так і засталася я без дамафона, а нумар той «клапатлівай» службы выдаліла, каб болей не дакучаў.

Падобныя званкі з самых розных «службаў» паступаюць, відаць, усім нам. Звоняць «міліцыянеры», «банкіры», «паштавікі», «камунальнікі»… Ва ўсіх іх адна мэта – дапамагчы нам …аддаць ім свае грошы. І даволі часта махлярам гэта, на вялікі жаль, удаецца.

Па статыстыцы, за мінулы год агульны ўрон беларусаў ад дзеянняў злачынцаў з інтэрнэта склаў каля 54 мільёнаў рублёў. І гэта не канчатковая лічба, бо атакі сеткавых махляроў на сумленных людзей працягваюцца. Давайце будзем пільнымі!

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 233 queries