Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Маленькая Анютка» з партызанскай брыгады: лёс настаўніцы з Вілейкі

Вучоныя даказалі, што асобныя ўспаміны з дзяцінства пачынаюцца прыкладна з трох гадоў, а больш разгорнутыя – з шасці або сямі. У маіх дзіцячых успамінах ёсць месца аднаму вельмі незвычайнаму чалавеку – Андрэевай Ганне Сямёнаўне. Так, так, я вельмі ярка памятаю, як мы, малыя яшчэ зусім, з цікавасцю слухалі аповеды Ганны Сямёнаўны пра тыя жудасныя гады. Канешне, амаль нічога не разумелі тады, акрамя аднаго: было вельмі страшна, таму трэба берагчы мір! Таксама прыгадваю, як у калоне ветэранаў яна ішла першай, а на грудзях віднелася шмат медалёў.

З таго часу прайшло шмат гадоў, я стала дарослай, але тыя дзіцячыя ўспаміны і зараз са мной, асабліва напярэдадні 9 Мая. Памяць павінна жыць! Сёння я хачу паведаміць пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ветэрана педагагічнай працы, якая працавала настаўніцай гісторыі ў трэцяй гарадской школе і ў якой вучуся я зараз у 11 класе. У 2007 годзе яе не стала, але ў памяці нашчадкаў яна будзе жыць вечна! Я збірала шмат інфармацыі ў краязнаўчым музеі, размаўляла з унукамі Ганны Сямёнаўны, таму хочацца падзяліцца сваімі знаходкамі.

Андрэева Ганна Сямёнаўна нарадзілася ў вёсцы Лужова Сяльцо на Ушаччыне. Пасля заканчэння Лепельскага педагагічнага вучылішча была накіравана на Вілейшчыну настаўнічаць. Шмат надзей, мараў… І раптам – вайна! Усе планы на шчаслівую будучыню разбураны ў адзін момант.

Падчас вайны яна спачатку прымала ўдзел у партызанскім руху ва Ушацкім падполлі. Гэта быў партызанскі атрад імя Чапаева. Затым Ганна Андрэева скончыла школу падрыўнікоў, а ў 1942 годзе – школу разведчыкаў. Тады ж была яна накіравана ў глыбокі нямецкі тыл на Вілейшчыну, дзе прымала ўдзел у правядзенні ўсіх баявых аперацый. У партызанскай брыгадзе імя Даватара была разведчыцай, прымала ўдзел у «рэйсавай вайне». 2 жніўня 1943 года яе моцна кантузіла, а на яе вачах загінулі двое сяброў-разведчыкаў.

Сваім вучням на ўроках гісторыі Ганна Андрэеўна паведамляла пра свайго баявога каня Орліка. Ён быў белага колеру і прыбягаў да сваёй гаспадыні па адным свістку. Калі іх атрад рыхтаваўся да начнога баявога задання, камандзір забараніў бабулі браць з сабой Орліка, паколькі конь белы і мог іх выдаць ноччу. Ганна Сямёнаўна не магла пакінуць свайго вернага сябра і пайшла на хітрасць. Яна вымазала Орліка граззю. Але, на яе жаль, хутка ўсё адкрылася, бо гразь стала абсыпацца.

– Як мне было сорамна за свой неабдуманы ўчынак, – паведамляла сваім вучням Ганна Сямёнаўна. – На наступны дзень мяне вызвалі да камандзіра і зрабілі вымову. Праўда, доўга на мяне не крыўдзіліся, бо для ўсіх у брыгадзе я была маленькай Анюткай. Але гэты ўчынак самой мне дапамог зразумець, наколькі важна спачатку ўсё абдумаць, а толькі затым дзейнічаць.

Пасля вайны Андрэева Ганна Сямёнаўна працавала настаўніцай гісторыі і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў маёй школе. Яна заслужаны работнік культуры, «Выдатнік народнай адукацыі», узнагароджана двума ордэнамі Айчыннай вайны Першай ступені, медалём «За адвагу», медалём імя Жукава і яшчэ іншымі шаснаццаццю медалямі.

Прайшло больш за восем дзясяткаў гадоў з таго часу, калі была здабыта Вялікая Перамога. Памяць пра вайну застаецца. Застаецца ў сэрцы, у думках, непакоіць душу горкімі ўспамінамі пра загінуўшых. Вайна – вялікая прылада разбурэння і трагедыі. Вайна змятае з твару зямлі народы і кантыненты, шакалам падкрадаецца ўначы, каб знянацку нанесці смяротную рану. Яна – жалеза, агонь, стыхія. Спадарожнікі яе – гарката і слава. Непазбежным бедствам урываецца яна, зацягваючы ў крывавы вір людзей, і скача на абломках лёсаў. Жах яе – вар’яцтва і бяссэнсавасць, лютасць, дэградацыя чалавека, пастаўленага перад неабходнасцю забіваць сабе падобнага. Па волі кучкі тыранаў, якія нецярпімы да іншых народаў, ахвярамі становяцца цэлыя нацыі.

Вайна фарміруе іншы ўнутраны свет чалавека, ламае многія ранейшыя каштоўнасці. Вайна адмаўляе ўсё: і мацярынства, і спачуванне да слабых, і гуманізм наогул. Чалавек ператвараецца ў «нізкалобага кулямётчыка», які знішчае людзей бяздумна і тупа. Колькі асірацелых дзяцей, разбураных сем’яў, колькі жанчын не змаглі выйсці замуж, не стварылі сваю сям’ю! Больш як дваццаць сем мільёнаў загінуўшых – такі вынік Другой Сусветнай вайны. Хтосьці аддаў жыццё на полі бою, хтосьці па-зверску закатаваны ў гестапа і лагерах, хтосьці спалены ў вогнішчы.

Няма ўжо на свеце гэтага цікавага чалавека… Толькі з фотаздымкаў у школьным музеі (я там з’яўляюся экскурсаводам) глядзіць на нас яе твар з усмешкай на вуснах. Яна любіла жыццё, любіла гэту зямлю. Памяць святая, яна працягваецца ў нашчадках. Засталіся ўнукі, праўнукі. Мы памятаем пра іх, пра ўсіх тых, хто ваяваў, загінуў за нас. Яны верылі, што мы будзем жыць у мірны час, будзем шчаслівымі, будзем вучыцца, працаваць, каб квітнела наша Беларусь.

Я веру, што на зямлі засталося яшчэ нямала добрага, светлага і чыстага. Веру, што засталіся людзі, якія гатовы дапамагчы іншым не з карысці, а проста з чалавекалюбства. Мы павінны берагчы і шанаваць здабыты імі, нашымі продкамі, мір!

P. S. Пакуль я больш даведалася пра Андрэеву Ганну Сямёнаўну, а ў планах – пазнаёміцца з біяграфіяй яе мужа, Андрэева Сяргея Нікандравіча, якога называлі «вілейскі Мярэсьеў». Ногі яго былі ампутаваны пасля раненняў, але, нягледзячы ні на што, ён працягваў працаваць. Памяць павінна жыць!

Паліна ЯРАШЭВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 197 queries